Вы тут

На варце харчовай бяспекі


Яны ведаюць, колькі на самой справе каштуе хлеб, адказваюць за нашу харчовую бяспеку і за тое, каб на стале ў беларусаў заўсёды была свежая і высакаякасная прадукцыя. Работнікі сельскай гаспадаркі адзначаць сваё прафесійнае свята 19 лістапада. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід ЗАЯЦ нагадаў, што сельскагаспадарчая вытворчасць у нашай краіне з'яўляецца адным з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. На яго думку гэта сфера эканомікі ў значнай меры забяспечвае сацыяльную і палітычную стабільнасць у грамадстве. Пра тое, якія вынікі і перспектывы ў галіны, Леанід Заяц расказаў карэспандэнту «Звязды».


Фота: БЕЛТА

— Вынікі жніва сёлета былі даволі высокія. Нягледзячы на ўмовы надвор'я, аграрыі эфектыўна працавалі на палях. Як вы ацэньваеце становішча сельскай гаспадаркі ў гэтым годзе?

— Варта адразу адзначыць, што паводле статыстыкі па вытворчасці абсалютнай большасці відаў сельскагаспадарчай прадукцыі на душу насельніцтва наша краіна ўжо шмат гадоў запар істотна пераўзыходзіць гэтыя ж паказчыкі іншых краін СНД. Аналагічная сітуацыя і па спажыванні на душу насельніцтва асноўных відаў харчавання. А гэта найлепшыя індыкатары таго, што сфера развіваецца. Сёлета забяспечана станоўчая дынаміка развіцця АПК па выніках працы за студзень — верасень. Тэмп росту валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях склаў 102,3%, у тым ліку ў раслінаводстве — 101,5%, жывёлагадоўлі — 102,9%.

— Ці зменшылася сёлета колькасць стратных сельскагаспадарчых арганізацый?

— Безумоўна. Іх колькасць скарацілася ў 1,7 раза. Сума страты такіх арганізацый скарацілася ў 1,5 раза. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што павелічэнне вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі дазволіла таксама забяспечыць рост прамысловай вытворчасці прадуктаў харчавання на 102%. Тэмп вытворчасці ў перапрацоўцы і кансерваванні мяса і вытворчасці мясной і мясазмяшчальнай прадукцыі склаў 104,1%, у вытворчасці малочных прадуктаў — 103,6%, гатовых кармоў для жывёл — 101,7%. Станоўчыя вынікі ў аграрнай галіне забяспечаны дзякуючы добрай рабоце як канкрэтных кіраўнікоў і працаўнікоў, так і эфектыўнаму ўзаемадзеянню працоўных калектываў у цэлым. Інавацыйны шлях развіцця нашай сельскай гаспадаркі, працавітасць беларускіх фермераў з году ў год дазваляюць гарантавана атрымліваць высокія вынікі ў вытворчасці жывёлагадоўчай і раслінаводчай прадукцыі.

— Якія перспектывы ў галіны ў найбліжэйшай будучыні? Якія плануюцца інавацыі?

— Міністэрства пастаянна працуе над паляпшэннем вытворчасці і павышэннем якасці прадукцыі. Асноўныя напрамкі — паглыбленне ўзроўню перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, вытворчасць прадукцыі высокай якасці, запатрабаванай на ўнутраным і знешнім рынках. З гэтай мэтай пастаянна праводзіцца работа па тэхніка-тэхналагічным забеспячэнні цэхаў, мадэрнізацыі халадзільнай гаспадаркі, стварэнні сучасных упаковачных ліній, сертыфікацыі, укараненні сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў ІСО 22000, сістэмы кіравання якасцю прадукцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі міжнароднага стандарту ІСО 9001, НАССР. Важным напрамкам з'яўляецца тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя арганізацый малочнай прамысловасці, сыраробных цэхаў, сушыльных установак. У мясной прамысловасці паляпшаем існуючыя магутнасці мясакамбінатаў, кампрэсарных цэхаў і халадзільнікаў, будуем ачышчальныя збудаванні, мадэрнізуем кацельні, перааснашчаем каўбасныя і паўфабрыкатныя цэхі, павялічваем аб'ёмы выпуску мяса і гатовай мясной прадукцыі.

— А калі казаць пра экспарт, то якіх вынікаў мы ўжо дасягнулі сёлета?

— Арганізацыямі мясной і малочнай прамысловасці краіны выпускаюцца мясныя прадукты ў шырокім асартыменце. Больш за 50% вырабленых малочных прадуктаў і каля 30% мясных зараз рэалізуецца за мяжой Беларусі. Дзякуючы дзяржаўнай аграрнай палітыцы Беларусь сёння не толькі цалкам забяспечвае сябе ў харчовых адносінах, але і валодае значным экспартным патэнцыялам. Экспарт арганізацый Мінсельгасхарча ў студзені — жніўні 2017 года склаў 1,64 млрд долараў — 112,1% да адпаведнага ўзроўню 2016 года. Забяспечаны прырост валютнай выручкі ў аб'ёме 177 млн долараў за кошт росту экспартных цэн і экспарту ў натуральным выражэнні асобных відаў тавараў. Сёлета перад экспарцёрамі стаіць задача нарасціць экспарт прадукцыі не менш, чым на 11,5% у параўнанні з тым, што было летась.

Акрамя таго экспарцёры надаюць вялікую ўвагу дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных сувязяў з рознымі краінамі і рэгіёнамі пры захаванні і ўзмацненні пазіцый на традыцыйных рынках. Пашырана геаграфія экспарту тавараў арганізацый сістэмы Мінсельгасхарча з 56 (у 2016 годзе) да 63 краін свету, у тым ліку 25 краін з іх адносяцца да новых перспектыўных рынкаў — Блізкага Усходу, Азіі, Афрыкі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.