Вы тут

Як дабіцца парадку на зямлі?


У пошуку адказаў на гэта сакральнае для беларусаў пытанне мы звярнуліся да людзей, у чые абавязкі і ўваходзіць добраўпарадкаванне тэрыторый.


Старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр БАРАНОЎСКІ:

— Трэба зрабіць так, каб не было закінутых зямель і ўчасткаў. Не павінна быць паламаных платоў і дрэў, пакінутых дамоў. Гэта прапісныя ісціны, але займацца гэтым трэба пастаянна. Гэта датычыцца таксама і прыпыначных пунктаў — і не некаторых, а ўсіх, нават самых маленькіх і аддаленых. На самай справе, парадак — гэта шырокае паняцце, куды ўваходзіць мноства аб'ектаў. Вядома, гэта і могілкі. Не думаю, што можна адназначна сказаць — так, у нас наведзены парадак на зямлі. Мы праводзім пастаянныя маніторынгі пры ўдзеле розных службаў, а яшчэ дні сельсаветаў. Быў час, што апошняе мерапрыемства праходзіла ў кожным сельсавеце раз у год. Збіралася ўсё начальства, выязджала на дзень і працавала. І нам паказвалі, што адбылося з зямлёй за гэты час. У нас 10 сельсаветаў — і цяпер у нас такі графік: пяць за адзін год. Я лічу, што гэта дзейсная мера.

Начальнік землеўпарадкавальнай службы Бялыніцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля ЛЯЎКОВІЧ:

— Парадак з пункту гледжання землеўпарадкавання — гэта і рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, і, калі казаць простай мовай, адсутнасць пустазелля на сельскагаспадарчых землях. І мы кантралюем, каб усё гэта было ў добрым стане. Калі, напрыклад, выдзяляецца ўчастак пад будаўніцтва, то мы сочым за тым, каб яно выконвалася ў названыя тэрміны. Увогуле, гэтае пытанне датычыцца вельмі многіх сфер. Вядома, гэта добраўпарадкаванне розных участкаў, уключэнне невыкарыстоўваемых зямель у сельскагаспадарчы абарот. Бываюць і такія ўчасткі, якія даўно лічацца ў гаспадарках, але яны малапрадукцыйныя і зарослыя. Тады мы шукаем варыянты, як іх правільна выкарыстоўваць. Кропка ў справе навядзення парадку пастаўлена не будзе, таму што гэта працэс, які доўжыцца няспынна. Ёсць штаб па навядзенні парадку, працуюць сельвыканкамы. Функцыя выканкама — больш кантраляваць, а абавязкі землекарыстальнікаў ніхто не адмяняў. Дарэчы, эфектыўны спосаб уплыву — пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Старшыня Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэта Сяргей СКАРАПАЦКІ:

— Гэта пытанне не аднаго дня. Адказнасць, у першую чаргу, ляжыць на саміх уласніках. Калі б кожны з належнай увагай ставіўся да гэтага пытання, то работы тут было б значна менш для іх службаў. Мы павінны працаваць разам. Ці наведзены парадак у нас? Мы працуем над гэтым, але да дасканаласці нам яшчэ далёка. Самы праблемны момант у навядзенні парадку — гэта пустуючыя хаты. Справа ў тым, што часта спадчыннікі з'язджаюць у розныя краіны, у Расію, напрыклад. І калі цяперашнія ўладальнікі паміраюць, складана адшукаць сваякоў, якія маглі б жыць і прыглядаць за ўчасткам. І мы актыўна вядзём пошукі, хоць гэта і няпроста. Калі мы знаходзім гэтых людзей, то дасылаем ім усе неабходныя дакументы. Ці бывала такое, што нікога не знаходзілі? Так, але толькі адзін раз. Работа вельмі скрупулёзная, цяпер мы сталі знаходзіць сваякоў нават праз сацыяльныя сеткі. Скажам, дзеці гэтых людзей зарэгістраваныя там, мы ім пішам. Вось гэта самая вялікая праблема ў нас, як мне здаецца.

Старшыня Капыльскага сельскага выканаўчага камітэта Вольга КУПРЫЕНКА:

— Парадак на зямлі — гэта парадак каля кожнага адміністрацыйнага будынка і землеўладання. Бо зямля бывае розная — каля дома, каля дарогі, землі сельскагаспадарчага прызначэння, тыя ж сметнікі і палігоны. І ўсюды адказныя павінны сачыць за тым, каб на іх тэрыторыі было чыста і прыбрана. За гэта павінен адказваць не толькі выканаўчы камітэт, але і людзі — не кожны паасобку, а ўсе разам.

Я ўвесь час звяртаюся да нашых жыхароў, напрыклад, пры ўборцы могілак — не складвайце тут смецце, выносьце на спецыяльныя пляцоўкі. Бо гэта святое месца, трэба больш паважліва ставіцца. Больш за ўсё патрабаванняў да насельніцтва, таму мы кожны квартал выпускаем спецыяльныя лістоўкі, у якіх заклікаем берагчы зямлю. Дарэчы, у нас праходзяць конкурсы, напрыклад, на самы чысты ўчастак. Ёсць шмат пустуючай зямлі, якую мы стараемся акультурыць. Нешта засаджваем дрэвамі, калі ўчастак наогул ніяк нельга выкарыстоўваць. Пытанняў па гэтай тэме вельмі шмат, але ўсё паступова вырашаецца. Не магу сказаць, што ў нас ужо наведзены парадак, таму што гэта бесперапынны працэс. Мы імкнёмся да гэтага, таму вядзём планавую, пастаянную работу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.