13 снежня, серада

Вы тут

Грамадскія арганізацыі выступаюць супраць наркотыкаў


Для процідзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў органы ўнутраных спраў актыўна прыцягваюць грамадскія арганізацыі.

Яны пачалі аказваць істотную дапамогу органам унутраных спраў, установам адукацыі, грамадзянам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, а таксама сузалежным, якія сутыкнуліся з ужываннем наркотыкаў блізкім чалавекам. Сваякі нарказалежнага ў першую чаргу заклапочаны ратаваннем, аднак задача гэта настолькі няпростая, што шанцаў справіцца з ёю ў адзіночку амаль няма.


— Для нас важна захаваць жыццё і знізіць шкоду ад негатыўных наступстваў спажывання наркотыкаў, і тут асаблівую важнасць набывае работа з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, — адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Генадзь КАЗАКЕВІЧ. — У перспектыве наша сумесная работа абавязкова будзе спрыяць зніжэнню ўзроўню латэнтнасці наркаманіі. Неабходна валодаць аб'ектыўнай інфармацыяй, каб прымаць адэкватныя меры, не дапусціць разрастання маштабу наркаманіі ў краіне. На гэта павінна працаваць і першасная прафілактыка, ролікі і плакаты антынаркатычнага зместу, якія ў вачах дзяцей і падлеткаў выглядаюць часам прывабна, прымушаюць зрабіць адваротную выснову — «трэба пакаштаваць». Любая інфармацыя, якую атрымлівае грамадства, павінна быць зразумелай і фарміраваць адназначнае грамадскае меркаванне аб непрыняцці ўсяго, што звязана з наркапагрозай.

Школьнікі-«мінёры»

Іх прывабліваюць у асноўным абяцаннем высокага заробку. Навучаюць рабіць закладкі наркотыкаў, а таксама метадам канспірацыі, каб тыя ўмелі сыходзіць ад назірання, шыфраваць перамовы і г. д. Нярэдка да такой дзейнасці прыцягваюць школьнікаў, таму з 2014 года быў зніжаны парог узросту крымінальнай адказнасці да 14 гадоў. Аднак і сёлета праваахоўнікі затрымлівалі падчас закладак школьнікаў, а таксама навучэнцаў розных устаноў. За распаўсюджванне затрыманы нават выкладчык ВНУ. Аднак у большасці сваёй размова ідзе пра тых, хто нідзе не вучыцца і не працуе. Як правіла, гэта мужчыны ва ўзросце 16—30 гадоў. Але трапляюцца нават цяжарныя жанчыны і сямейныя пары. У Мінскай вобласці была нядаўна затрымана сямейная пара, у якой канфіскавана марыхуана ў сухім выглядзе вагой звыш 36 кг.

Некалькі гадоў таму па ініцыятыве МУС быў распрацаваны комплексны план, у якім упершыню ў якасці выканаўцаў былі згаданы грамадскія арганізацыі. Гэта было прызнаннем той ролі, якую яны маюць у вырашэнні сур'ёзнай праблемы. Валанцёры атрымалі больш шырокі доступ у шэраг устаноў, дзе можна выступаць перад маладзёжнай аўдыторыяй, павышаць узровень ведаў.

— Сем'і, дзе ёсць людзі з залежнасцю, неабходна вучыць правільна рэагаваць на хворага, яны павінны разумець, што слёзы і ўгаворы тут не дапамогуць, — кажа старшыня грамадскага савета Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Маці супраць наркотыкаў» Ірына ЛУК'ЯНОВІЧ. — Арганізацыя наша складаецца галоўным чынам з валанцёраў — людзей, якія ў мінулым самі ўжывалі або мелі праблемы іх дзеці. Нават калі такія хворыя замешаныя ў злачыннай дзейнасці, для нас важна, каб яны атрымалі магчымасць прайсці курс лячэння, і не толькі нейкі медыкаментозны курс, а з працяглай рэабілітацыяй, каб можна было гаварыць пра ўстойлівую рэмісію. Калі дзяржава не будзе займаць цвёрдую пазіцыю ў пытаннях барацьбы з наркаманіяй, то ў нас з'явіцца больш кліентаў і нам усім будзе складаней, а таму без шматбаковага супрацоўніцтва не абысціся.

Паводле слоў старшыні праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Пазітыўны рух» Ірыны СТАТКЕВІЧ, для любога, хто звяртаецца з праблемай наркаспажывання, зварот ананімны і бясплатны. У першую чаргу прапануецца сацыяльная адаптацыя, аднаўленне парушаных стасункаў і сувязяў, зніжэнне шкоды, медыцынская дапамога. Псіхасацыяльнай рэабілітацыяй з удзелам псіхолагаў і сацыяльных работнікаў займаецца і мясцовы фонд «Цэнтр здаровай моладзі», дырэктар якога — Алена ДАВЫДАВА — расказвае аб цесным супрацоўніцтве з МУС. Яго прадстаўнікі тлумачаць на групах узаемадапамогі некаторыя аспекты Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў. «Мы адчуваем падтрымку і з боку адміністрацый розных раёнаў, калі нам выдзяляюцца памяшканні для такой работы», — кажа яна.

Прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў працуюць і над тым, каб дапамагчы бацькам усвядоміць ступень уласнай віны. На жаль, у большасці выпадкаў блізкія спяшаюцца абвінавачваць у няпростай сітуацыі каго толькі можна, але не сябе. Многія катэгарычна не жадалі верыць у тое, што іх дзеці аказаліся ўцягнутымі ў гандаль і спажыванне тых жа спайсаў (а нярэдка гэта спалучаецца), наракалі на жорсткае заканадаўства, на тое, што многае не даказана. Бацькі пачалі аб'ядноўвацца і гаварыць аб тым, што іх дзеці апынуліся за кратамі несправядліва, памылкова...

