Вы тут

Каларыт часу ва ўспамінах пра Івана Навуменку


У верасні гэтага года выдавецтва «Беларуская навука» выдала кнігу «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні: Успаміны пра Івана Навуменку». Укладальнік, аўтар прадмовы — доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук. Ён жа і аўтар артыкула «Па-добраму, па-зямляцку», змешчанага ў гэтай жа кнізе, у якім цёпла, сардэчна расказвае пра свайго славутага земляка, шчыра радуецца яго пісьменніцкім, навуковым і кар’ерным поспехам. Гэта ўжо трэцяе выданне ўспамінаў, укладальнік і рэдактар якога С. Лаўшук. Да гэтага былі кнігі «Жыццё не песціла мяне: успаміны пра Васіля Уладзіміравіча Івашына» (Мінск: Беларускі Дом друку, 2013), «Дарыў святло сваёй душы людзям і Айчыне. Успаміны пра Юльяна Сяргеевіча Пшыркова» (Мінск: Беларуская навука, 2015).


Больш за пяцьдзясят аўтараў пакінулі свае мемуары пра выдатнага сына беларускай зямлі — былога франтавіка, народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, дэпутата і Старшыню Вярхоўнага Савета БССР у 1985 — 1990 гадах, які дзесяць гадоў (1982 — 1992) працаваў на пасадзе віцэпрэзідэнта НАН Беларусі па гуманітарных навуках (папярэднікамі былі Якуб Колас і Кандрат Крапіва).

Назва кнігі, думаецца, выбрана невыпадкова. У прадмове «Крэатыўнае служэнне літаратуры» С. Лаўшук піша: «Па сваім душэўным складзе Іван Якаўлевіч быў непапраўным летуценнікам. І гэта летуценнасць асвятляла ўсю яго жыццёва-творчую дзейнасць, адпаведным чынам выстройвала адносіны да яго іншых людзей. Яна не перашкаджала яму ў штодзённым існаванні. Больш за тое, магчыма, дзякуючы і ёй (у спалучэнні з рэдкай працавітасцю) пісьменнік быў здольны на такія вялікія здзяйсненні».

Нагадаем, што пад кіраўніцтвам С. Лаўшука творчы калектыў Інстытута літаратуразнаўства працуе над выданнем Збору твораў Івана Навуменкі ў дзесяці тамах, дзевяць з якіх ужо выйшлі. Апошні, заключны, том павінен пабачыць свет напрыканцы года. Так што кніга ўспамінаў стала яшчэ адным важкім крокам у справе ўшанавання памяці І. Навуменкі. У ёй сабраны і сведчанні тых, хто ведаў яго доўгі час, і тых, хто сутыкнуўся з ім на жыццёвай дарозе ўсяго на невялікі часавы адрэзак. У ліку аўтараў — навукоўцы і пісьменнікі, знакамітыя землякі-васілёўцы.

Цалкам узнавіць вобраз немагчыма, аднак важныя штрыхі да партрэта дадаць можна. Успаміны розных людзей пра І. Навуменку, спыняючы для нас тыя ці іншыя хвіліны яго жыцця, паказваюць гэтага чалавека і ў маленькіх бытавых эпізодах, здавалася б, у дробязях, і ў прыняцці нейкіх важных рашэнняў.

У кнізе асвятляюцца розныя старонкі жыцця і дзейнасці народнага пісьменніка: аспірант філалагічнага факультэта, выкладчык літаратуры ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дырэктар Інстытута літаратуры, старшыня савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, уважлівы настаўнік пачынаючых навукоўцаў, літаратуразнавец, палітык, грамадскі дзеяч, сямейны чалавек… Здзіўляе згода, якая пранізвае ўспаміны самых розных людзей пра таленавітага беларуса. Аўтары падкрэсліваюць яго высокія маральныя якасці, светласць натуры. Тыя, хто мае літаратурны талент, знаходзяць цікавыя, свежыя фарбы ў абмалёўцы вобраза Івана Навуменкі, характарыстычныя дэталі, звяртаюцца да партрэтнай метафары.

