Вы тут

Вобразы эпохі ў рэтраспектыве фотамастака Юрыя Іванова


Сёння існуе шырокі спектр адзнак Кастрычніцкай рэвалюцыі. Беларускі фотамастак Юрый Іваноў прапанаваў паразважаць, як падзеі 100-гадовай даўніны паўплывалі на лёс людзей, у фотапраекце «Гэта было нядаўна, гэта было даўно…». Выстаўка дэманструецца ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».


Мінск. Пётр Машэраў на плошчы Перамогі. 3.07.1970 года.

У экспазіцыю ўвайшло каля ста фотаздымкаў, зробленых у перыяд з 1962 па 1991 гады. Творчасць аўтара адлюстроўвае не толькі палітычныя моманты, але і сюжэты з жыцця простых людзей. Уражвае, як мастак умее тонка і глыбока адчуваць псіхалагізм не толькі чалавека, але і народа альбо часу. У фоташэрагу аўтара не знойдзеш сюжэтаў простых і безэмацыянальных. Кожны здымак, нават на першы погляд спакойны, прасякнуты драматызмам і памяццю.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічаў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, які падзякаваў фотамайстру за працавітасць і неабыякавасць як да гісторыі, так і да сучасных падзей.

— Тое высокае мастацтва, якое дэманструецца сёння ў выставачнай зале галерэі, яшчэ раз дазваляе пераканацца ў вялікім майстэрстве мастака, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. — Дзякуй Юрыю Сяргеевічу за неспакойны характар, майстэрства, якое прасочваецца ў кожным здымку. У нас дзяржаўнае свята — 100-годдзе Вялікага кастрычніка. Многія, хто прысутнічаюць на выстаўцы або прыйдуць пазней, — гэта людзі савецкай эпохі, ім важна ўспомніць той час, важна захаваць у сабе разуменне, як ён праходзіў, чым скончыўся. Нам усім трэба па-новаму пачынаць ставіцца да тых падзей, таму што мы іх не зменім. Сёння існуе мноства спрэчак на гэтую тэму, але, я лічу, гэта неканструктыўны падыход у развіцці культуры і грамадства. Трэба з кожнай эпохі браць лепшае і развіваць лепшае. Няхай тое, што было, можа, не зусім удалым, застанецца ў гісторыі.

Героі фотамастака — гэта моцныя і ўпэўненыя людзі, якія ведаюць, навошта жывуць. Юрый Іваноў ніколі не сябраваў з фотаапаратам механічна — кожную падзею, якая захавана на яго здымках, прапускаў праз сябе, пражываў. Як адзначыў на адкрыцці праекта прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч, творы аўтара характарызуюцца асаблівай эстэтыкай, зроблены з прафесійным густам і любоўю да роднага.

— Гэтая выстаўка выпакутавана сэрцам, душой. Не адзначыць 100-годдзе рэвалюцыі нельга, у той час жылі мае бацькі, бацькі маіх бацькоў, сёстры, стрыечныя браты, мае сябры, — адзначае Юрый Іваноў. — Можа, камусьці не падабаецца гэта дата, але яе са свядомасці выкрасліць немагчыма, таму што, як у адной песні спяваецца, «гэта наша з табой біяграфія». А біяграфія — гэта тое, што было і змяніць ужо немагчыма. Фотаздымкі, якія я зрабіў у рэтраспектыве з 1961 года, — гэта першы год маёй прафесійнай працы — да 1991 года, у гэтым годзе скончылася савецкая ўлада. Вялікая памяць, гісторыя. Фатаграфіі — зрэз часу, падобны да кольцаў спілаванага дрэва, якое не ажыве, але ж пакіне ў сабе мноства падзей, якія побач з ім адбываліся.

Фотаздымкі майстра прадстаўлены як у чорна-белым варыянце, так і каляровым. Яны інфарматыўныя і могуць зацікавіць не толькі старэйшае пакаленне, але і малодшае. Вялікі зрэз гісторыі праз фотамастацтва, тым больш у храналагічнай паслядоўнасці, дазваляе прасачыць змены як асобнага чалавека, так і трансфармацыю грамадства ў цэлым.

Цікавая не толькі мастацкая, але і тэхнічная падкаванасць аўтара. Калі глядач ужо бачыў некалькі выставак фотаздымкаў майстра раней, то будзе заўсёды пазнаваць работы творцы, таму што аўтарскі почырк Юрыя Іванова кідаецца ў вочы.

Дырэктар Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» Павел Сапоцька адзначыў:

— Экспазіцыя дэманструе савецкую эпоху, паказвае, якую ролю гэты час адыграў у фарміраванні нашай краіны. Юрый Сяргеевіч даражыць гэтай памяццю. Успамінаюцца словы Генрыха Гейнэ, які казаў, што ў кожнай эпохі свае задачы, і яны дапамагаюць будаваць цывілізацыю. У той эпохі, якую паказвае Юрый Сяргеевіч, былі свае задачы, у нейкім сэнсе яны склалі ідэалагічны і маральны падмурак часу, у якім зараз жывём мы. Аўтар паказвае глыбокія вобразы, цікавую філасофію і не звяртаецца да простых сюжэтаў. У філасофіі як усёй творчасці мастака, так і кожнага асобнага твора схавана вялікая любоў да жыцця і роднай зямлі. Паглядзіце, хто прыходзіць на выстаўкі Юрыя Іванова: гэта музыкі, акцёры, мастакі... Ён сапраўды дарагі чалавек для беларускай культуры, які фарміруе вакол сябе багатую інтэлектуальна-інфарматыўную прастору.

Падчас цырымоніі адкрыцця фотапраекта начальнік інфармацыйнааналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Хмель уручыла Юрыю Іванову падзяку ад міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча за значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай фотажурналістыкі, папулярызацыю сацыяльнаэканамічных і культурных дасягненняў Беларусі і арганізацыю на высокім прафесійным узроўні разнастайных фотапраектаў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.