— Па-чалавечы можна зразумець гора тых маці, дачок, жонак, якія сутыкнуліся з тым, што блізкі чалавек трапіў за краты на працяглы тэрмін. Праблема ператварылася ў інфармацыйную нагоду для таго, каб папракаць тыя ж органы ўнутраных спраў, — разважае Генадзь Казакевіч. — Наша заканадаўства не самае жорсткае. Аналіз заканадаўчай базы самых розных краін свету паказаў, што за гандаль наркотыкамі ёсць і смяротнае пакаранне, і пажыццёвае пазбаўленне волі. Хворага — спажыўца — неабходна, вядома, лячыць. А дылер павінен адбываць пакаранне. І мы свайго стаўлення да гэтага ніколі не памяняем, бо за кожным дылерам ёсць невялікія могілкі. Там тыя, хто загінуў ад перадазіроўкі. Але ёсць яшчэ і разбураныя або няствораныя сем'і, ненароджаныя дзеці... Таму самае сур'ёзнае пакаранне — пазбаўленне волі да 25 гадоў — прадугледжана за распаўсюджванне наркотыкаў.

Аналіз прымянення мер гуманізацыі пакаранняў паказвае, што менавіта да зняволеных нарказалежных дзяржава часцей прымяняе практыку замены пакарання на больш мяккае, на ўмоўна датэрміновае вызваленне. Мы не збіраемся адступаць ад той жорсткай палітыкі, якую праводзіць дзяржава, а вось правапрымяняльная практыка падлягае пераасэнсаванню, і гэта можа быць працэс абмеркавання з прыцягненнем грамадскасці. Гэта сітуацыя не папрокаў і нападак, а дыскусіі і лагічнага выніку.

Органы ўнутраных спраў даўно адышлі ад таго, каб злавіць за руку шараговага наркамана. Пытанне не ў спажыўцах, а ў арганізатарах бізнесу, спыненні дзейнасці злачынных груп, якія распаўсюджваюць наркотыкі. Палова ўсіх зарэгістраваных нарказлачынстваў звязана менавіта са збытам.

Крымінальная нарказлачыннасць ужо сышла з вуліц у сеткі. Да 90 працэнтаў наркотыкаў і псіхатропаў распаўсюджваецца сёння праз сетку інтэрнэт бескантактным спосабам. З'явілася нават паняцце даркнэту — прыватнай сеткі паміж даверанымі асобамі, якая актыўна выкарыстоўваецца злачынцамі ў наркаабароце. Схематычна выглядае гэта так: той, хто шукае наркотык, знаходзіць адрас «магазіна», дзе пазначана, што і колькі. Праз плацежныя тэрміналы з адкрыццём электроннага кашалька пераводзіцца адпаведная сума на пазначаны электронны кашалёк, пасля чаго пакупніку высылаецца адрас закладкі — месца, дзе знаходзіцца наркотык. У выніку наркадылеры, якія робяць такія закладкі, ведаць не ведаюць арганізатараў злачыннага бізнесу, якія могуць знаходзіцца наогул на тэрыторыі іншай краіны. Актыўна прымяняюцца пры гэтым інтэрнэт-тэхналогіі — браузеры, якія шыфруюць ір-адрасы, інтэрнэт-месенджары з пратаколамі шыфравання, а таму немагчыма кантраляваць сам працэс перапіскі. І тут неабходна выбіраць: абарона асабістага жыцця, тайны перапісак ці нацыянальная бяспека? У прыярытэце, вядома, апошняе.

Ранейшыя формы і метады ажыццяўлення аператыўнай работы ўжо не надта эфектыўныя. Таму адшукваюцца новыя тэхнічныя сродкі, новыя методыкі. У падраздзяленнях наркакантролю створаны структуры інтэрнэт-разведкі, дзе займаюцца не толькі пошукам, выяўленнем, спыненнем саміх злачынстваў, але і блакіраваннем інтэрнэт-кантэнту. Як правіла, гэта атрымліваецца. Блакіруюцца нашымі праваахоўнікамі і электронныя грошы на кашальках — летась на суму каля 300 тысяч долараў. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва і з банкамі, а таксама тымі суб'ектамі, якія падтрымліваюць электронныя кашалькі. Дарэчы, беларускі вопыт прымянення такой практыкі прызнаецца і іншымі краінамі.

«Сінтэтыка» крыху адступіла

У 2014 годзе «сінтэтыка», якая аказвае самае згубнае ўздзеянне на арганізм (ад яе былі шматлікія выпадкі перадазіроўкі і гібелі), складала 80 працэнтаў наркатычнага рынку. Сёння яе доля на рынку 40 працэнтаў. Яшчэ 30 працэнтаў прыпадае на марыхуану (айчынную і прывезеную), 10 — на апіоіды, гашыш (наркотыкі расліннага паходжання). Той жа гашыш трапляе ў краіну з Марока праз Іспанію. Выраб «сінтэтыкі» стаў дарагім, а лагістыка з тэрыторыі Кітая — больш рызыкоўнай. Летась у Кітаі спынена дзейнасць 438 нелегальных наркалабараторый, у шэрагу выпадкаў канфіскаваліся гатовыя наркотыкі вагой больш за тону.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хворага — лячыць, а дылера...

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?

І чаму ў музеях нашай краіны павінны быць арыгіналы рарытэтаў?

Грамадства

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

Домік для Бобіка і не толькі могуць змайстраваць слуцкія бытавікі

«Будка для сабакі — для нашых майстроў не праблема».

Эканоміка

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Як тэхналогіі і час змяняюць рынак працы?

Расказваем пра змены, якія адбываюцца ўжо цяпер.