У артыкуле дактаранта І. Шаладонава Навуменка параўноўваецца з зубрам, акцэнтуецца ўвага на тым, што гэта падабенства тычыцца не толькі волатаўскага фізічнага аблічча Івана Якаўлевіча, але і яго сацыяльнага, грамадскага і навуковага статусу. І доктар філалагічных навук І. Чарота заўважае, што ў яго памяці «постаць І. Я. Навуменкі ўсплывае як высокая і моцная не толькі вонкава. І светлая».

Кніга ўспамінаў пакідае вельмі добрае ўражанне. Давялося чуць прыязныя водгукі многіх людзей, якія паспелі прачытаць кнігу, хоць выйшла яна зусім нядаўна. Хочацца падкрэсліць запатрабаванасць гэтага жанру, бо, як правіла, падобныя выданні прысвечаны асобам яркім, валявым, мэтанакіраваным, якія могуць уразіць чытача, уплываць належным чынам на норавы сучаснага грамадства. Кніга расказвае не толькі пра ўнікальнасць Навуменкі-чалавека, але ў вялікай ступені і пра час, у які яму давялося жыць. Пра тое, што ніякія абставіны не могуць забіць у чалавеку чалавечнае, калі таго не хоча ён сам. Будучы чалавекам пры ўладзе, І. Навуменка, як сведчыць вялікая колькасць аўтараў, умеў разумна ёю распарадзіцца. Улада не перашкодзіла, а дапамагла аказаць падтрымку тым, хто меў у гэтым патрэбу, паслужыць ім тымі дарамі, якія былі дадзены самім Творцам. «Навуменка мог не толькі разумна параіць, накіраваць, але і прынцыпова, рэальна падтрымаць, заступіцца ў нейкай неардынарнай сітуацыі», — зазначае ў сваім артыкуле Арсень Ліс.

Аўтары мемуараў расказваюць пра лёс Івана Навуменкі, у тым ліку і як удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, што добрае дапаўненне да характарыстыкі асобы чалавека, які не толькі пісьменніцкім пяром, але і зброяй змагаўся за лепшую будучыню роднай Беларусі.

Вядома, кожны, хто дзеліцца з чытачом успамінамі пра Навуменку, уносіць нешта сваё ў канцэпцыю партрэта пісьменніка, праламляе праз прызму ўласнага ўспрымання і яго справы, і дзеянні, і нават словы. Кожны акцэнтуе і адцяняе нешта сваё, у адпаведнасці са сваім бачаннем вобраза, жыццёвага шляху, літаратурнай спадчыны. Кніга «Летуценнасць і вялікія здзяйсненні» ўяўляе своеасаблівы дыялог пра І. Навуменку, асобай якога цікавіліся і цікавяцца многія.

Тут ёсць спроба закрануць і такі малавядомы бок яго жыцця, як адносіны да Бога і царквы. У артыкуле Людмілы Сіньковай, напрыклад, прыведзена выказванне І. Навуменкі пра тое, што сучаснай генерацыі дзяцей трэба з хрысціянствам знаёміцца: «Уявіце сабе, а што мы зналі пра чалавека, што так ужо адкідвалі — хто збудаваў гэты свет, як ён будаваўся. Мы ж і самі не ведаем». Тут прыводзяцца ўрыўкі з размоў пра дзяцінства будучага пісьменніка, акадэміка і грамадскага дзеяча І. Навуменкі, калі ён разам з дзедам наведваў царкву, прычашчаўся, спалучаў, здаецца, неспалучальнае: царкоўнае прычасце з піянерскім атэізмам.

 Кніга ўспамінаў пра Навуменку, думаецца, дазволіць глыбей разабрацца ў яго творчасці, лепш зразумець яго непаўторную індывідуальнасць, мудрую педагогіку мастацкіх твораў, каларыт часу, у які ён жыў. Пазнавальная каштоўнасць выдання бясспрэчная, тым больш на яго старонках мы чуем нярэдка жывы голас і інтанацыі пісьменніка, дакладна перададзеныя мемуарыстамі.

Зінаіда ДРАЗДОВА, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?