Вы тут

Лідзія Ярмошына дала парады кандыдатам у дэпутаты


З датай выбараў вызначыліся яшчэ раней (18 лютага 2018 года), а ўчора ўдакладнілі план правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання. Пра гэта падчас пасяджэння Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў заявіла яе старшыня Лідзія ЯРМОШЫНА.


Фота: БЕЛТА

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў павінны быць створаны не пазней за 24 лістапада. «Паколькі ў Беларусі 1309 мясцовых Саветаў (з улікам сельскіх), адпаведна 1309 тэрытарыяльных камісій павінна быць створана не пазней за 24 лістапада. Крайні тэрмін падачы дакументаў — 21 лістапада, — удакладніла Лідзія Ярмошына. — Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў абласнога Савета і Мінскія раённыя камісіі (іх будзе 9) утворацца не пазней за 4 снежня». Не пазней за 29 лістапада ў друку павінны з'явіцца спісы выбарчых акруг — іх нумары, апісанне і найменне.

Участкі для галасавання ўтворацца не пазней за 16 снежня, участковыя выбарчыя камісіі — не пазней за 3 студзеня. «І гэта самы напружаны момант, бо апошні тэрмін падачы дакументаў аб вылучэнні ў склад участковых выбарчых камісій — 31 снежня гэтага года, прычым гэта нядзеля. Зразумела, павінна быць арганізавана дзяжурства», — адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Не пазней за 7 лютага выбаршчыкам павінны быць накіраваны запрашэнні прыйсці на выбарчыя ўчасткі, а ўчастковыя выбарчыя камісіі павінны быць забяспечаны бюлетэнямі для галасавання не пазней за 12 лютага.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе ажыццяўляцца з 10 снежня па 8 студзеня — апошні дзень здачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Рэгістрацыя пройдзе з 9 па 18 студзеня. Пасля правядзення рэгістрацыі стартуе перыяд перадвыбарчай агітацыі, які працягнецца да 18 лютага ўключна.

«Цяпер каляндарны план дапаўняецца спецыяльным раздзелам, які датычыцца стварэння асабістых выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты. У ім прадугледжаны як тэрміны стварэння фондаў, якія адкрываюцца з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, у асноўным пасля 18 студзеня, так і тэрміны справаздач, якія павінны быць прадастаўлены пасля выбарчай кампаніі», — паведаміла Лідзія Ярмошына. Пры гэтым яна заявіла журналістам, што, хутчэй за ўсё, фонды не стануць трэндам гэтай выбарчай кампаніі. І ўвогуле мясцовыя выбары можна правесці не ўкладаючы ўласных сродкаў: памяшканні для сходаў выдзяляюцца бясплатна, палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні таксама без грошай падтрымаюць сваіх кандыдатаў.

Патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты старшыня ЦВК параіла, перш за ўсё, шукаць тых людзей, якія будуць збіраць за іх подпісы, альбо тыя працоўныя калектывы (у якіх, дарэчы, яны могуць і не працаваць), якія згодны іх вылучыць кандыдатамі ў дэпутаты. «На гэтых выбарах дзейнічае прынцып «глебы». Вылучацца кандыдатам у дэпутаты можна па тым мясцовым Савеце, дзе ён ці яна пражывае і (ці) працуе. Можна, вядома ж, не пражываць і не працаваць, але гэта для работнікаў асобных устаноў, якія абслугоўваюць сацыяльныя патрэбы рэгіёна, — паведаміла Лідзія Ярмошына. — Акрамя таго, кандыдатам у дэпутаты трэба ведаць, што яны маюць права адначасова абірацца па некалькі відах Саветаў». Калі, напрыклад, кандыдат пражывае на тэрыторыі сельскай мясцовасці, то ён можа выбірацца і ў абласны Савет, і ў раённы, і ў сельскі, але ў Саветы аднаго ўзроўню — нельга. Больш падрабязна тлумачэнні ЦВК дасць непасрэдна перад самім вылучэннем.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вызначаны каляндарны план

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?