Вы тут

Што можа паслужыць імпульсам для развіцця вёскі Гарадзечна?


Гарадзечна, што ў Пружанскім раёне, увайшло ў гісторыю найперш як месца бітвы рускай арміі з напалеонаўскімі войскамі ў вайне 1812 года. Насамрэч войскі праціўнікаў сышліся больш за 200 гадоў таму ва ўрочышчы Вялікая Гара, за некалькі кіламетраў ад вёскі, але бітва атрымала назву Гарадзечненская. Цягнуўся той крывавы бой цэлы дзень. Армія генерала Тармасава пацясніла аўстра-саксонскі корпус. Не дзясяткі, не сотні — тысячы салдат з абодвух бакоў засталіся ў гэтай зямлі.


Стар­шы­ня сель­ска­га Са­ве­та Сяр­гей Ла­пу­ка.

Мост ад мінулага ў будучыню

Вось і нядаўна, літаральна два гады таму, прайшло чарговае перапахаванне астанкаў удзельнікаў бітвы, якія знайшлі спецыялісты 52-га пошукавага батальёна.

А тады, пасля перамогі, генерал Тармасаў, які стаў губернатарам Масквы, не забыў вялікі бой з велізарнымі ахвярамі і паспрыяў ўзвядзенню храма ў Гарадзечне. У 1825 годзе Пакроўскі сабор асвяцілі на свята Пакрова ў гонар «Храбрых сыноў Расіі». Доўга служыла царква мясцоваму люду. Але ў савецкія часы была фактычна разбураная. Засталіся фундамент ды фрагменты сцен.

І тады ж, у савецкія часы, за яе аднаўленне ўзяўся калгас імя Дзяржынскага. Тагачасны старшыня Мікалай Цыпурка расказаў карэспандэнту газеты, што падштурхнула яго на гэты крок народная ініцыятыва. «Перад планёркай, якая ўлетку пачыналася ў сем раніцы, мяне ўжо чакалі бабулькі-актывісткі, якія прыходзілі са сваёй просьбай кожны дзень. Пачытаў гістарычныя звесткі... А 80-я гады былі, самі ведаеце, якія — перабудова, запахла ў паветры дэмакратыяй. Рашыў узяцца. Тым больш, што добрая цэгла была у паўразбураных гаспадарчых пабудовах былога панскага маёнтка. Ну а тэхніка, вядома, працавала калгасная. Праўда, на аплату працы рабочых людзі збіралі грошы», — успамінаў Мікалай Аляксандравіч.

І ўсё ж на пачатку 90-х крымінальную справу за нямэтавае расходаванне сродкаў на старшыню завялі. Выратаваў яго ад пераследу распад Саюза. Але царкву адбудавалі, асвяцілі яе ў 1991 годзе. Цяпер гэта адна з галоўных славутасцяў вёскі.

Да гістарычных аб'ектаў цяпер можна аднесці і школу, пабудаваную яшчэ за польскім часам. Дыхтоўны драўляны будынак называюць роднай школай усе пакаленні гарадзечненцаў аж да гэтага часу. Будынак 1938 года ў 2009—2010 гадах перажыў капітальны рамонт, але ў 2016-м... школу закрылі. Прычынай стала малая колькасць вучняў. Цяпер тут знаходзіцца дзіцячы садок, працуе адна група, якую наведваюць восем дашкольнікаў. Хоць у вёсцы лічаць, што пачатковая школа ў Гарадзечне магла б заставацца. Калі пасля закрыцця паўстала пытанне падвозу дзяцей, 35 вучняў з названай і суседніх вёсак не памяшчаліся ў школьны аўтобус. Дарэчы, тут спадзяюцца, што школа ўсё ж можа вярнуцца на ранейшае месца.

Карч­ма, што ча­кае ін­вес­та­ра.

Новыя і старыя вуліцы

Жылля пабудавана многа. Адны вуліцы ўзводзіліся яшчэ ў часы былога калгаса, іншыя, новыя, выраслі з так званых прэзідэнцкіх домікаў. Побач з вёскай пабудавалі буйны жывёлагадоўчы комплекс сельгаспрадпрыемства «Шані-аграпрадукт», на якім у асноўным і занятыя гаспадары тых дамоў.

Пустуючых хат, закінутых і занядбаных, тых, што маглі б трапіць пад «соты» Указ, у Гарадзечне няма. Тыя, што застаюцца без гаспадароў, даглядаюць і падтрымліваюць дзеці. Вялікая па пружанскіх мерках вёска выглядае дагледжанай, вуліцы ўнутры населенага пункта заасфальтаваныя.

— Сюды прыемна ездзіць, цягне на сваю радзіму, — гаворыць Юрый Чыжэўскі. Юрый Яўгенавіч працуе вадзіцелем у аўтапарку, але кожную вольную хвіліну з жонкай Ірынай Уладзіміраўнай праводзяць на бацькоўскай сядзібе. І зрабілі з уласнага падворка, а таксама прылеглага ўчастка, сапраўды райскі куток. Аказваецца, не ўкладваючы нават вялікіх грошай, але з дапамогай фантазіі і любові можна стварыць прыгажосць і камфорт.

