Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі перадапошняга тура першынства Беларусі па футболе, гаворым пра поспехі айчынных плыўцоў і тэнісістаў на міжнародных спаборніцтвах і робім агляд выступленняў гандбольных клубаў у топ-турнірах.


1. Павел Санковіч перамог на дыстанцыі 50 м на спіне на заключным этапе Кубка свету, які прайшоў у Сінгапуры. На сваёй кароннай дыстанцыі спартсмен паказаў вынік 22,82 сек. Нагадаем, што падчас этапаў Кубка свету ў 2017 годзе на дыстанцыі 50 м на спіне Санковіч перамагаў у Маскве, Эйндхавене і Ганконгу.

Узнагароды ў скарбонку беларускай каманды ў Сінгапуры таксама прынеслі Яўген Цуркін, які на дыстанцыі 100 м батэрфляем заняў трэцяе месца — 50,22 сек., і Ілья Шымановіч, які падняўся на другую прыступку п'едэстала на дыстанцыі 50 м брасам.

Пераможцам агульнага заліку Кубка свету стаў паўднёваафрыканскі спартсмен Чад ле Кло.


2. Арына Сабаленка і расіянка Вераніка Кудзерметава сталі пераможцамі парнага разраду на турніры ў Тайбэі з прызавым фондам $115 тыс. У фінальным матчы беларуска-расійскі тандэм перайграў аўстралійска-брытанскі дуэт Моніка Адамчак / Наомі Броўдзі — 2:6, 7:6 (7:5), 10:6.


3. Беларускія гандбольныя клубы правялі чарговыя матчы розыгрышаў кантынентальных турніраў. У першым паядынку 3-га кваліфікацыйнага раўнда Кубка ЕГФ віцэ-чэмпіёны краіны гандбалісты мінскага СКА прымалі на паркеце сталічнага палаца спорту «Уручча» іспанскі «Лагранья» і перамаглі 36:28. Гэта добры зачын перад сустрэчай у адказ за выхад у групавы этап Кубка ЕГФ, якая адбудзецца 25 лістапада ў Іспаніі.

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова на выездзе ў матчы ў адказ саступіў нямецкаму «Фленсбургу» ў восьмым туры Лігі чэмпіёнаў 30:37. Зараз у групе з 14 ачкамі лідзіруе ПСЖ. БГК дзеліць 6-е месца з славенскім «Цэле».

Гандбалісты «Гомеля» ў першым матчы кваліфікацыі Кубка выкліку прайгралі ў Жлобіне ісландскаму клубу «Вестманаэяр» — 27:31. Паўторная гульня адбудзецца 25 лістапада.

У 3-м крузе кваліфікацыі жаночага розыгрышу Кубка ЕГФ гандбалісткі «Гомеля» двойчы сустракаліся з нарвежскім «Бюасен». У першай гульні гамяльчанкі саступілі з лікам 28:32, а 18 лістапада ў Жлобіне таксама пацярпелі паражэнне — 22:27 — і не прайшлі ў групавы этап.

«БНТУ-БелАЗ» таксама завяршыў свой еўракубкавы сезон. У першым паядынку каманда Канстанціна Шараварава адолела на сваёй пляцоўцы дацкі «Рандэрс» з мінімальнай перавагай — 23:22, а ў матчы ў адказ на выездзе саступіла з розніцай у тры мячы — 23:26.


4. Пасля матчаў перадапошняга, 29-га, тура футбольнага чэмпіянату краіны ў лідары выйшаў барысаўскі БАТЭ. У матчы з гродзенскім «Нёманам» яны прапусцілі гол ужо на 13-й хвіліне (пенальці), а ў другой палове сустрэчы здолелі захапіць ініцыятыву. Спачатку Мікалай Сігневіч зраўняў лік, затым Віталь Радзівонаў у даволі спрэчнай сітуацыі (на думку часткі балельшчыкаў і спецыялістаў, футбаліст згуляў рукой) забіў другі гол, кропку паставіў Міхаіл Гардзяйчук — 3:1.

«Шахцёр» вельмі няўдала правёў паядынак супраць жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», саступіўшы з лікам 1:2. Спрэчны момант паўстаў і ў гэтай сустрэчы, магчыма, тарпедаўцы забілі адзін з мячоў са становішча «па-за гульнёй». Спрэчныя моманты ў гэтых матчах атрымалі шырокае скандальнае абмеркаванне ў коле балельшчыкаў.

Мінскія дынамаўцы адолелі «Крумкачоў» 1:0, брэсцкае «Дынама» не здолела перайграць «Гарадзею» — нічыя 1:1. Футбалісты «Віцебска» на выездзе ўзялі верх над «Слуцкам» — 3:2.

Унізе турнірнай табліцы працягваецца барацьба за захаванне прапіскі ў найвышэйшай лізе. Футбалісты «Іслачы» здолелі вырваць перамогу ў «Дняпра» — 1:0 — і забяспечылі сабе месца ў эліце. На перадапошняй пазіцыі засталася мазырская «Славія», якая саступіла наваполацкаму «Нафтану» — 1:2. Футбалісты «Мінска» прайгралі «Гомелю» — 0:2.

Становішча камандаў перад 30-м турам: БАТЭ — 67 ачкоў (розніца мячоў — 58—16), «Дынама» (Мінск) — 65 (42—14), «Шахцёр» — 65 (51—19), «Дынама» (Брэст) — 48 (46—26), «Тарпеда-БелАЗ» — 48 (41—27).

Матчы заключнага тура адбудуцца 26 лістапада.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Скандалы завяршаюць чэмпіянат краіны па футболе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?