Вы тут

Хто адабраў у Кобрына самакіраванне?


Турыстычныя разыначкі аднаго са старажытных райцэнтраў Брэстчыны.

Усе мы імкнёмся ўбачыць Луўр альбо Эрмітаж, стараемся пабываць у Траццякоўскай галерэі, а тое, што побач, вечна пакідаем «на потым». Вось і аўтар гэтых радкоў даўно хацела паглядзець абноўлены домік-музей Суворава ў Кобрыне, ды неяк не выпадала, пакуль кіраўнікі турыстычнай галіны горада не наладзілі прэс-тур.


Над­ма­гіл­ле Міц­ке­ві­чаў.

Спадчына палкаводца

Музей быў закрыты на рэстаўрацыю ў 2014 годзе і адкрыты для наведвальнікаў летась. Экспазіцыя яго, прысвечаная жыццю легендарнага палкаводца Аляксандра Суворава, цікавая мноствам арыгінальных экспанатаў. Музей з'явіўся ў Кобрыне не выпадкова. Менавіта гэты горад з ваколіцай, а дакладней маёнтак «Кобрынскі ключ» падарыла імператрыца Кацярына ІІ военачальніку за асаблівыя заслугі. Адна з такіх заслуг заключалася ў паспяховым падаўленні паўстання Тадэвуша Касцюшкі і яго паплечнікаў. Галоўным чынам за гэта і атрымаў генералісімус зямлю з інфраструктурай і сялянамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Вядома, з якой жорсткасцю дзейнічалі сувораўскія вайскоўцы ў тутэйшых мясцінах — не шкадавалі ні старых, ні малых і пралілі нямала крыві не толькі паўстанцаў... Але гэту тэму ў музеі далікатна абыходзяць. Па-мойму, дарэмна. З песні, як кажуць, слова не выкінеш: гэта гісторыя нашага краю, якая мела надта многа трагічных старонак.

Але ж фігура Аляксандра Васілевіча Суворава, палкаводца, які за жыццё не прайграў ніводнай бітвы, несумненна, заслугоўвае вывучэння і ўвекавечвання. З пазіцыі стагоддзяў каштоўнымі выглядаюць не толькі баявыя, але і асветніцкія заслугі вайскоўца. Ён пакінуў цэлыя трактаты, кнігі па ваенным мастацтве, у тым ліку невялічкія, якія прызначаліся для вывучэння салдатамі. Часам людзі забываюцца, хто аўтар усім вядомых фразеалагізмаў, такіх як «Цяжка ў вучэнні — лёгка ў баі», «Сам гінь, а таварыша выручай», «Ваяваць не колькасцю, а ўменнем», «Вучэнне — святло, а невучэнне — цемень». А забываць не варта, як і тое, што генералісімус вельмі цаніў простага салдата. Асабліва актуальна гэта цяпер, калі ўсё грамадства занепакоена праблемай дзедаўшчыны ў войску.

Варта сказаць, што музей вельмі прыстойны — адзін з самых багатых у Беларусі па колькасці экспанатаў. Гэта заслуга стваральніка экспазіцыі, першага дырэктара Аляксея Мартынава. Ён змог наладзіць такія кантакты з калегамі Ленінграда, Масквы, што ў Кобрын пераехалі сотні сапраўдных рарытэтаў ХVІІІ стагоддзя, а таксама ранейшых і пазнейшых часоў. Дастаткова сказаць, што тут вам пакажуць капялюш імператара Пятра ІІІ, шаблю, падораную імператрыцай Лізаветай, посуд з царскага палаца і шмат іншага. Пашанцавала Кобрыну з Аляксеем Мартынавым. Таму і ёсць тут цяпер музей, які вельмі любяць наведваць расійскія турысты.

Амаль дэтэктыўная гісторыя

Зазначу, што Сувораўскі дом — складовая ваенна-гістарычнага музея, у 16 залах якога расказваецца пра сем вякоў старажытнага горада. Па сутнасці гэта добры краязнаўчы музей з акцэнтам на гісторыю войнаў, якія не абмінулі гэтую зямлю.

