Вы тут

Кастрычніцкі калейдаскоп


Паэзія. «Дарога ў цішыню» — такую назву мае нізка вершаў Аляксея Арцёмава, прадстаўленая ў «Маладосці» да конкурсу « П е р ш а ц в е т » . Зрэшты, паэтычная творчасць паводле сваёй спецыфікі і ёсць дарогай у цішыню: сыход у свет уяўны ад свету рэальнага — да самоты. Аднак у вершах А. Арцёмава цішыню паэтычную, увасобленую ў слова, напраўду можна адчуць амаль фізічна. Нават на ўзроўні гукавога афармлення радкоў:


Ні святла наўкол, ні агню,

Толькі блякне над полем ветах.

Уплятаецца ў цішыню

Лёгкі водар далёкіх кветак.

У якасці маніфеста паэт мог абраць уласныя радкі «Я не гукам — маўчанню веру». Лірычнага героя мы бачым у зацішным полі, ля закінутага дома, у садзе, сам-насам у кватэры, ля ракі — там, дзе «толькі час, туман і адзінота». Ніводнага арыгінальнага паэтычнага пейзажа ўжо, мабыць, стварыць, немагчыма. Пагатоў, калі гэта наша адвечнае — поле, рэчка, луг. Аднак у А. Арцёмава нават і не пейзаж навакольны, а пейзаж чалавечай самоты так дакладна пакладзены на словы прыродаапісальнай лірыкі, што чытач не адразу бачыць розніцу. Толькі ў адным вершы, у якім з’яўляецца каханая, паэт выходзіць за межы адзіноты як з зоны камфорту, дзе заўсёды больш надзейна і ўтульна. Прыцішанае суладдзе — бадай, тыя словы, якімі можна ахарактарызаваць агульны настрой вершаванай нізкі. Добрая мова, добрыя рыфмы, адсутнасць злоўжывання гульні ў неспалучальнае спалучэнне вершаваных памераў — тое, што робіць чытанне вершаў А. Арцёмава далучэннем да высокага свету паэзіі.

«Гарачыя кветкі кастроў» Настассі Нарэйкі паводле энергетычнага запалу сапраўды настолькі гарачыя і пераканаўчыя, што гучаннем нагадваюць замовы.

Проза.

Увага! Аповесць Зараславы Камінскай «Сэканд» можа быць небяспечнай для прыхільнікаў шматлікіх беларускіх крамак сэканд-хэндаў. Гісторыя галоўнай гераіні Алі, якая так шаблонна пачынаецца (пасварылася з маці, сышла з дому, займела незвычайную сяброўку) мае неверагодна містычны працяг… Твор З. Камінскай цікавы найперш тым, як у такой прыземленай тэме (пошук таннага адзення ва ўмовах безграшоўя) знайшоўся выхад да глабальных экзістэнцыяльных і спецыфічна нацыянальных праблем. Героі аповесці незадаволеныя сваім жыццём, мараць памяняцца месцамі з кім-небудзь больш удачлівым і ў той жа час абсалютна не гатовыя да кардынальных зменаў у ладзе жыцця і стасунках з блізкімі. Папросту кажучы, нешчаслівыя людзі, якім насамрэч вельмі ўтульна са сваім няшчасцейкам. Паводле сюжэта, крамкі, дзе гандлююць сэканд-хэндам, — своеасаблівыя пункты ментальнай дапамогі беларусам: нацягнуўшы на сябе куртку з чужога англійскага альбо бельгійскага пляча, наш суайчыннік атрымлівае часцінку светапогляду сярэдняга еўрапейца, змяняе паводзіны, становіцца больш актыўным і пазітыўным, што ўрэшце выводзіць жыццё на светлы шлях.

