Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары Прылуччыны


Ніна Антонаўна і Міхаіл Міхайлавіч Гусакі не адзіныя жыхары Прылуччыны, акрамя іх тут яшчэ ёсць два чалавекі. А некалі была немалая вёска. Ды ўсё яе маладое пакаленне з'ехала ў горад.


— Заходзьце, заходзьце — гукаюць з глыбіні хаты гаспадары, насустрач яны не выходзяць, бо ў абаіх хворыя ногі. Вайна нагадвае аб сабе.

Абое былі ў тую пару дзецьмі, але пацярпелі ад вайны. У Ніны забілі бацькоў і бабулю. Фактычна на яе вачах. Жылі яны на хутары. І ўвесь час баяліся. Ці то ліхія людзі з лесу наляцяць, ці немцы наедуць — чакай бяды. Вось аднойчы немцы рабілі аблаву, шукалі партызанаў. Нініны маці з бабуляй прыгатавалі масла, яек, яшчэ сяго-таго, думалі адкупіцца, як раней бывала. Але і фашысты розныя трапляліся. Той, што да іх зайшоў, глянуў на кош з правізіяй, тыцнуў пальцам, маўляў, для партызанаў прыгатавалі. І першай застрэліў старэйшую гаспадыню, маладая стала ўцякаць, але куля дагнала. Тады ж забілі і бацьку, засталася 11-гадовая Ніна сіратой.

А Міша наогул стаў ахвярай боепрыпасу і сваёй цікаўнасці пасля вызвалення. Падлетак пасвіў кароў, ды знайшоў на балоце снарад ад «Кацюшы», які не разарваўся. І набраў у кішэню тэрміту з таго злашчаснага снарада, небяспечнае рэчыва загарэлася. Адным словам, хлопчык атрымаў цяжкія апёкі. Доктар у Пружанах сказаў тады, што калі б не яго моцны дзіцячы арганізм, не вытрымаў бы. Лячыўся доўга, перанёс шмат перасадак скуры. Медсястра яму потым расказвала, што пасля адной з аперацый тэмпература была 41,8.

— Дзве крэскі на градусніку аддзялялі мяне ад таго свету, — кажа Міхаіл Міхайлавіч. — Неяк выкачаўся, але ж не толькі скура, косці пацярпелі, таму нага назаўсёды засталася хворай. А ў 2000-м тромб утварыўся ў сэрцы. І ўжо везлі мяне на «хуткай», як цяпер разумею, без асаблівай надзеі. Потым мне наша фельчарка расказвала, што ў такіх выпадках, як мой, адзін з сотні выжывае. Але, дзякуй Богу, абышлося. А тут, лічы, нядаўна, у 2012-м, апендыцыт здарыўся. У бальніцу прывезлі, а доктар мне гаворыць: «Не ведаю, што рабіць. Наркоз вам супрацьпаказаны, не вытрымае сэрца. Самі вырашайце». Я адказваю: «Не перажывайце, доктар, што будзе. У крайнім выпадку — лёгкая смерць». І як бачыце, зноў абышлося.

— Такім чынам, тры разы ўжо амаль што з Богам сустракаліся, а ён вас назад да жонкі адпраўляе, — уступае ў размову старшыня сельскага Савета Сяргей Лапука.

— Ну вядома, да маёй Ніначкі. Як жа я без яе? — з любоўю паглядае галава сямейства на сваю палавіну.

Потым яны злёгку перабіваючы адзін аднаго, весела ўспамінаюць, як пачалі дружыць, сустракацца, вырашылі злучыць свае лёсы. Знаёміцца не трэба было, гадаваліся ў адной вёсцы. І хоць Ніна была на два гады старэйшая, але, калі запала ў душу хлопцу, ён усё ж дабіўся яе сімпатыі. А потым селі на веласіпед, паехалі ў Гарадзечна ў сельсавет, распісаліся. Вось і ўсё вяселле. І ўжо 62 гады — душа ў душу.

