Вы тут

Адходы расплавяць і зробяць плітку


У Навагрудку бяруцца за новы праект па перапрацоўцы другаснай сыравіны.

Першым этапам стала ўстаноўка станцыі сарціроўкі адходаў, якая пачала дзейнічаць летась. Праект здзейснены ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва і фінансуецца ЕС (90%) і мясцовым бюджэтам (10%).


На выдаткаваныя сродкі пабудаваны цэх, дзе ўстаноўлена лінія сарціроўкі, склад, набыты два сучасныя смеццявозы, аўтапагрузчык, прэс, 200 кантэйнераў для смецця. Гэта дазволіла атрымаць у год каля трох тысяч тон другаснай сыравіны.

Магчыма, у маштабах краіны гэта невялікая лічба. Але ў раёне новы аб'ект прыносіць адчувальны эфект. Па-першае, значна зменшыўся паток адходаў на палігонах, а яны, як вядома, паўсюдна перагружаны. Па-другое, другасная сыравіна паступае на перапрацоўку, а гэта хоць і невялікі, але прыбытак. Для камунальнікаў важна, што гэта работа ўжо пачалася.

— У 2010 годзе нам перадалі 43 міні-палігоны, сёння засталося 10, — адзначае дырэктар Навагрудскай ЖКГ Мікалай Бараноўскі. — Цяпер мы можам амаль тры тысячы тон адходаў накіраваць на перапрацоўку, і дзве тысячы тон спрасаваць. Раздзельным зборам ахапілі ўсе аграгарадкі, у райцэнтры стварылі 56 пляцовак.

Праўда, пакуль ёсць праблема з заключэннем дагавораў з сельскімі жыхарамі. Гэта тыповая сітуацыя, якую можна назіраць у кожным раёне. Але ў Навагрудку з насельніцтвам вядуць пастаянную работу, да кожнага даводзіцца інфармацыя, што гэта паслуга абавязковая. Заключаць дагаворы можна прымусіць і праз судовыя інстанцыі. У кожнай вёсцы ёсць такія прыклады, і гэты метад вельмі дзейсны, зазначае Мікалай Бараноўскі. Цяпер дагаворамі ахоплена 72% сельскіх жыхароў. Са свайго боку камунальнікі забяспечваюць своечасовы вываз смецця, наладжаны пункты збору другаснай сыравіны ў вёсках, павялічваецца тэхнічны парк. У лізінг сюды паступіць яшчэ адзін сучасны смеццявоз, які каштуе 200 тыс. рублёў. Пашыраецца зона збору адходаў. У хуткім часе ў яе ўвойдуць суседнія Карэліцкі і Дзятлаўскі раёны. Тут будуць устаноўлены кантэйнеры і прэсы.

— Гэта работа дае плён, — робіць вывад Мікалай Бараноўскі. — Калі летась мы здалі чатыры тоны шкла, то сёлета ўжо 212 тон. На перапрацоўку паступіла каля 20 тон пластыку, 54 тоны паперы. Раней усё гэта ішло на палігон.

Дарэчы, на самім палігоне таксама ідзе сарціроўка. Тут працуе брыгада ў асноўным з ліку абавязаных асобаў па 18-м дэкрэце. Яны выбіраюць другасную сыравіну, якая прайшла міма лініі сарціроўкі і трапіла на сметнік. Разлічваюцца з брыгадай у канцы дня і цякучкі кадраў на гэтым участку амаль няма. А ўсяго ў цэху сарціроўкі створана 15 новых працоўных месцаў.

У Навагрудку ставяць задачу павялічыць долю другаснай сыравіны з агульнага аб'ёма адходаў. Пакуль паказчык невысокі — усяго 7%. Гэта на паўтара працэнта менш, чым па Гродзенскай вобласці (па краіне — 10—11%). Камунальнікі падлічылі: каб павялічыць аб'ём паперы, сям'я павінна здаваць у месяц 15 кг. Гэта наўрад ці рэальна, лічыць Мікалай Бараноўскі. На яго думку, паперу больш рацыянальна не са сметнікаў збіраць, а працаваць з гандлёвымі і харчовымі прадпрыемствамі, дзе яна больш выкарыстоўваецца.

І ўсе ж на будучыню тут робяць стаўку на палімерныя адходы. Справа ў тым, што раён мае шанцы атрымаць грант у памеры 800 тыс. еўра для больш паглыбленай перапрацоўкі сыравіны. Плануецца ўстанавіць новую тэхналагічную лінію, дзе палімеры будуць плавіцца, змешвацца з пяском. Такім чынам тут атрымаюць новы від вырабаў — палімерна-пясчаную плітку. Магчыма, з гэтай сумесі будуць выпускацца каналізацыйныя люкі. Мяркуецца разгледзець яшчэ 20 відаў рознай прадукцыі.

Больш поўна будуць выкарыстоўвацца адходы, якія не падпадаюць пад перапрацоўку. Праектам прадугледжана іх кампаставанне з атрыманнем біягазу.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.