Вы тут

Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Цэнтрвыбаркама


Тэма — выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання, якія пройдуць ужо праз тры месяцы, у сярэдзіне лютага. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы падчас размовы з Лідзіяй Ярмошынай, старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, галоўнае ў будучай выбарчай кампаніі — зэканоміць сродкі, але ні ў якім разе не пакрыўдзіць людзей, якія будуць працаваць на гэту кампанію.


— Галоўнае для мяне — вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны, — адзначыў кіраўнік краіны. — Па Канстытуцыі рашэнне аб выбарах у мясцовыя Саветы прымае Прэзідэнт. Мы, відаць, з вамі, з Цэнтральнай камісіяй, тут сыходзімся — прыкідвалі па тэрмінах: думаю, што сярэдзіна лютага, можа нават і 18-га, як мы гэта абмяркоўвалі, — будзе, відаць, нармальна.

Нагадаем, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны прайсці не пазней чым за 30 дзён да заканчэння паўнамоцтваў цяперашніх Саветаў.

— Нармальны час: усё-такі люты — найбольш спакойны месяц, — лічыць Прэзідэнт. — Не ўборка, не пасяўная і аўралаў ніякіх. Год скончаны — пачынаецца новы. І фінансавы, і эканамічны. Таму якраз дарэчы гэтыя выбары. І вынікі будуць відаць, будзе што казаць кандыдатам у дэпутаты.

Што да фінансавання, то тут важна, як адзначыў Прэзідэнт, правесці вельмі «танныя» выбары — у фінансавых адносінах:

— Думаю, мы яшчэ сустрэнемся з вамі і з губернатарамі. Адміністрацыі Прэзідэнта я даручыў, каб яна была з вамі побач, каб можна было на месцы здзейсніць арганізацыйныя меры: падрыхтаваць участкі і гэтак далей. Усё-такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна зрабіць сваю работу. Ну а Цэнтрвыбаркам павінен арганізаваць выбары па законе: бюлетэні, семінары, навучанне на месцы кіраўнікоў участковых камісій.

Зэканоміць можна на ўчастках для правядзення галасавання — месцы, дзе гэта будзе адбывацца, павінны прывесці ў парадак арганізацыі, якім належаць памяшканні.

— Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас у прынцыпе ўсё гатова з тых выбараў, каб ні урны не выкідалі, ні кабінкі, усё гэта ёсць на месцы, — сказаў Прэзідэнт. — Ну а галоўнае — гэта зарплата тых людзей, якія будуць задзейнічаны на гэтых выбарах. Шчыра вам кажу: хоць грошы ёсць — яны ў праекце бюджэту закладзены, лепш зэканоміць, але не за кошт тых людзей, якія будуць працаваць.

Асобная просьба Аляксандра Лукашэнкі да старшыні ЦВК датычылася таго, каб зразумела растлумачыць людзям сутнасць будучай кампаніі:

— Важна, каб вы ўсе нюансы абазначылі загадзя, каб не было гадання на кафейнай гушчы і розных інсінуацый. Каб мы ад улады сказалі выразна і пэўна: вось выбары, вось прынцыпы. Хаваць нічога не будзем. Хто гатовы на выбары ісці, няхай ідзе — па законе. Улада створыць усе ўмовы для таго, каб выбары былі даступныя. А вас я папрашу пракантраляваць, каб гэта было сапраўды даступна. Усе ўзроўні ўлады будуць працаваць у тым кірунку, які абазначыць Цэнтрвыбаркам, як гэта было і заўсёды.

У тэму

Якасць кампаніі залежыць ад кандыдатаў

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, пасля сустрэчы з Прэзідэнтам адказала на пытанні журналістаў.

...Пра бюджэт выбараў

«Ён складае практычна тую ж самую суму, якая была выдаткавана ў 2014 годзе, — у валютным эквіваленце гэта каля $10,5 млн. Калі гаварыць у беларускай валюце, гэта дзесьці BYN21,2 млн», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

...Пра назіральнікаў

У нашай краіны няма міжнародных абавязацельстваў запрашаць на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў міжнародных назіральнікаў. «Тым не менш кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівую ролю назірання і сказаў, што, натуральна, з'яўляецца разумнай і неабходнай наша звычайная практыка даваць гэтыя прэферэнцыі для вядзення кароткатэрміновага назірання ўсім замежным дыпламатам, якія акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

«Асноўны ўпор, вядома, будзе рабіцца на нацыянальнае назіранне. Яно заўсёды з'яўляецца вельмі шматлікім. Думаю, што палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і гэты раз не падвядуць нас і праявяць дастатковую актыўнасць для арганізацыі назірання», — адзначыла старшыня Цэнтральнай камісіі.

...Пра чаканую яўку

Падчас мінулых выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія праходзілі ў 2014 годзе, яўка выбаршчыкаў склала каля 78%. А ўвогуле, лічыць старшыня Цэнтрвыбаркама, усё залежыць ад кандыдатаў у дэпутаты.

Калі гаварыць пра іншыя асаблівасці будучай кампаніі, то Лідзія Ярмошына чакае, што яна будзе дастаткова спакойная: «Я заўважыла, што чым больш грошай укладваецца ў фінансаванне асобных кандыдатаў, тым бруднейшая выбарчая кампанія. Не думаю, што кандыдаты ў дэпутаты на выбары ў мясцовыя Саветы будуць укладаць альбо атрымліваць досыць вялікія сродкі на вядзенне перадвыбарнай агітацыі. Таму я думаю, што ў нас выбарчая кампанія будзе ў гэтым плане дастаткова стэрыльная».

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Выбары — даступныя і па законе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».