Вы тут

Мікалай Січкар: Снаўборд — гэта не толькі спорт, але і лад жыцця


Ці складана стаць на дошку, скарыць снежны схіл, зрабіць трук і трапіць на Алімпійскія гульні?

Часам нараджэння снаўборда называюць пачатак 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Дошка, якая спачатку была зроблена, як дзіцячая цацка, паступова мяняла свой знешні выгляд і станавілася ўсё зручнейшай для аматараў актыўнага адпачынку. Праз 20 гадоў пачалі праводзіцца першыя спаборніцтвы па гэтым займальнам відзе спорту, паступова з'явіліся яго розныя кірункі, а рост папулярнасці прывёў да таго, што снаўборд афіцыйна прызналі зімовым відам спорту. У 1985 годзе на аўстрыйскім гарналыжным курорце Цюрс прайшоў першы Кубак свету, а Алімпійскі дэбют адбыўся ў 1998-м у слаламе-гіганце і фрыстайле (сярод мужчын і жанчын).


Сёння на Алімпійскіх гульнях снаўборд прадстаўлены пяццю дысцыплінамі: паралельны гіганцкі слалам, снаўборд-крос, хафпайп, слоўпстайл і біг-эйр. Як правіла, менавіта снаўборд з'яўляецца адным з самых відовішчных і экстрэмальных відаў спорту, уключаных у алімпійскую праграму зімовых Гульняў. Прыемна адзначыць, што вялікую папулярнасць ён набірае і ў нас у краіне. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Мікалай Січкар расказаў, дзе выступаюць айчынныя снаўбардысты, калі чакаць першых прадстаўнікоў краіны на Алімпіядзе і паразважаў з нагоды таго, хто будзе ў лідарах на Гульнях у Пхёнчхане.

— Мікалай, раскажыце, ці даўно развіваецца снаўборд у Беларусі?

— Ужо каля 20 гадоў. Але яшчэ гадоў дзесяць таму, мы не маглі гаварыць аб наяўнасці каманды спартсменаў, якія выступалі б на прафесійным узроўні. У нас былі вучэбна-трэніровачныя зборы, невялікая практыка, але не было добрых выступленняў на міжнародных турнірах. Сёння каманда Беларусі — гэта пастаянны ўдзельнік Кубка Еўропы, юніёрскага чэмпіянату свету, у мінулым сезоне мы дэбютавалі на двух этапах Кубка свету.

— Ці шмат у нас прафесійных снаўбардыстаў?

— Цяпер зборная Беларусі складаецца з шасці спартсменаў і двух трэнераў. У нас добра выбудаваная сістэма работы, пачынаючы ад дзіцячага спорту (дзяцей 6—7 гадоў) і заканчваючы зборнай камандай. Напрыклад, я галоўны трэнер зборнай (два гады), але ў той жа час — трэнер у дзіцячай школе, і пачынаў сваю работу менавіта там. Трэба адзначыць, што дзеці да нас ідуць, іх шмат, бо мы праводзім даволі крэатыўныя заняткі. Улетку трэніруемся ў акрабатычнай і батутнай залах, на стадыёне, у трэнажорнай зале, на воднай дошцы, выкарыстоўваем скейтбордынг. Ну а зімой, вядома, праводзім трэніроўкі ў гарналыжных цэнтрах. Дзецям вельмі цікава, цяпер у нас працуе каля пяці трэнераў (сярод іх выдатныя спецыялісты — Артур Качура, Сяргей Самойлаў, Асоль Слівец, Настасся Казачонак), а ахвотных займацца ўсё больш і больш, таму часам мы не можам ахапіць усіх.

— Як у многіх відах спорту, ёсць дэфіцыт з трэнерскімі кадрамі?

— Не магу сказаць, што ў нас іх мала, але мы шукаем людзей, бо хацелася б пашыраць круг беларусаў, якія будуць прафесійна займацца снаўбордам.

— Наколькі гэта дарагі від спорту?

— Для пачатку заняткаў няма неабходнасці купляць новы і дарагі камплект для снаўборда, тут можна ўкласціся прыкладна ў 300 еўра. Калі мы бачым, што дзіця ва ўзросце 9—10 гадоў перспектыўнае, таленавітае, руплівае, то гатовыя забяспечыць яго экіпіроўкай.

Вядома, дарослым спартсменам сам снаўборд прыходзіцца змяняць значна часцей. На шчасце, нашы спартсмены пастаянна растуць, іх узровень становіцца ўсё вышэйшы, разам з гэтым расце і складанасць скачкоў, і вышыня трампліна. Часцей здараюцца няўдалыя прызямленні, а яны могуць абярнуцца тым, што дошка ламаецца. Таму топавым спартсменам неабходна каля чатырох снаўбордаў на сезон, добрыя дошкі для прафесіяналаў каштуюць каля 400 еўра.

— Якія асноўныя праблемы сёння існуюць у беларускім снаўбордзе?

— Можна сказаць, што яна ў нас адна — патрэбна нацыянальная каманда. Ёсць зборная, але няма нацыянальнай. У спартсменаў няма ставак, а значыць, няма заробкаў. Для стварэння такой каманды мінулай зімой мы выканалі ўсе патрабаванні, але Міністэрства спорту пакуль не прыняло станоўчага рашэння. Мы спадзяёмся на адкрыццё нацыянальнай каманды да наступнага сезона, і прыкладзём да гэтага ўсе намаганні. Для 19-гадовых спартсменаў фінансавая падтрымка стане дадатковым стымулам для таго, каб паказваць добрыя вынікі.

