Вы тут

Больш рабіць, чым гаварыць


Такая жыццёвая пазіцыя Сяргея Савіцкага.

Сёлетняе жніво было няпростае для хлебаробаў Дзяржынскага раёна — дажджы, непагадзь. Але яны годна вытрымалі экзамен, супрацьпаставіўшы капрызам надвор'я прафесіяналізм, вопыт, уменне і занялі першае месца ў абласным спаборніцтве з улікам бала-гектара зямлі і валавога збору збожжа. Сабралі яго больш як 106 тыс. тон без кукурузы. Чакаецца, што гэтая культура дасць яшчэ 20—25 тыс. тон.


— У выніку мы выйдзем на 130 тыс. тон. Многа ці мала — паняцце адноснае. Будзем меркаваць, што мала, таму што агракамбінат «Дзяржынскі» забяспечвае птушкафабрыку збожжам нават з улікам філіялаў толькі на 30%, астатняе закупляецца, — кажа першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Савіцкі. — Адкрытае акцыянернае таварыства «Крутагор'е-Петкавічы» таксама мае патрэбу ў закупцы 7—8 тыс. тон менавіта таму, што там знаходзіцца свінакомплекс. З гэтага года пачалі ставіць жывёлу на свінакомплекс філіяла «ММК-Агра». Гаспадарка атрымала валавы збор зерня большы за мінулагодні, але яго недастаткова, каб забяспечыць неабходныя аб'ёмы, па падліках патрэбна яшчэ 7 тыс. тон.

Сёлета ўборка каласавых была не з лёгкіх, — працягвае Сяргей Савіцкі. — З аднаго боку, надвор'е станоўча паўплывала на фарміраванне збожжа, яно саспела натуральным шляхам. З другога, за кошт зрухаў тэрмінаў жніва на яго фінішы задажджыла, што не надта спрыяла ўборцы.

Усяго ж у жніве ўдзельнічалі 98 камбайнаў. Пяцьдзясят шэсць экіпажаў намалацілі больш як тысячу тон, сем — больш як 2 тыс. тон збожжа. А малады камбайнер Віталь Куніцкі з філіяла «Праўда-Агра» крыху не дацягнуў да 3 тыс. тон. Хлопец заняў першае месца сярод маладзёжных экіпажаў вобласці, ён удзельнік абласных «Дажынак».

— Вядома, камбайнавы парк нас не зусім задавальняе: 27 адзінак — старыя «Доны» 2006—2007 гадоў выпуску. Сёлета набыло новыя машыны ў лізінг толькі ААТ «Крутагор'е-Петкавічы», — канстатуе суразмоўнік.

— І на якія культуры робіце стаўку перш за ўсё? — пацікавілася ў Сяргея Савіцкага.

— Калі ўзяць увесь збожжавы клін, то сёлета ў нас амаль 19 тыс. гектараў, у тым ліку каля 70% азімыя. З імі лягчэй працаваць і аддача большая, — адказвае спецыяліст. — Восенню можна правесці апрацоўку гербіцыдамі, не паспееш — вясной паправіш. Плюс да гэтага добрая запраўка азотнымі ўгнаеннямі памнажае вынік. Хоць, зрэшты, філіялы агракамбіната атрымліваюць і па 100 цэнтнераў яравых на круг. У планах — павялічыць плошчу пасеваў да 20 тыс. гектараў, атрымаць ураджайнасць 60,5 цэнтнера на круг і намалаціць 120 тыс. тон збожжа. Такая стратэгія гэтага года.

Але, як прызнаецца Сяргей Савіцкі, для гэтага трэба прыкласці шмат намаганняў. Дзяржынскі раён можна ўмоўна раздзяліць на дзве зоны. У паўднёвай, дзе месцяцца часткова філіялы агракамбіната «Дзяржынскі», «ММК-Агра», землі пясчаныя, праз тры гадзіны пасля дажджу можна выходзіць у поле. У паўночнай, куды ўваходзяць адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Маяк-78», «Баравое-2003», «Кастрычніцкай рэвалюцыі», аддзяленне «Волма», рэспубліканскае сельскагаспадарчае даччынае ўнітарнае прадпрыемства «Путчына», глебы гліністыя, пасля ападкаў высыхаюць некалькі дзён. У дажджлівы год адны гаспадаркі пакутуюць, іншыя — у выйгрышы.

Разам з тым Дзяржынскі раён здаўна славіцца кадрамі. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў моцныя ў прафесійным плане. Амаль усе яны мясцовыя або тыя, каго прыслалі пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў і якія прайшлі ўсе прыступкі службовага росту. І гэта вельмі добра, лічыць Сяргей Савіцкі. Лепшага кіраўніка, як свой, дамарослы, на яго думку, не знайсці. Яны добра ведаюць асаблівасці раёна, умеюць і любяць працаваць. Галоўнае, не перашкаджаць ім, але пры гэтым трымаюць руку на пульсе.

Сяргей Савіцкі ў Дзяржынскім раёне, можна сказаць, чалавек новы. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі працаваў на роднай Піншчыне, прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы: ад спецыяліста да дырэктара сельгасарганізацый. Потым чатыры гады ўзначальваў на Стаўбцоўшчыне «ПрофіАграцэнтр», які стаў адной з найлепшых гаспадарак у раёне. Хацеў вярнуцца на сваю малую радзіму, але былы губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра не даў згоды на звальненне, маўляў, у яго добрыя паказчыкі, няхай працуе і далей. А потым прапанаваў пасаду намесніка старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванні, назваў некалькі раёнаў. Сяргей Канстанцінавіч спыніўся на Дзяржынскім.

Па натуры Сяргей Савіцкі чалавек маўклівы, не любіць гаварыць пра цяжкасці, праблемы. «Стараюся больш рабіць, чым гаварыць, — адзначыў ён. — Наогул, не прызнаю папяровыя планы, яны, як правіла, так і застаюцца на паперы. Я будую планы ў галаве з улікам выказванняў, пажаданняў, меркаванняў кіраўнікоў гаспадарак. Паперы — не зусім маё. Калі раніцай прынясуць стос дакументаў на подпіс, асабліва калі няма старшыні райвыканкама, для мяне гэта сапраўднае выпрабаванне. Калі ж вырываюся ў гаспадарку — настрой мяняецца. Адчуваю — гэта тое, што мне трэба. Еду да аднаго кіраўніка, другога, трэцяга, пагутарым, пагляджу, як ідуць справы, абмяняемся меркаваннямі, нешта падкажу ў меру сваіх ведаў і разумення сітуацыі. Па зямлі хадзіць, зямлю таптаць нашмат цікавей, чым сядзець у кабінеце».

За два няпоўныя гады спецыяліст стаў сваім сярод чужых. У сям'і падрастаюць дзве цудоўныя дачушкі, жонка працуе. Лёс сям'і, як лічыць бацька, складаны з-за яго работы, пастаяннай занятасці і шматлікіх пераездаў. «За пятнаццаць гадоў пасля заканчэння акадэміі давялося сем разоў памяняць месца жыхарства. Жонка мая, як кажуць палешукі, «цярплячая». А для дзяцей кожны пераезд — гэта стрэс, новыя школы, калектывы, да якіх трэба прывыкнуць, адаптавацца. Аднойчы сабраліся да бацькоў жонкі. Ну што, кажу, едзем на радзіму. А малодшая дачка і пытаецца: «А што такое радзіма?»

Сапраўды, як ёй растлумачыць?

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».