27 красавіка, пятніца

Вы тут

У Мінску працуе фотавыстаўка Георгія Капуснікава «PAX SOVІETІCA»


«PAX SOVІETІCA» — так называецца выстаўка фотамастака Георгія Капуснікава, якая працуе ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску. Яе адкрыццё было прымеркавана да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Па шматлікіх просьбах гледачоў работу экспазіцыі працягнулі — са здымкамі можна азнаёміцца да канца тыдня.


Георгій Капуснікаў, як ён сам адзначае, пажыў у Савецкім Саюзе ўсяго чатыры дзіцячыя гады. Аднак тыя перажыванні пакінулі моцны след у яго жыцці. Малады чалавек і цяпер, праз 26 гадоў пасля распаду імперыі, збірае аскепкі мінулага часу, імкнецца адрэстаўраваць страчаную эпоху. І, трэба адзначыць, у яго гэта атрымліваецца. Вядома ж, кола гісторыі круціцца — і час назад не адматаць. Але ў працах фотамастака ёсць асаблівая цэласнасць — і ўбачыць праз іх можна не толькі воблік колішняй краіны.

Гэты аўтар умее бачыць прыгажосць у паўсядзённым, на першы погляд звычайным. І гэта не прыцягнутае за вушы хараство — маўляў, я аўтар, я так бачу. У работах Георгія закінутыя вышкі выглядаюць велічнымі тытанамі з мінулага. Заводы, пабудаваныя больш як 50 гадоў таму, выдыхаюць дым і пару, нібы сапраўдныя вулканы. Краявід старых чыгуначных рэек ажывае дзякуючы птушцы, што над імі пралятае, ці настойлівым прамяням сонца, якія з'яўляюцца на шэрым небе.

Вялікая ўвага ў творчай манеры гэтага аўтара аддаецца драбніцам. Надзвычай цікава разглядваць сфатаграфаваныя кавалкі вітражоў, сцен са старой, савецкага часу, кладкай, каляровых мазаік, зробленых на тых вокнах, за якімі ўжо даўно не загараецца святло... Зазвычай да прадметаў мастацтва нельга дакранацца рукамі. Але ж калі знаёмішся з работамі Георгія, утрымацца ад такой спакусы вельмі складана. Так і хочацца адчуць прахалоду рознакаляровых шкельцаў, спраўдзіць шурпатасць жаўтаватай цэглы. Але на тактыльным узроўні фотаздымкі, вядома, — гэта толькі папера. А такое імкненне «пакаштаваць» работу падкрэслівае ўменне майстра. Значыць, у фотаздымках сапраўды жыве душа тых аб'ектаў, што на іх адлюстраваны. І душа майстра, які карпатліва збіраў неаднастайнае пано мінулай эпохі — якой яна была і якой дайшла да нашага часу.

Большасць фотаздымкаў зроблена аўтарам у Беларусі і Расіі. Адлюстраваны і некаторыя іншыя краіны СНД. Капуснікаў адзначае, што праз яго работы можна ўбачыць істотную розніцу паміж рэальнасцю і тым светам, які можна было ўбачыць раней. І параўнанне гэта часцей за ўсё не на карысць першай.

Адзін з яго любімых твораў, тых, што найбольш поўна раскрываюць задуму, — трыптых, выкананы ў шэрых колерах. Насамрэч гэта барэльефы, сфатаграфаваныя на стэле ў Амурскай вобласці. На іх можна ўбачыць рабочых, моцных і рашучых у сваім дзеянні. «Гэта серыя фотаздымкаў пра тое, колькі можна адкрыць у сабе сіл, калі тыя, хто іх не мае, будуць давяраць табе ў тым, што ты робіш, — разважае Георгій. — Часта табе давяраюць, калі ты сам упэўнены».

