Вы тут

Першы серыйны аўтамабіль выпусцілі пад Барысавам


Прэзідэнт асабіста наведаў новы завод «БелДжы» і прайшоў па цэхах.

У кастрычніку былі паспяхова завершаны эксплуатацыйныя выпрабаванні — і вось вынік: новы Geele ATLAS (NL-3) гатоў праехацца па беларускіх дарогах. Афіцыйны старт работы завода даў Аляксандр Лукашэнка.


Аўтамабілі маркі Geely ўжо знаёмы беларусам не першы год. За верасень-кастрычнік на новым заводзе падчас эксплуатацыйных выпрабаванняў было выраблена больш за 400 аўто, на куплю якіх ужо заключаны кантракты. З учарашняга дня выпуск машын стаў серыйным. У планах — у наступным годзе рэалізаваць 2445 аўтамабіляў на ўнутраным рынку і 22 012 — у Расіі, а ў 2020-м — выйсці на паказчыкі 4458 і 40 125 адпаведна.

Чакаецца, што завод асвоіць выпуск яшчэ дзвюх мадэляў. Камплектуючыя для красовера Emgrand X7 (NL-4) плануецца паставіць на прадпрыемства ў снежні 2017-га, а для седана Emgrand 7 (FE-3) — у красавіку 2018-га. Эксплуатацыйныя выпрабаванні гэтых аўтамабіляў плануюць правесці ў студзені і маі 2018-га.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што ўжо даўно марыў пра тое, каб выпусціць у Беларусі свой легкавы аўтамабіль. «Мая мара здзейснілася», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Гэта адбылося ў тым ліку дзякуючы Кітайскай Народнай Рэспубліцы і яе кіраўніку Сі Цзіньпіну, якія сталі партнёрамі Беларусі ў гэтай справе. Дарэчы, кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Прэзідэнту электрамабіль Geely. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ лепшым падарункам для яго стане арганізацыя выпуску ў Беларусі надзейных электрамабіляў.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, вырабіць аўтамабіль — не праблема, галоўнае — прадаць. Канкурэнцыя зараз высокая, і рынак легкавых аўто перанасычаны. Важна, каб пакупнікі былі задаволеныя якасцю, цаной і сэрвісам. Ураду даручана распрацаваць меры, якія дазволілі б прадаваць як мінімум 60 000 аўтамабіляў. Гэта забяспечыць рэнтабельнасць і, адпаведна, заробкі для супрацоўнікаў завода. А штат да 2020 года плануецца павялічыць да 1500 чалавек. Сярэдняя заработная плата да таго часу павінна вырасці да 612 долараў ЗША ў эквіваленце. Сярэдні заробак за сёлетні кастрычнік быў на ўзроўні 465 долараў ЗША.

Наконт сэрвісу Прэзідэнт нагадаў, што калісьці, яшчэ ў часы Саюза, сэрвісныя станцыі былі пабудаваны ў кожным абласным цэнтры і буйным горадзе. Зараз яны часткова прыватызаваныя. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што на кожнай будзе выдзелена месца для абслугоўвання беларускіх аўтамабіляў.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў падняць гарантыйны тэрмін абслугоўвання машын да пяці гадоў. Цяпер ён складае чатыры гады і 100 000 км прабегу. Тады, на думку кіраўніка дзяржавы, кожны рабочы будзе думаць пра тое, як зрабіць аўтамабіль добра. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што будзе кантраляваць, каб аўтамабіль быў якасны і выгадны ў эксплуатацыі.

Пасля экскурсіі па заводзе Прэзідэнт сустрэўся з рабочым калектывам. Адно з пытанняў датычылася таго, як зрабіць машыну даступнай па цане маладым сем'ям. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што рыхтуецца праект указа, згодна з якім аўтамабілі, вырабленыя на гэтым заводзе, будуць прадаваць у лізінг, крэдыт ці з адтэрміноўкай плацяжу. Перш за ўсё гэта — аўто для беларусаў.

У наступным годзе плануецца павысіць узровень лакалізацыі вытворчасці. Цяпер ён складае каля 30%, у 2018-м павінен выйсці прыкладна на 50%. Асноўныя аўтакампаненты, якія заменяць замежныя аналагі, — гэта, напрыклад, шыны і выхлапныя сістэмы. Да іх вырабу прыцягнуць такія буйныя прадпрыемствы, як Белшына і БелАЗ. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што «нам трэба ствараць сваё канструктарскае бюро, свае «мазгі». Каб спецыялісты маглі назапашваць вопыт і ствараць аўто з нуля.

Губернатару Мінскай вобласці і ўраду было даручана заняцца Жодзінам. Горад знаходзіцца блізка да новага завода, таму будучыя супрацоўнікі, магчыма, абяруць яго месцам жыхарства. Прэзідэнт адзначыў, што Жодзіна трэба абнавіць і прывесці ў парадак. Пачнецца будаўніцтва жылля. Кіраўнік дзяржавы нагадаў таксама, што зараз увага аддаецца і развіццю такіх буйных гарадоў, як Орша, Барысаў, Баранавічы, Маладзечна і Бабруйск.

Таксама супрацоўнікі завода папрасілі Прэзідэнта звярнуць увагу на дарогу ад Барысава да Мінска. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цана пытання — 150 млн долараў ЗША. Гэта не танна, але не пазней за 2020 год трэба ёй заняцца, каб не было затораў. Калі будуць сродкі, магчыма, дададуць яшчэ адну паласу.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?