Дарэчы, ранейшыя гаспадары не цясніліся, будавалі дамы на вялікіх участках, таму ёсць прастор для прыкладання рук. Паводле слоў Юрыя Чыжэўскага, многія сябры яго юнацтва таксама ездзяць сюды, даглядаюць бацькоўскія хаты. Ад Пружан тут усяго нейкія два дзясяткі кіламетраў. Але... усе наракаюць на праблемны кавалак дарогі.

Звярталіся ў розныя інстанцыі

Старшыня Шаняўскога сельскага Савета дэпутатаў Сяргей ЛАПУКА не раз засякаў на спідометры: ад трасы, якая злучае Пружаны з абласным цэнтрам, да ўезда на вясковую вуліцу — 3600 метраў гравійкі. Дарога гэта даволі шырокая, яе даглядае ДРБУ-140. Кіраўнік мясцовай улады гаворыць, што дарожнікі вельмі добра робяць сваю справу, грэйдзіраванне і абслугоўванне ўчастка дарогі праводзіцца фактычна кожны месяц. Але ж кожны месяц гэтая дарога і разбіваецца.

У Гарадзечне знаходзіцца лясніцтва. Велікагрузныя лесавозы вязуць драўніну патокам, і амаль кожная машына заходзіць у вёску, каб зрабіць адзнаку ў дакументах. Такім чынам транспарт праходзіць па гэтым участку дарогі двойчы, з лесу — у вёску і назад. Зноў жа машыны сельгаспрадпрыемства ідуць на комплекс і адтуль — з кармамі і рознай прадукцыяй. Як сказаў з гэтай нагоды адзін калгасны вадзіцель: «Ездзім, бо лятаць жа не можам». А пройдзе дождж ці мокры снег, і дарога пакрываецца ямінамі.

— Як на грэх, заўсёды ў такую пару, калі дарогу разбілі і не паспелі прагрэйдзіраваць, прывозяць бацькі маладых спецыялістаў на «агледзіны», — расказвае загадчыца дзіцячага садка Галіна Гадуйка. — І адразу расчараванне: «Вой, якая тут дарога!» Аднойчы да нас правяраючыя прыехалі і з парога: «Ну і дарогі ў вас!» А хіба мы вінаватыя, хіба мы не прасілі, не звярталіся ў самыя розныя інстанцыі? — задае рытарычнае пытанне Галіна Уладзіміраўна. — Мы плацім такі ж дарожны збор, як і жыхары горада. Але чаму мы павінны штодня ехаць па дарозе, якая псуе машыну, а гараджане па роўнай?

Юрый Чы­жэў­скі.

Жыхары вёскі не раз хадзілі на прыёмы да дэпутатаў парламента ад іх раёна. Дэпутаты абяцаюць паспрыяць па меры магчымасцяў, але ідзе час, народныя выбраннікі мяняюцца, а дарога застаецца.

— Мы спадзяваліся, што асфальтаванне названага ўчастка дарогі ўключаць у план 2018 года, але канчатковы пералік аб'ектаў на будучы год пакуль не атрымалі, — сказаў карэспандэнту газеты начальнік ДРБУ-140 прадпрыемства «Брэстаблдарбуд» Аляксандр СУБОТА. — Праўда, указаная дарога ўвайшла ў праграму работы да 2020 года. Калі да яе дойдзе чарга, дакладна паведаміць не магу. Усё ўпіраецца ў фінансаванне.

Не намераны здавацца

І ўсё ж старшыня сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Лапука лічыць, што «Брэстаблдарбуд» можа яшчэ ўключыць у планы дарогу на Гарадзечна. Тым больш, што кіраўнік дзяржавы апошнім часам вельмі пільную ўвагу ўдзяляе прывядзенню ў парадак мясцовых дарог. А тут жа ўсяго кавалак. Калі ж падысці па-гаспадарску і падлічыць сродкі, якія трацяцца на абслугоўванне за год, ды памножыць на гадоў пяць, то стане відавочным, што падтрыманне дарогі ў цяперашнім выглядзе таксама дарагое задавальненне.

Яшчэ больш замацаваўся ў сваіх намерах кіраўнік мясцовай улады, калі ў Гарадзечна прыехаў прадпрымальнік, каб паглядзець гаспадарчую пабудову былога панскага палаца пад будучую карчму. Паглядзеў і сказаў, што ўзяўся б за гэты праект, каб была добрая дарога. Калі паставіць указальнік на шашы, што за тры кіламетры чакае пункт грамадскага харчавання, людзі збочвалі б, — пры наяўнасці асфальту.
А так — выбачайце...

Сяргей Лапука ўпэўнены, што і цырульнік знайшоў бы работу ў вёсцы, дзе жыве амаль дзве сотні чалавек, і іншыя бытавыя паслугі могуць прапанаваць людзі, якія пакуль жывуць у горадзе. Ажыла б вёска з прыгожай назвай і цікавай гісторыяй, атрымала б новы імпульс развіцця. Ды цана пытання — усё тыя ж тры кіламетры дарогі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Пружанскі раён

Загаловак у газеце: Тры кіламетры шэсцьсот метраў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.