Вы тут

У Мінску прайшла Рэспубліканская чытацкая сесія


Сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася Рэспубліканская чытацкая сесія «Чытач — гэта культурны статус»: расцём з «КнігаСветам». Сярод мэт, якія ставіць перад сабой праект, стварэнне ўмоў для развіцця культуры чытання, а таксама фарміраванне і развіццё адкрытага інавацыйнага асяроддзя, арыентаванага на актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх, хто зацікаўлены ў росце прэстыжнасці літаратуры.


Падчас форуму былі паднятыя вострыя пытанні. Удзельнікі абмеркавалі, як сфарміраваць кампетэнтнага чытача, разгледзелі праблемы кніжнай індустрыі, прааналізавалі ролю сучасных бібліятэк у грамадскім жыцці, падзяліліся вопытам работы ва ўмовах развіцця мультымедыйных тэхналогій.

— Рэспубліканская чытацкая сесія «Чытач — гэта культурны статус»: расцём з «КнігаСветам» — гэта важнае мерапрыемства, — адзначыла галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана ВОЦІНАВА. — Яно важнае для тых, хто стварае кніжны свет Беларусі, хто прывівае любоў да кнігі на ўроках беларускай літаратуры, і для тых, хто спасцігае яе таямніцы, гісторыю.

Выдавецкі дом «Звязда» і ў прыватнасці часопіс «Маладосць» з вялікай радасцю паўдзельнічалі ў гэтай акцыі.

Часопіс прадставіў новы цікавы праект «Маладосць Unlimited». Але галоўнае, што мы паспрабавалі данесці ад свайго імя, — «Маладосць» можа ісці ў школы літаральна да кожнага вучня і настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

Старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін адзначыў, што чытанне духоўнай літаратуры асабліва ўплывае на духоўнае развіццё чалавека.

—  Спрадвеку дзяцей шмат чаму вучылі праз кнігі. Цяпер сітуацыя крыху змянілася, але роля літаратуры ў жыцці чалавека заўсёды будзе вялікая. Кніга дапамагае разумець людзей і адчуваць іх перажыванні, радасці. Гэта неабходна сучаснаму чалавеку.

Важна, каб кнігу папулярызавалі не толькі настаўнікі і бібліятэкары, але ў тым ліку і Беларуская праваслаўная царква. Мы, напрыклад, праводзім дні праваслаўнай кнігі і звяртаем увагу на значэнне Бібліі, Новага Запавету ў жыцці нашага народа.

Падчас сесіі адбылася прэзентацыя інтэрнэт-рэсурсу «КнігаСвет», які на працягу года функцыянаваў як эфектыўны інструмент інавацыйнага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання.

— Калі ідэя адукацыйнага праекта «КнігаСвет» толькі задумвалася, мы самі жартавалі, што знаходзімся на невялікім востраве інтузіястаў, — расказала начальнік Адукацыйнага цэнтра Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына ШАЎЛЯКОВА-БАРЗЕНКА. — Гэта было звязана з тым, што прадстаўнікі розных прафесій і пакаленняў былі зацікаўленыя ў развіцці чытацкай культуры, але не ў нейкім такім рытуальным сэнсе, а ў развіцці актуальнай прасторы нацыянальнага чытання сучаснымі шляхамі. Прайшоў год з таго часу і можна ўжо казаць, што «востраў энтузіязму» прырастае новымі людзьмі, ідэямі. Гэта дае сур'ёзныя падставы для таго, каб меркаваць, што пры такім тэмпе наш невялічкі востраў можа ў хуткім часе ператварыцца ў мацярык.

Калі параўнаць праграму форуму мінулага года і гэтага, то ўжо можна ўбачыць сур'ёзны прырост. Сёння, напрыклад, працавалі дзве новыя секцыі, звязаныя з медыяадукацыяй і бібліятэчнай справай як актуальным феноменам сучаснасці культурнай прасторы. Вельмі радуе, што энтузіязм не залежыць ад узросту: у праекце ўдзельнічаюць як сталыя людзі, прафесіяналы сваёй справы, так і юныя чытачы. З аднаго боку, праект сталее, а з другога — маладзее.

Акрамя таго, падчас мерапрыемства прыемнымі падарункамі былі ўзнагароджаны  пераможцы віртуальнай выстаўкі «Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа», якая была арганізавана Нацыянальным інстытутам адукацыі, а таксама праекта «Варштат», прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.

Арганізатарамі сесіі выступілі Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (газеты «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Нёман», «Полымя», «Маладосць», «Бярозка»), Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», Установа «Рэдакцыя газеты «Настаўніцкая газета» пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».