Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з германскім віцэ-канцлерам


Учора ў Палацы Незалежнасці абмяркоўваліся беларуска-германскія адносіны. І Аляксандр Лукашэнка, беларускі лідар, і Зігмар Габрыэль, віцэ-канцлер, федэральны міністр замежных спраў Германіі, упэўнены: у двухбаковых адносінах адкрываецца новая старонка.


Не сакрэт, што ў гісторыі ўзаемадзеяння краін было рознае, у тым ліку і негатыўнае.

— Час ідзе, ён змяняе многае. Гэтак жа і ў сучасным свеце — адносіны змяняюцца з цягам часу. Вельмі хачу спадзявацца і чамусьці ўпэўнены ў тым, што мы адкрываем новыя старонкі ў нашых адносінах, скіраваныя ў лепшы бок, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік нашай дзяржавы падзякаваў германскаму віцэ-канцлеру за дапамогу, якую штогод аказвае яго дзяржава ў аздараўленні беларускіх дзяцей.

— Я таксама дзякую вам за тую тэхналагічную падтрымку, якую вы аказваеце нашай эканоміцы, — дадаў Прэзідэнт. — Амаль увесь імпарт з Германіі — гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, тэхналогіі. Мы б вельмі хацелі, каб гэты пазітыўны працэс меў свой далейшы працяг на больш высокім эканамічным узроўні.

Кіраўнік нашай дзяржавы прапанаваў федэральнаму міністру замежных спраў Германіі больш уважліва паставіцца да развіцця свабоднай эканамічнай зоны «Вялікі камень», створанай пад Мінскам.

— Мы вывучылі сусветны вопыт развіцця падобных зон і стварылі там самы льготны рэжым для інвестараў, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Закраналі падчас сустрэчы і тэму агульнай сітуацыі ў рэгіёне. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: Германія можа зрабіць вялікі ўнёсак у развіццё сучаснай гісторыі, калі яна будзе настойліва ператвараць у жыццё сваю лінію па нармалізацыі адносін на ўсходзе Украіны.

— Мы сапраўды маем там шмат праблем і пасля сустрэчы тут у «нармандскім фармаце», але тым не менш там няма вайны, — канстатаваў кіраўнік нашай краіны. — І, калі б кіраўніцтва Германіі не заняло жорсткую пазіцыю ў гэтым пытанні, там бы дагэтуль тысячамі гінулі людзі.

Што да беларуска-германскіх адносін, то кіраўнік дзяржавы агучыў тэзіс, увогуле неад'емны ў адносінах нашай дзяржавы з любымі партнёрамі: калі мы нешта абяцаем, мы абавязкова гэта выконваем.

— Я вас прашу, каб вы ўважліва сачылі за сітуацыяй у Беларусі і аб'ектыўна яе ацэньвалі, — сказаў Прэзідэнт. — Калі так будзе, то ў нас усё атрымаецца. Запэўніваю вас у тым, што з тэрыторыі Беларусі вы ніколі не атрымаеце ніводнага сігналу ў парушэнне цэласнасці і бяспекі еўрапейскага кантынента.

Зігмар Габрыэль пагадзіўся, што адносіны паміж Германіяй і Беларуссю перажывалі вельмі розныя часы.

— Будучы немцамі, мы ўвесь час думаем пра тое, якія жахлівыя злачынствы былі здзейснены немцамі супраць Беларусі і яе грамадзян падчас Другой сусветнай вайны, — прызнаўся ён. — Таму сёння і з'яўляецца цудам тое, з якой дружалюбнасцю і адкрытасцю грамадзяне вашай краіны ставяцца да Германіі. Мы б хацелі вам падзякаваць за гэтыя сяброўскія адносіны і за вялікую адкрытасць. Гэта не факт, які сам сабой разумеецца.

Высока ацаніў германскі віцэ-канцлер ролю Беларусі ў рэгіёне і той факт, што менавіта наша сталіца стала пляцоўкай для перамоў у фармаце нармандскай чацвёркі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Новы этап супрацоўніцтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».