Вы тут

Мікалай Арцюшкевіч пра работу з кадрамі на сучасным этапе


Дзяржынскі раён заўсёды славіўся сваімі спецыялістамі і лічыўся кузняй кадраў не толькі для Мінскай вобласці. Тут пачынаў працоўную дзейнасць Сямён Шапіра, які прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы: галоўны эканаміст саўгаса «Камсамолец», кіраўнік сельгаспрадпрыемства «Маяк», агракамбіната «Дзяржынскі», міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, старшыня Гродзенскага, а затым Мінскага аблвыканкамаў. Леанід Заяц, цяперашні міністр Мінсельгасхарча, да гэтага таксама ўзначальваў агракамбінат «Дзяржынскі». Раён удзяляў сур'ёзную ўвагу падрыхтоўцы кадраў і ў мінулыя гады. У прыватнасці, Уладзімір Гаркун працаваў першым намеснікам старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы, першым сакратаром гаркама КПБ, намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі. Анатоль Жук у свой час — першы сакратар Дзяржынскага райкама (гаркама) КПБ, у 1989—1996 гадах намеснік старшыні Мінаблвыканкама. Пра работу з кадрамі на сучасным этапе, патрабаванні да кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, крытэрыі іх падбору — размова са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Мікалаем Арцюшкевічам.


— Мікалай Іванавіч, у раёне фактычна стабільны калектыў кіраўнікоў сельгасарганізацый. Што гэта за людзі, якімі якасцямі валодаюць?

— У нас некаторыя кіраўнікі працуюць больш як 15 гадоў. Гэта Рыгор Мікалаевіч, Уладзімір Ляўша, Іван Гаргун. Ёсць і маладзейшыя, якія прайшлі ўсе прыступкі прафесійнага развіцця. Гэта дырэктары філіялаў агракамбіната «Дзяржынскі» Пётр Ярыжанец, Уладзімір Кунц, Віталь Хацько. Яны дабіваюцца поспехаў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі. Найлепшыя вынікі ў краіне па гадоўлі птушкі і вытворчасці прадукцыі паказвае і сам агракамбінат. Генеральны дырэктар Уладзімір Лук'янаў працуе на перспектыву.

Пяты год узначальвае сельгаспрадпрыемства «Крутагор'е-Петкавічы» Юрый Клімаш. З яго прыходам гаспадарка стала інтэнсіўна развівацца: павялічваюцца аб'ёмы вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, наладжана перапрацоўка мяса, створана сетка фірменнага гандлю. На чале Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Путчына» — Дзмітрый Зуеў, які за адносна кароткі час паспеў шмат зрабіць для гаспадаркі.

— Наколькі ведаю, Дзмітрый Зуеў да новай пасады працаваў галоўным аграномам у суседнім «Пяцігор'і». Значыць, свой, дамарослы, правераны, надзейны...

— У нас практычна ўсе дамарослыя кадры або людзі, якія прыехалі ў раён па размеркаванні, іншых прычынах ды і засталіся тут, прайшлі ўсе прыступкі кар'ернай лесвіцы. Наогул, у нас выпадковых людзей не бывае. Знаходзім іх, вучым, выхоўваем, падтрымліваем, накіроўваем на стажыроўкі, семінары, прыглядваемся, ставім у рэзерв кадраў, ствараем умовы для далейшага службовага росту. Не так даўно мой першы намеснік па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатоль Ліневіч узначаліў Капыльскі раён.

— Не крыўдна, калі вашых кіраўнікоў забіраюць у іншыя раёны, на павышэнне, вы ж іх вырасцілі, выхавалі. Засмучае або радуе гэты факт?

— Я заўсёды разумею, што чалавеку трэба расці. І ўсе мы, хто яго ведаў, з ім працаваў, радуемся яго поспехам, ганарымся, падтрымліваем сувязь. У нас шмат кіраўнікоў, якія ўзначалілі гаспадаркі ў Лагойскім, Пухавіцкім, іншых раёнах. Гэта нармальны, натуральны працэс, ратацыя кадраў павінна быць.

— Кадры вырашаюць усё. Лічаць, што цяпер гэтае сцверджанне састарэла. Згодныя, Мікалай Іванавіч?

— Мяркую, гэты лозунг ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Я заўсёды лічыў і лічу, што вынікі дзейнасці залежаць ад канкрэтнага чалавека. Мы ведаем шмат прыкладаў, калі гаспадарка была паспяховая, а з прыходам новага кіраўніка перайшла ў аўтсайдары. Здавалася б, зямля, памяшканні, жывёла, людзі — усё тое ж самае, ды справы пагаршаюцца. А іншы кіраўнік захавае і прымножыць тое, што стваралася да яго.

