Рэспубліканскі прафсаюзны форум студэнцтва праводзіцца другі раз. Сёлета ён сабраў каля тысячы ўдзельнікаў з 43 вышэйшых навучальных устаноў краіны.
— Асноўная ідэя — стварыць дыскусійную пляцоўку, каб сучасная моладзь магла ўзняць пытанні размеркавання і працаўладкавання, паўдзельнічаць у творчых конкурсах. Да форуму далучыліся і замежныя госці — з Эстоніі, Казахстана, Расіі, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Глеб ЛАПІЦКІ.
Студэнты ўніверсітэтаў удзельнічалі ў саміце, дзе разам з экспертамі абмяркоўвалі, як сістэме адукацыі падстроіцца пад патрэбы рынка працы. Праходзіў таксама конкурс прафсаюзных праектаў. Так, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прэзентаваў мабільную праграму прафкама. Яна шматфункцыянальная: гэта і даведнік нарматыўнай дакументацыі, якую часцей запытваюць студэнты (тая ж інфармацыя аб матэрыяльнай дапамозе), і каляндар мерапрыемстваў, і сродак зваротнай сувязі. Праграма таксама рассылае важныя паведамленні — напрыклад, не забыць напісаць заяву на інтэрнат. Студэнты гродзенскага ўніверсітэта ўжо карыстаюцца ёй у тэставым рэжыме. Поўная версія, мяркуецца, будзе запушчана ў лютым. А Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія распрацавала для членаў прафкама спецыяльную дысконтную картку.
— Мы задумаліся над тым, каб увасобіць у жыццё рэальныя меры сацыяльнай падтрымкі. Кожны студэнт, уступаючы ў прафсаюз, атрымлівае дысконтную картку бясплатна. Яна дае зніжку ад 3 да 15 працэнтаў. На сёння мы заключылі дагаворы аб партнёрскім супрацоўніцтве з 12 прадпрыемствамі Горак — гэта кавярні, цэнтры друкаваных паслуг, таксі, цырульні, — дзеліцца вопытам старшыня прафкама студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь СЯДЗЮК.
Сёння ўдзельнікі форуму наведаюць буйныя прадпрыемствы і арганізацыі сталіцы, каб лепш даведацца аб выбранай прафесіі і аб тым, што іх чакае на працоўным месцы. Запланаваны экскурсіі на Мінскі завод халадзільнікаў, МТЗ, Мінскі механічны завод імя Вавілава, аддзяленне Беларускай чыгункі і іншыя прадпрыемствы сельскагаспадарчай, будаўнічай галін, лёгкай прамысловасці, адукацыі і аховы здароўя.
Падчас форуму ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў працавала таксама прафарыентацыйная выстава ўніверсітэтаў, каб сталічныя школьнікі, якія яшчэ не вызначыліся, куды паступаць, змаглі больш даведацца пра розныя спецыяльнасці.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.