Традыцыйны маральны пасыл: добра там, дзе нас няма, і праблемы не вырашацца ад змены месца жыхарства, бо комплексы, фобіі і расчараванні пойдуць за табой следам у любую краіну. Свята, якое заўжды з табой, — гэта не горад, гэта ты сам. Нетрадыцыйна жорстка аўтарка распраўляецца з некаторымі героямі, якіх нельга назваць адмоўнымі, толькі хіба нешчаслівымі. Цікава, незвычайна, з добра прадуманым сюжэтам. Чытачы «Маладосці» з асцярогай будуць цяпер пазіраць на прадавачак у крамах з падназвамі «Адзенне з Еўропы».

Калумністыка. Аматарам віртуальнай рэальнасці і айчыннай мінуўшчыны будзе цікавы артыкул Канстанціна Касяка, дзе ён распавядае пра ўнікальны ў нашым кантэксце праект Ахрэма Белабровіка «VKL3D.com» па 3D-рэканструкцыі беларускіх замкаў. Гэта не аматарскі праект, у яго распрацоўцы бралі ўдзел не толькі праграмісты, але і спецыялісты па гісторыі і архітэктуры. Такім чынам, маем архітэктурную спадчыну, якую ўжо ніхто «не здолее зваяваць або разбурыць».

***

Проза. Крыху Уладзіміра Караткевіча, крыху Валерыя Гапеева — у містычнай аповесці Уладзіміра Мажылоўскага «Тайна гіблай затокі». Згубленая кніга з ліберэі Івана Жахлівага, накладзены Соф’яй Палеалог на царскую бібліятэку «праклён фараонаў», залаты амулет Шывы, пошукі затанулых скарбаў (вядома, шукалі іх у беларускіх балотах падчас Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія атрады), загадкавыя смерці, прывіды са старажытнымі мячамі на вясковых дарогах і нават перасяленне душ… Здаецца, у сюжэце ёсць усё: і выпадковы збег абставін, і падманліва-лёгкае вытлумачэнне ўчынкаў, і архіўныя знаходкі, што так нечакана і ўдала супадаюць з інтуітыўнай логікай следчага… Усе неабходныя для добрага дэтэктыва элементы. Аднак менавіта гэта — падкрэслена добрасумленны падбор — урэшце і знішчае адчуванне «чытацкай веры»: бачыш не дзеянне, а схему, паводле якой пісьменнік увасабляў задуму. Гэта датычыцца другой часткі твора, бо ў пачатку акурат містычнае напружанне, абяцанае аўтарам у падзагалоўку, вытрымліваецца ідэальна. А вось размовы паміж следчымі Андрэем Кухарам і Віктарам Міклашэвічам выглядаюць як запаўненне анкеты: «— А што ўяўляе з сябе гэты амулет? У чым яго сіла? — Гэта звычайная залатая пласцінка, з аднаго боку якой адціснуты грыфон, а з другога — прадказальнік… Уладар гэтага амулета набывае вялікую сілу над людзьмі, можа перасяляцца з аднаго цела ў другое, змяняць падзеі сучаснага і бачыць будучае… — А як супрацьстаяць яго ўплыву? — Ніяк, ён усёмагутны. — А калі яго ўкрасці і знішчыць, напрыклад — расплавіць? — Ды ты што, Паша? Расплавіўшы пласціну, грыфон і прадказальнік змяшаюцца ў адно цэлае, і тады ўладальнік амулета стане наогул непераможным». Дэтэктыў, інтрыга ў якім паслядоўна вытрымлівалася аўтарам да сярэдзіны аповесці, нібыта сама сябе паганяючы, імкліва раскрываецца не ў падзеях, а ў дыялогах следчых.

Паэзія. Палымянскія паэтычныя старонкі ўвасабляюць усе кантрасты сонечна-снежнага кастрычніка: рэлігійныя творы Грыгорыя Цамблака ў майстэрскім перастварэнні Алеся Разанава і «Пад трыста кіль уражанняў» ад Маргарыты Латышкевіч.