— Ёсць у раёне такія прыклады?

— Добрая перспектыва праглядваецца ў сельгаспрадпрыемства «Путчына» дзякуючы маладому ініцыятыўнаму дырэктару Дзмітрыю Зуеву. Тут сталі больш інтэнсіўна і рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы. І, натуральна, вядуцца разлікі па старых даўгах, своечасова выплачваецца зарплата. У «Путчыне» заканчваецца будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу па новых тэхналогіях, што вельмі важна, паколькі адходы вытворчасці не будуць трапляць у вадаём. Кіраўнік вядзе рэканструкцыю памяшкання для дойнага статка, да канца года плануе закончыць рамонт цялятніка. У планах на наступны год — пабудаваць малочнатаварны комплекс. Упэўнены, гаспадарка будзе жыць і развівацца

— Якім, на вашу думку, павінен быць кіраўнік?

— Перш за ўсё, тэхналагічна адукаваным, падрыхтаваным, гатовым прымаць імгненнае рашэнне, браць на сябе адказнасць, дакладна разумець, што і як яму трэба рабіць, даваць правільныя ўказанні і распараджэнні падначаленым. Цаню таксама добрасумленнасць у рабоце. Але гэтага мала, каб чалавеку адбыцца як кіраўніку. Вельмі важна ўмець працаваць з людзьмі, наладжваць кантакт з калектывам, павесці яго за сабой. Гэтаму не навучыш. Бывае і так: бачыш, што чалавек адукаваны, прафесіянал у сваёй справе, мае вучоныя ступені, а кіраваць калектывам у яго не атрымліваецца.

— Мікалай Іванавіч, пры падборы кадраў якой узроставай катэгорыі аддаяце перавагу? Існуе меркаванне, што чалавек сталы або пажылы — кансерватыўны, працуе па-старому, не можа асвоіць сучасныя тэхналогіі, не здольны перавучвацца.

— У нас кіруючыя кадры рознага ўзросту: маладога, перадпенсійнага і пенсійнага. Галоўнае для мяне, каб яны мелі рэсурс для рэалізацыі сваіх магчымасцяў і патэнцыялу. Узрост не перашкода для прафесійнага росту, развіцця. Галоўнае — канкрэтны вынік, аддача, якія прыносіць чалавек. А наша справа — не перашкаджаць, дзе трэба паправіць, падкарэктаваць.

— Па якіх крытэрыях ствараеце рэзерв кадраў?

— Апошнім часам стала больш складана фарміраваць кадравы рэзерв. Вельмі высокія патрабаванні. А зарплата, асабліва ў бюджэтнай сферы, не надта вялікая. Праўда, цяпер заробкі крыху выраўняліся з сельскагаспадарчай і вытворчай сферамі.

— Дзяржынскі раён, мне здаецца, у больш выгадным становішчы, чым аддаленыя ад сталіцы рэгіёны. Сюды, відаць, ахвотней ідуць кадры.

— Не сказаў бы. Мы знаходзімся нават у горшых умовах, чым іншыя раёны. Побач Мінск, і, каб утрымаць людзей, трэба плаціць ім дастойную зарплату. А для гэтага павінен быць высокі ўзровень вытворчасці. Таму над гэтым пытаннем пастаянна працуем, інакш бы кадры разбегліся. Як кажуць, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек — дзе лепш. Калі адкрываўся завод «Штадлер», мне даяркі заявілі: не падымеш зарплату, пойдзем туды працаваць. Таму вымушаны трымаць планку, баланс. У нас у сельскай гаспадарцы заработная плата як і ў прамысловасці.

— А праблемы з працаўладкаваннем у раёне ёсць?

— У раёне больш працоўных месцаў, чым беспрацоўных. На прадпрыемствах пастаянна з'яўляюцца новыя высокатэхналагічныя месцы з вялікімі заробкамі. Напрыклад, у таварыствах «Унамедыкал» сярэдняя зарплата 1600 рублёў, у «Салеа» больш за тысячу рублёў.

— Напрыканцы што б вы пажадалі сваім падначаленым напярэдадні свята?

— Моцнага здароўя кожнаму з іх, калектывам і, вядома, добрага надвор'я, каб яно заўсёды спрыяла сельгасработам. Калі трэба, каб ішлі дажджы, а падчас жніва — свяціла сонца. Такое шанцаванне для сельскіх працаўнікоў вельмі важнае, паколькі вырошчваюць яны ўраджай пад адкрытым небам і залежаць, так бы мовіць, ад «нябеснай канцылярыі». Дзякуй ім за работу і жыццёвых поспехаў!

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Кіраваць — значыць прадбачыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».