Жылі, як усе ў тую пару, працавалі ў калгасе. Ніна Антонаўна і птушку даглядала, і цялят, і даяркай была, і брыгадзірам. Цяпер успамінае тое брыгадзірства не вельмі добра, гаворыць, што з людзьмі працаваць заўсёды цяжэй, чым, напрыклад, кароў даіць альбо на зямлі што вырошчваць. Згадвала, як заяву пісала на звальненне, а старшыня не адпускаў, бо не было кім замяніць. Але заўсёды і ва ўсім яе Міша падтрымліваў.

З мужам яны выгадавалі дваіх дзяцей, і ўжо маюць восем праўнукаў. «Чатыры праўнукі і чатыры праўнучкі», — удакладніў Міхаіл Міхайлавіч. Дачка і сын жывуць у Брэсце. Прыязджаюць не толькі на выхадныя, але і сярод тыдня. Бацькам не трэба ні ваду ў хату насіць, ні дровы. Усё гэта робяць дзеці з запасам на некалькі дзён. У выхадныя дачка мые, прыбірае ў хаце, гатуе ежу, каб потым можна было разагрэць. Што з прадуктаў прывязуць з горада, а што купяць тут, бо аўтакрама разварочваецца амаль каля самых весніц.

Цікаўлюся, ці не збіраюцца 86- і 84-гадовыя бацькі перабрацца ў горад да дзяцей. Слабыя ўжо. Трэба разумець, і дзецям цяжка ўвесь час матацца туды-сюды. І адчуваю, якое складанае пытанне закранула. Ніна Антонаўна кажа, што на сямейным савеце вырашылі: калі толькі застанецца хто адзін, адразу пераедзе да дзяцей. А пакуль разам... «Нам жа найлепей у сваёй хаце, мы адно каля аднаго і пагаворым, і пасмяёмся, а пакуль сваіх чакаем — час хутчэй праходзіць», — разважае гаспадыня.

Потым ужо, калі развіталіся з жыхарамі Прылуччыны, старшыня сельскага Савета сказаў, што іх праўнукі — шчаслівыя людзі, у іх перад вачыма такі прыклад узаемаадносін мужа і жонкі, які лепшы за ўсе на свеце натацыі і вучэбныя дапаможнікі. Сяргей Іванавіч гаворыць, што, калі першы раз заехаў да іх на сваёй цяперашняй пасадзе, быў проста ўражаны: «Ну можа, калі ў фільме якім нешта падобнае бачыў. Тут пра іх хоць ты кіно здымай. Нават дзіва бярэ, як гэтыя старыя вясковыя людзі ў найлепшых арыстакратычных традыцыях звяртаюцца адно да аднаго з такой павагай і пяшчотай».

І праўда, калі Міхаіл Міхайлавіч хацеў паправіць жонку, бо яна, успамінаючы падзеі, часам блытала даты альбо імёны, ён казаў: «Пачакай, Ніначка, я скажу», і ў голасе ні кроплі раздражнення. Цікава, што яны ні разу за ўсю гутарку не паскардзіліся на свой лёс, альбо на сваё здароўе, хоць і няўзброеным вокам відно, якое яно. Яны, відаць, умеюць так радавацца адно аднаму, што ўсё астатняе падаецца не надта важным.

І яшчэ прыгадалася, як разважаў пра шлюб чалавек з 60-гадовым вопытам сумеснага жыцця: «Самае галоўнае цаніць і паважаць адно аднаго. Цяпер маладыя не ўмеюць быць стрыманымі, не ўмеюць дараваць. Смеху варта: адно слова можа прывесці да крыўды, нават да разводу. Гэта няправільна. Трэба дзякаваць Богу за тое, што даў у спадарожнікі табе гэтага чалавека, і бачыць у ім самае добрае. Няма такой праблемы, якую не можна было б вырашыць мірным шляхам. А то хочуць, каб дзяржавы жылі паміж сабой мірна, а чалавек з чалавекам ужыцца не можа. Павага і разуменне ў сям'і — галоўнае», — лічыць Міхаіл Міхайлавіч.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прылуччына Пружанскага раёна

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».