24 студзеня, серада

Вы тут

У Адэльску адрадзілі свята млынароў


У пасёлку, які мае адразу тры аб'екты нематэрыяльнай спадчыны, адрадзілі свята млынароў.

Некалі прыгранічны Адэльск ганарыўся сваімі млынамі. Цяпер не засталося ніводнага. Але нашчадкі гаспадароў-млынароў хочуць вярнуць пасёлку былую славу і пабудаваць копію апошняга ветрака, які быў знішчаны стыхіяй 15 гадоў таму. А пакуль сіламі работнікаў культуры тут адрадзілі свята млынароў — на дзень святога Марціна гасцей весяляць і частуюць рознымі прысмакамі.


Самы важны атрыбут свята — хлеб новага ўраджаю. Гэтай традыцыі трымаюцца і цяпер. Мясцовая жыхарка Марыя Іодзель выпякае хлеб па старажытных рэцэптах, якімі карысталіся ў яе сям'і спакон веку. Тады пяклі хлеб адразу на тры тыдні, кажа Марыя Пятроўна, і ён добра захоўваўся, завернуты ў ільняны ручнік. Многія працягвалі пячы свой хлеб ажно да канца 60-х гадоў, бо ў калгасе за працадзень плацілі зернем, якое малолі тут жа, на млыне.

Адэльскія гаспадыні абавязкова кожны тыдзень гатавалі бабку ці бульбяную каўбасу (кішку), а па святах — тушылі гусака. Да гэтых страў на стол ставіліся каўбаскі, сальца, знакамітыя адэльскія пірагі, пончыкі і хрусты. Каб не страціць такую смакату, рэгіянальную кухню ўключылі ў спіс элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Цяпер ніводнае свята ў Гродзенскім раёне не абыходзіцца без гэтых страў.

А яшчэ Адэльск вядомы тым, што тут жыве народны майстар Мар'ян Скрамблевіч (на фота), які стварае дудкі, флейты, жалейкі, акарыны ў выглядзе птушак і рыб, паляўнічых рагоў. Кожная дудка мае свой голас, набліжаны да прыроды, — можа перадаць шум ветра, шапаценне дрэў, спеў птушак. Мар'ян Антонавіч стварыў самую вялікую ў Еўропе калекцыю акарын. А схемы яго дудачак нават даследавалі навукоўцы. На свяце млынароў народны майстар парадаваў усіх сваімі цудоўнымі дудкамі, некаторыя з якіх зроблены спецыяльна для дзетак, каб іграць на іх без натугі. Творчасць Мар'яна Скрамблевіча таксама ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

— Мы хочам прывабіць такім чынам турыстаў, — паведаміла начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама Наталля Рамановіч. — Таму паказалі ўсё адметнае, што ёсць у Адэльску. Далучыліся і жыхары ўсяго Гродзенскага раёна. З кожнага аграгарадка прывезлі па караваі, зрабілі міні-млыны.

Дэкаратыўныя ветракі, а іх з розных куткоў раёна прывезлі больш за дзясятак, адразу прыцягнулі ўвагу наведвальнікаў і сталі свайго роду фотазонамі. Сярод іншых выдзяляецца мясцовы млын, які ўсталяваны каля цэнтра культуры як напамін аб мінулым.

У Адэльску некалі было ажно 11 драўляных ветракоў, кажуць старажылы. Усе яны былі прыватныя. Многія жыхары і сёння памятаюць, як гадоў 15 таму быў разбураны апошні млын, што належаў Альбіну Будрэвічу. А ў 70-я тут яшчэ малолі муку, успамінае пенсіянерка Марыя Антонаўна. Нехта з жыхароў перадаў у цэнтр культуры старажытныя жорны. У некаторых вяскоўцаў яшчэ і цяпер захоўваюцца драўляныя саўкі і вагі для збожжа. Многае з сялянскіх прыладаў можна было ўбачыць на выстаўцы пад адкрытым небам.

Старшыня Адэльскага сельсавета Уладзімір Трутнеў таксама добра памятае апошні адэльскі вятрак. Кажа, што спачатку ў яго стукнула маланка і млын абгарэў, а потым моцны вецер канчаткова разбурыў. У сямейным альбоме Уладзіміра Валер'евіча, як і ў многіх аднавяскоўцаў, ёсць фотаздымкі на фоне старога млына. Натхняў гэты аб'ект і аматараў жывапісу. У майстра Скрамблевіча нават захавалася карціна, створаная яго братам, з выявай таго самага ветрака.

— У нас былі планы па ўзнаўленні млына, — зазначае Уладзімір Трутнеў. — Але гэта справа патрабавала вялікіх сродкаў, а спонсараў не знайшлося. Бо аб'ект усё ж не малы, яго трэба спраектаваць, правільна ўсталяваць.

Адэльскі сімвал зноў можа паўстаць на гэтай зямлі. Месца для яго ўжо прыгледжана — недалёка ад цэнтра пасёлка. Грандыёзны па мясцовых мерках праект можа ажыццявіць прадпрымальнік, нашчадак былых гаспадароў-млынароў. Гэту ідэю мясцовыя ўлады падтрымліваюць і гатовы дапамагчы яе ажыццявіць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ці закруціцца зноў вятрак?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Грошы: захаваць і прымножыць

Грошы: захаваць і прымножыць

Рана ці позна кожны з нас разумее, што неабходна мець нейкі запас фінансавых сродкаў.

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?