Менавіта ў музеі вам раскажуць, што першую перамогу ў вайне 1812 года расійская армія атрымала ў бітве пад Кобрынам. А да стагоддзя згаданай падзеі ў 1910 годзе ў Кобрыне быў пастаўлены помнік, у якога вельмі цікавая гісторыя. Спачатку помнік уяўляў сабой бронзавага двухгаловага арла на гранітным пастаменце. Арол разрываў лаўровы вянок з лацінскай літарай N, што азначала паражэнне Напалеона. Падчас Першай сусветнай вайны немцы адправілі арла на пераплаўку. У 30-я гады палякі на пусты пастамент паставілі бюст Тадэвуша Касцюшкі. У савецкія часы бюст знялі, а ў 50-я гады помнік аднавілі, толькі замест двухгаловага арла вырабілі аднагаловага. Ён і цяпер стаіць на ранейшым месцы. Макет яго ёсць у музеі.

Дарэчы, музей, створаны рашэннем сесіі Брэсцкага абласнога Савета, нядаўна адзначыў сваё 70-годдзе. А заснавальнікам горада князю Уладзіміру Валынскаму і яго жонцы Вользе ўдзячныя нашчадкі праз 700 гадоў паставілі помнік. Паявіўся манумент акурат да дажынак 2009 года. Тыя дажынкі шмат хто ўспамінае добрым словам, бо горад абнавіўся і пахарашэў.

Надмагілле Міцкевічаў

У Кобрыне многа мясцін і адзнак, якія могуць зацікавіць нераўнадушнага турыста. Вось, скажам, побач са Свята-Петрапаўлаўскай царквой, якую наведваў праваслаўны Сувораў, ёсць надмагілле каталікоў Міцкевічаў. Аказваецца, там пахаваныя родны брат паэта Адама Міцкевіча Аляксандр, яго жонка і сын. Доктар права Аляксандр Міцкевіч доўгі час жыў у Кобрыне, пісаў навуковыя працы, кіраваў маёнткам. Непадалёку, на старых каталіцкіх могілках, захавалася надмагільная пліта Антаніны Касцюшкі, траюраднай пляменніцы Тадэвуша Касцюшкі. Дарэчы, яе першым мужам быў Рамуальд Траўгут. А праз восем гадоў пасля яго смерці Антаніна выйшла замуж за адзінага сына Аляксандра Міцкевіча — Францішка.

У згаданым вышэй прэс-туры ўдзельнічалі прадстаўнікі турфірмаў. Дык вось, адзін з іх агучыў даволі цікавы факт. Аднойчы падчас экскурсіі ў Пінску, якую праводзіла пінскі экскурсавод для палякаў, госці вельмі зацікавіліся месцам пахавання сваякоў знакамітага паэта. Але гід стала іх настойліва адгаворваць, маўляў, там усё закінута, запушчана, і трэба ледзь не праз агароджу лезці, каб убачыць тыя пліты. Хоць на самай справе да надмагілля вядзе дарожка ад царквы, і пахаванне выглядае даволі дагледжаным — за гэтым сочыць ЖКГ. Дык вось, я б на месцы кобрынскіх турфірмаў наладзіла б індывідуальную экскурсію для таго пінскага экскурсавода, каб яна на свае вочы пабачыла памятны знак Міцкевічаў і не ўводзіла ў зман гасцей. Праўда, пліта Антаніны Касцюшкі ўсё ж патрабуе добраўпарадкавання.

Пом­нік за­сна­валь­ні­кам Коб­ры­на.