«Пытаюся — і знемагаю розумам» (Слова на адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля) цяпер выдатна гучыць па-беларуску. Алесь Разанаў, як заўсёды, адкрывае новыя магчымасці сінтаксісу і дастае з лексічнага куфра прыхаваныя адценні сэнсаў, захоўваючы пры гэтым максімальную набліжанасць да арыгінала. Эмацыянальнае напаўненне нізкі вершаў М. Латышкевіч сапраўды адлюстроўвае назву: гэта пакуль уражанні, схопленыя на паверхні і жыццёвага, і чытацкага досведу.

«Галасы сусвету» вылучаюцца падборкамі сучаснага кітайскага паэта і літаратуразнаўца Ван Цзянчжаа (прадмова А.  Карлюкевіча, пераклад Міколы Мятліцкага) і ўкраінскага паэта 1920 — 1930-х гадоў Алексы Стэфановіча (прадмова і пераклад Міколы Труса). Калі з кітайскім паэтам, навукоўцам, аўтарам манаграфій па гісторыі сусветнай паэзіі Ван Цзянчжаа беларускі чытач знаёміцца своечасова і можа шукаць сугучча думак і настрояў, то вяртанне паэтычнай спадчыны А. Стэфановіча ў агульнаславянскі літаратурны кантэкст адбываецца наўздагон. Як адзначыў у прадмове М. Трус, пакуль гэта першыя этапы знаёмства, «на чарзе — больш шырокая прадстаўленасць аўтарскай індывідуальнасці, мастацкая рэцэпцыя і літаратуразнаўчы аналіз».

***

Проза. Пранцішак Вырвіч выходзіць на больш шырокія абсягі: пераклад прыгодніцкага і фантасмагарычнага рамана Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» на рускую мову, здзейснены Паўлам Ляхновічам і прадстаўлены ў часопісе, будзе выходзіць асобнай кнігай у маскоўскім выдавецтве. Спецыфічная лексіка — сінтаксічныя і моўна-лексічныя прыёмы, што мусяць адлюстроўваць лад мыслення людзей адпаведнага перыяду, увасоблены перакладчкам ідэальна: па дарозе ад арыгінала да перакладу нічога не згубілася. А гэта рэдкі выпадак. Варта звярнуць увагу і на апавяданні венгерскага пісьменніка Золтана Амбруша, перакладзеныя на рускую мову У. Стасюком. Цвейгаўскія матывы, пакладзеныя на ўласны жыццёвы досвед і нацыянальны літаратурны кантэкст, выклічуць у абазнанага чытача моцную філалагічную настальгію.

Паэзія. «Лісткі календара» Міхаіла Куляша даюць багата тэм для роздумаў. Напрыклад, верш «Я никогда душой не покривлю», прысвечаны роднай мове («Я мову белорусскую люблю, / Но не пишу на ней и не общаюсь»), уяўляе неверагоднае змяшэнне розных аспектаў білінгвізму: у жыцці, у творчасці, у кантактаванні з сябрамі, сям’ёй і землякамі… Наўрад ці варта ў сучаснай паэзіі ўжываць параўнанне роднай мовы з ручаём, што імчыцца з горкі ранняй вясной, альбо шоргатам ветрыка. Усё-ткі метафары маюць уласцівасць «сцірацца» (значыць, быць бясколернымі, пазбаўленымі сэнсу) ад празмерна частага ўжывання. А прызнанне берасцейца, узгадаванага на палескім дыялекце: «Я в городе живу — и потому / На русском говорю и сочиняю» — можа быць зразумелым толькі ў тым выпадку, калі мы вядзём гаворку пра першае пакаленне беларускіх мінакоў сярэдзіны ХХ стагоддзя, у многіх з якіх мова сапраўды падзялілася на прэстыжную гарадскую (рускую) і нехлямяжую вясковую (беларускую). «Созвучия, казалось бы, удачных слов / Уже не блещут больше новизною» — прызнаецца паэт, тым самым акрэсліваючы агульную танальнасць сваіх вершаў. Тое, што пачуцці выказаныя ў паэтычных радках, блізкія і дарагія сэрцу паэта як успаміны юнацтва, не робіць іх каштоўнымі для чытача.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?