Вы тут

Нас чакае «халоднае» Сонца


Колькасць плям на Сонцы, якія вызначаюць узровень сонечнай актыўнасці, імкліва падае. Гэта зафіксавалі спецыялісты лабараторыі рэнтгенаўскай астраноміі Сонца Фізічнага інстытута імя П. М. Лебедзева РАН (ФІАН).


Вынікі назіранняў расійскіх астрафізікаў паказалі, што сёння на звернутым да Зямлі баку Сонца не назіраецца ні адной плямы. Навукоўцы выказалі здагадку, што плямы могуць адсутнічаць і на адваротным баку зоркі: яны адзначылі, што не могуць дакладна сказаць, ці так гэта, але падкрэслілі, што на фотаздымках Сонца двухтыднёвай даўнасці плямы таксама адсутнічалі.

Кожныя 11 гадоў адзіная зорка Сонечнай сістэмы змяняе цыкл актыўнасці. Раз у 11 гадоў колькасць плям на Сонца дасягае максімуму, мінімум актыўнасці назіраецца ў зоркі прыкладна пасярэдзіне цыкла. Гэта з'ява атрымала назву цыкл Швабе. «Зыходзячы з карціны, якую мы назіраем цяпер, Сонца няўхільна рухаецца да чарговага мінімуму, які будзе дасягнуты ў канцы 2018-га — першай палове 2019 года», — растлумачылі ў лабараторыі ФІАНа.

На працягу найбліжэйшага часу, дадалі астрафізікі, на Сонцы спачатку цалкам знікнуць складаныя групы плям і спыняцца ўспышкі. Пасля гэтага ў кароне свяціла знікнуць вобласці гарачай плазмы, а энергія прадукаванага імі рэнтгенаўскага выпраменьвання знізіцца амаль да нуля. Паступова будуць спрашчацца пакінутыя сонечныя плямы, што на мінімуме актыўнасці прывядзе да падзення магнітнай энергіі зоркі да нуля. У такім выглядзе Сонца будзе заставацца ад некалькіх месяцаў да года, пасля чаго яго актыўнасць пачне паступова ўзрастаць і стартуе новы сонечны цыкл.

«У цяперашні момант Сонца, мяркуючы па ўсім, стала ўваходзіць у трэці этап, які характарызуецца паступовым знікненнем плям. На гэтым этапе ўсё яшчэ на кароткі час могуць з'яўляцца асобныя плямы і нават адбывацца слабыя ўспышкі, але гэта з'яўляецца толькі апошнімі ўсплёскамі актыўнасці. Канчатковае знікненне плям з Сонца можа адбыцца ўжо на працягу двух-трох наступных месяцаў», — заключылі астрафізікі ФІАНа.

Вядучы навуковы супрацоўнік Пулкаўскай абсерваторыі Георгій Ганчароў пацвердзіў, што сонечныя плямы сапраўды зніклі, аднак нічога экстраардынарнага ў такой сітуацыі няма. «Я магу сказаць, што перыяд мінімуму сонечнай актыўнасці сапраўды набліжаецца. Такое адбываецца, і плямы практычна знікаюць на некалькі месяцаў. У часы Пятра І былі мінімумы са знікненнем плям на некалькі гадоў», — расказаў Ганчароў.

Выхад з мінімуму сонечнай актыўнасці ў новую фазу, як паказваюць назіранні, можа наступаць са спазненнем, з-за чаго адбываецца змяненне клімату на Зямлі. Так, на стыку ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў, у перыяд, які астрафізікі называюць малым ледніковым, быў зафіксаваны збой сонечнага цыкла — мінімум Маўндэра. Сонечная актыўнасць замерла на некалькі дзесяцігоддзяў, і на працягу амаль 50 гадоў на Сонцы было ўсяго каля 50 плям замест звычайных 40—50 тысяч.

Галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі Сонца і касмічных прамянёў ФІАНа Сяргей Багачоў у размове адзначыў, што амаль поўнае знікненне плям кажа пра тое, што найбліжэйшы мінімум будзе вельмі глыбокі, «магчыма, нават экстрэмальна, і актыўнасць Сонца ўпадзе да вельмі нізкага ўзроўню».

Мінімум актыўнасці доўжыцца не вельмі доўга, у асноўным гэта займае перыяд у адзін год, таму Зямля не паспявае неяк адрэагаваць на гэтую падзею і прыкметных змен няма, але ў гісторыі былі выпадкі, калі Сонца ўваходзіла ў стан мінімуму і затрымлівалася ў ім на дзесяцігоддзе. Калі Сонца затрымліваецца ў стане мінімуму, назіраецца адчувальнае падзенне зямной тэмпературы на пяць-дзесяць градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».