Пікнік на страусавым ранча

Страусавая ферма недалёка ад вёскі Тэўлі амаль што стала брэндам Кобрынскага раёна. Самая вялікая ферма гэтай экзатычнай птушкі ў Беларусі паявілася больш за дзесяць гадоў таму. Пабудаваў інфраструктуру на 50 гектарах няўдобіцы і арганізаваў вытворчасць страусавага мяса выпускнік Ціміразеўскай сельгасакадэміі Муса Шораў. Наша газета расказвала пра незвычайны па тым часе праект яшчэ 14 жніўня 2004 года. Праўда, роўна праз год пасля гэтага гаспадар фермы, разлічанай на 1000 галоў птушкі, загінуў у аўтакатастрофе. Справу прадоўжыла яго жонка Тамара Сідарук.

Тамара Сцяпанаўна зрабіла стаўку на турыстычную галіну. Цяпер тут ёсць утульнае кафэ, гасцявыя домікі, сувенірная крама. Гаспадыня фермы сказала карэспандэнту газеты, што вытворчасць мяса апошнім часам упала, бо няма попыту. І калі раней даход ад вытворчасці складаў 60—70 працэнтаў, а ад турызму — адпаведна каля 30, то цяпер лічбы памяняліся месцамі. Турызм таксама вельмі важны кірунак дзейнасці. Нядаўна, напрыклад, адкрылі заапарк, цяпер, акрамя страусаў, наведвальнікам паказваюць іншых жывёлін. Але Тамара Сідарук спадзяецца, што ўсялякія крызісы часовыя, і ў будучым яны зноў змогуць нарасціць вытворчасць. Тады ў яе будуць працаваць не дзесяць нанятых работнікаў, як зараз, а ўтрая больш. А вось прыём наведвальнікаў яны маюць намер развіваць і далей, бо турысты сюды едуць. Сорамна толькі за два кіламетры дарогі, якія мясцовая ўлада даўно абяцае зрабіць.

Аграсядзібы з традыцыямі

На Кобрыншчыне гасцей прымаюць 22 аграсядзібы. Адна з іх — «Палескія традыцыі» — знаходзіцца ў вёсцы Андронава, што зусім побач з раённым цэнтрам. Яе гаспадыня Ніна Главацкая збірае скарбы народнай культуры даўно. Ніна Мікітаўна аб'ехала ўсе навакольныя вёскі, сабрала мноства бабуліных строяў, якія літаральна валяліся на гарышчах, перарабіла гэтыя касцюмы пад сябе і сустракае ў іх гасцей. А яшчэ яна абсталявала сялянскую хату першай паловы мінулага стагоддзя. Для наведвальнікаў тут ладзяцца цікавыя экскурсіі з песнямі, частушкамі, нават анекдотамі з сельскага жыцця.

Гаспадыня расказвала пра сваіх гасцей з розных краін, пра тое, якія святы і абрады праводзіць з сям'ёй і аднавяскоўцамі. Ніна Главацкая наогул вельмі цікава расказвае, акцэнтуе ўвагу на жыццёвай філасофіі нашых продкаў. Яны вельмі многа працавалі для хлеба надзённага, не мелі нічога з цяперашніх выгод цывілізацыі, але ўмелі быць шчаслівымі. Паводле яе слоў, гэта парадокс для сучаснага чалавека і нагода для абдумвання.

Ну, а каб лепей думалася, на сядзібе частуюць вельмі смачнымі стравамі беларускай кухні, а хто жадае і хто не за рулём, таму гаспадыня прапануе ўласнага прыгатавання наліўку.

* * *

Паводле інфармацыі арганізатара прэс-тура, кіраўніка раённай фізкультурна-аздараўленчай установы «Атлант» Віктара БРЫШТЭНА, летась ваенна-гістарычны музей наведала прыкладна 12 тысяч турыстаў. Супрацоўнік музея Аляксандр Чырун правёў цікавую экскурсію па горадзе. Паказаў, дзе размяшчаўся старажытны замак і іншыя гістарычныя мясціны, і расказаў, чаму кабрынчане не надта любяць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Усё проста: каралева Ганна Ягелонка некалі магдэбургскае права гораду даравала, а кароль Станіслаў адабраў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.