Вы тут

Пустыя дамы ў асноўным... зносяць


А можна было б уцягваць іх у гаспадарчы абарот.

Пакрывіўся дах, пустыя вачніцы акон, правалілася падлога... Карціна непрывабная, хоць для нашай глыбінкі і тыповая — пустых дамоў у вёсках шмат. У 2012 годзе выдадзены Указ №100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Ёсць дакладны алгарытм дзеянняў, але прыйшла пара яго ўдасканаліць.

На мінулай нарадзе, што датычылася праекта новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, лідар нашай дзяржавы закрануў тэму старых дамоў. Праблема даўно наспела, такія будынкі трэба прыбіраць, а землі вяртаць у абарот. Але да гэтага неабходна будзе «падвесці» нарматыўна-прававы акт, каб мясцовыя ўлады не бегалі за гора-ўладальнікамі, якім гэтая нерухомасць належыць толькі на паперы. Як будзе вырашацца праблема і якія змены ў заканадаўстве могуць з'явіцца ў найбліжэйшы час — карэспандэнту «Звязды» расказвае старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Андрэй ГАЕЎ.


Пустыя дамы...

У рашэнні праблемы старых і пакінутых дамоў сапраўды ёсць пэўныя складанасці. У першую чаргу яны звязаны з пошукам спадчыннікаў. Патэнцыйныя ўладальнікі часта жывуць за мяжой, і знайсці іх часам вельмі няпроста. Ёсць і іншыя моманты. Многія наўмысна не ўступаюць у спадчыну, каб не плаціць падатак на зямлю і нерухомасць.

Тры асноўныя блокі

У нашай краіне літаральна з 2006 года дзейнічае адзіны парадак уліку старых і пустуючых дамоў. Апошні раз ён карэктаваўся 5 гадоў таму Указам №100, які распаўсюджваецца толькі на сельскую мясцовасць і гарады раённага падпарадкавання. «З улікам прапаноў з месцаў і аналізу практыкі прымянення ўказа, у новым праекце прапануецца распаўсюдзіць яго дзеянне на ўсю тэрыторыю — Мінск, абласныя цэнтры і іншыя буйныя гарады. Праект — гэта новы крок, у ім ідзе гаворка аб трох прынцыповых блоках пытанняў», — тлумачыць Андрэй Гаеў.

Першы блок пытанняў нацэлены менавіта на распаўсюджванне ўказа на ўсю тэрыторыю краіны. Другі момант. Цяпер рэгістр пустуючых дамоў вядзецца ў папяровым выглядзе, а ў дачыненні да старых дамоў такі рэсурс не вядзецца. Прапануецца ўніфікаваць падыход і ажыццяўляць улік і старых, і пустых дамоў у адпаведных рэгістрах у электронным выглядзе. Гэта паменшыць папяровую работу і спросціць абмен інфармацыяй паміж выканкамамі. Трэці блок пытанняў датычыцца парадку продажу і ўдасканалення залучэння аб'ектаў у гаспадарчы абарот. Практыка паказвае: пустуючыя хаты ў асноўным зносяцца. Так, за апошнія пяць гадоў больш за 47 тысяч такіх дамоў знесена і толькі 355
прададзена.

Разварушыць продаж

Што ў гэтым кірунку робіцца? З'явіцца магчымасць продажу названых аб'ектаў не толькі на аўкцыёнах, але і наўпрост. Аднак гэтае правіла не будзе распаўсюджвацца на Мінск, абласныя цэнтры і іншыя населеныя пункты, якія вызначаць самі выканкамы, улічваючы попыт. Для таго каб не было ніякіх негатыўных момантаў, працэдура продажу арганізавана максімальна празрыста: інфармацыя аб продажы аб'ектаў будзе размяшчацца на сайтах выканкамаў, у СМІ. Калі за месяц, напрыклад, паступіць адна заява — адбудзецца прамы продаж. Дзве і больш — арганізуюць таргі. Калі таргі не дадуць ніякага выніку, будзе дазволена паніжаць першапачатковы кошт да 80%.

За кошт новага карыстальніка

Што датычыцца дамоў, якія неабходна зносіць. Сёння гэта робіцца за кошт выканкамаў. Каб паменшыць гэтыя выдаткі, даецца магчымасць перадаваць ва ўстаноўленым парадку зямельныя ўчасткі з умовай зносу трухлявага або пустога дома новым землекарыстальнікам. З'яўляюцца і некаторыя змены, якія тычацца так званай вымарачнай спадчыны. Калі ўласнік жылога дома памірае і не застаецца спадчыннікаў ні па законе, ні па завяшчанні, то такая маёмасць пераходзіць ва ўласнасць адміністрацыйнай тэрытарыяльнай адзінкі. Тут таксама ўзнікае пытанне: як далей з гэтай маёмасцю быць? Па просьбе выканкамаў прапануецца парадак дзеяння ўказа распаўсюдзіць і на такія аб'екты.

У тэму

Пустыя хаты не проста выглядаюць непрывабна. У іх часта ўзнікаюць пажары, а таксама іх існаванне ўплывае на сітуацыю з павышэннем узроўню злачыннасці ў вёсках. Больш за палову крадзяжоў у сельскай мясцовасці адбываецца менавіта ў пустых дамах.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.