Паступова ад этапаў Кубка Еўропы мы змаглі перайсці да этапаў Кубка свету, якія праводзяцца не толькі на Еўрапейскім кантыненце, але і ў Новай Зеландыі, Амерыцы. Каб працягнуць выступленні там, вядома, трэба дадатковае фінансаванне. У нас не вялікая каманда, як напрыклад, у гульнявых відах спорту, а ўсяго шэсць спартсменаў, гэтыя людзі вартыя таго, каб укладваць у іх грошы.

— Апошнім часам зімы становяцца ўсё менш снежнымі. У Беларусі ёсць дзе трэніравацца ў зімовы перыяд?

— Вядома, у нас ёсць два выдатныя гарналыжныя цэнтры, у якіх мы звычайна працуем — «Сонечная даліна» і «Сілічы». Таму ўмовы для развіцця, у прынцыпе, ёсць. Дадаткова плануецца задзейнічаць лыжны комплекс «Лагойск». Існуюць дробныя праблемы, але мы іх не агучваем, а працуем над рашэннем. Снаўборд у Беларусі сёння — гэта від спорту, які плаўна, дынамічна развіваецца. На кожным этапе падрыхтоўкі спартсменаў працуюць трэнеры, якія з'яўляюцца фанатамі сваёй справы, бо снаўборд — гэта не толькі від спорту, але і лад жыцця, стыль, асаблівы светапогляд чалавека.

— Якія задачы стаяць перад камандай у сёлетнім сезоне?

— Мы ніколі не рабілі акцэнт на агульны залік Кубка Еўропы, канцэнтраваліся на асобных этапах, а зараз наша задача — трапіць у пяцёрку лепшых спартсменаў кантынента. Мы плануем прыняць удзел ва ўсіх этапах у дысцыплінах біг-эйр і слоўпстайл.

У гэтым сезоне, мабыць, не будзем спаборнічаць на этапах Кубка свету, таму што першачарговай задачай ставім для сябе агульны залік Кубка Еўропы, а тут будзе мноства спаборніцтваў.

У цэлым падрыхтоўчы перыяд да сезона прайшлі прадукцыйна, летам былі на вучэбна-трэніровачным зборы ў Францыі, восенню ў Аўстрыі. Для сваёй падрыхтоўкі таксама выкарыстоўвалі базу БДУФК, за што вельмі ўдзячныя кіраўніцтву ўніверсітэта. Мы працуем у звязцы з Беларускім лыжным саюзам, Федэрацыяй «БФГСС», Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы», СДЮШАР па лыжных відах спорту, упраўленнем спорту Мінгарвыканкама, вышэйзгаданымі гарналыжнымі цэнтрамі, і толькі гэта правільнае ўзаемадзеянне дапамагае дасягаць вынікаў. Сёлета на Кубку Еўропы мы стартуем у канцы лістапада ў Нідэрландах і Аўстрыі.

— Ці шмат што ў снаўбордзе залежыць ад судзейства?

— У экстрэмальных відах спорту, якія могуць быць падобнымі на снаўборд, судзейства збольшага мае суб'ектыўную рысу, таму што спецыялісты ацэньваюць тэхніку выканання элементаў. Але ў нашым відзе спорту яшчэ ёсць такое паняцце, як стыль, якога, няма ў многіх акрабатычных відах. Калі казаць пра аб'ектыўнасць, на мой погляд, у снаўбордзе яна прысутнічае ў большай ступені. Спартсмен, які робіць прыгожыя, высокія, моцныя трукі, атрымлівае адпаведныя адзнакі суддзяў, яны заўсёды цэняць тых, хто лепшы.

— На ваш погляд, хто акажацца ў лідарах у Пхёнчхане?

— Цяжка сказаць адназначна. Хутчэй за ўсё, амерыканцы. Вельмі моцна дадалі японцы, у сябе ў горадзе Таяма яны зрабілі штучныя трампліны і паставілі адмысловую «падушку» з нахільным прызямленнем. Спартсмены едуць па пакрыццю, аналагічнаму снегу і прызямляюцца на «падушку», радыус якой, адпавядае радыусу прызямлення ў зімовых умовах. Гэта значыць, яны маюць магчымасць трэніравацца круглы год. Дарэчы, і бюджэт пабудовы гэтай базы не вельмі вялікі. На жаль, сёлета ў нас не атрымалася патрэніравацца ў Японіі, таму што гэта патрабавала прыстойных грошай, але мы працуем над тым, каб у наступным сезоне з мінімальнымі выдаткамі паспрабаваць туды трапіць. У такіх умовах працуюць практычна ўсе спартсмены, якія ўваходзяць у 50 найлепшых агульнага заліку Кубка свету. Падобныя «падушкі» ёсць у Японіі, Амерыцы, Канадзе, устаноўка неяк знаходзілася і ў Славакіі, але цяпер работа гэтай базы прыпыненая.

— Калі нашы спартсмены змогуць прыняць удзел у галоўных стартах, на Алімпійскіх гульнях?

— У Гульнях-2018 мы не ўдзельнічаем, таму што пакуль не маем магчымасці кваліфікавацца, удзельнічаць ва ўсіх этапах Кубка свету, для адбору. Каб прайсці алімпійскую кваліфікацыю ў снаўбордзе, трэба трапляць у 30 найлепшых спартсменаў свету (рэйтынг Кубка свету). Гэта магчыма пры стварэнні нацыянальнай каманды і паступовым пераходзе нашых спартсменаў на ўзровень этапаў Кубка свету.


Гістарычная даведка

У 1997 годзе Федэрацыя гарналыжнага спорту была ператворана ў Федэрацыю гарналыжнага спорту і снаўборда — гэты год можна лічыць зараджэннем прафесійнага снаўборда ў Беларусі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.