Адна з падтэм выстаўкі — забруджванне. Пра гэта расказваюць шыльды, сфатаграфаваныя ў тых месцах, дзе калісьці былі атрутныя газы, выявы аскепкаў тых прадпрыемстваў, дзе іх выраблялі ці ўтрымлівалі, і непасрэдна рэчы, прывезеныя з тых заводаў. «Забруджванне можа быць не толькі хімічнае», — мяркуе аўтар. — «Заражаныя» людзі маюць уласцівасць «заражаць» навакольных людзей і тэрыторыю. Людзі хварэюць на слабасць. Сімптом гэтага атручэння — няўпэўненасць у сабе». Так фотамастак характарызуе наш час.

— Я імкнуўся, каб адчування слабасці і няўпэўненасці не заставалася пасля прагляду, — кажа фатограф. — У пэўных месцах відаць кантрасты: што было і што стала. Дзесьці пра гэта можна толькі здагадвацца.

«PAX SOVІETІCA» — гэта некалькі паверхаў фотаздымкаў. Аднак гэта яшчэ і экспазіцыя рэчаў тых часоў, сабраных разам. І да таго ж відэаінсталяцыя. Для таго каб падрыхтаваць відэашэраг, аўтар ездзіў у Беларускі Дзяржаўны архіў кінафотавідэадакументаў у Дзяржынску. Там яму ўдалося атрымаць архіўныя стужкі, якія яскрава ілюструюць імкненне савецкага чалавека падпарадкаваць прыроду і выпрабаваць мяжу чалавечых здольнасцяў. Напрыклад, можна ўбачыць, як у свой час будавалася Гідраэлектрастанцыя на Дняпры — як дзеля гэтага перакрывалі рэчышча і спынялі плынь вялізнай, магутнай ракі.

На выстаўцы можна прачытаць анатацыю, напісаную самім Георгіем Капуснікавым, якая добра ілюструе яго бачанне свету:

Покліч

Мы прыйшлі з гор, старажытных і маладых, з бязмежных стэпаў, пустынь і Тайгі. Можа быць, мы — Голас, усвядомлены імпульс бязмежнага лесу, які раскінуўся на мільёны кіламетраў? Менавіта голас лесу, а не той, якім людзі кажуць за яго. Паспрабуем прыслухацца, якім бы незразумелым, дзікім і звярыным ён ні здаваўся, бо мы ўсе прыйшлі адтуль, як бы ні імкнуліся пра гэта забыць. Схілім галовы, напоўненыя тысячагадовым дабром, перад манументальнасцю мільёнаў гадоў...

Фінал?

...Бо мы ўсе ўжо амаль дома. Яшчэ імгненне — і ўжо не атрымаецца разыгрываць больш гэтую пантаміму. Застынем, гледзячы прыжмуранымі вачыма ў вечнасць, а вусны кране лёгкая ўсмешка. Інакш прыйдзецца пачынаць з нуля, шукаць адказы ў апалай лістоце, калі жаданне ахоўваць прыроду ад саміх сябе канчаткова не пазбавіць людзей і гэтай магчымасці.

Помнікі Будучыні

Хутка свет вельмі моцна зменіцца. І Будучыня можа наступіць у любы момант. Змены будуць падобныя да рэвалюцыі, з той толькі розніцай, што ў гэтай рэвалюцыі будзе значна менш слёз і крыві. Бо яны абясцэніліся, праліваючыся кожны дзень. Ці будуць гэтыя змены да лепшага ці горшага — ніхто не ведае. Адно відавочна: у Будучыню шырокай плынню імкнуцца не самыя лепшыя з чалавечых душ, адцясняючы сучаснае, абясцэньваючы дасягнутае. Быць можа, наша задача ў тым, каб спадчына і вопыт мінулага не былі страчаны цяпер, пакуль яны яшчэ жывыя і атачаюць нас. Праз шмат гадоў, баючыся зрабіць наступны крок — як гэта было заўсёды, — мы зноў паглядзім назад, у сваё мінулае, але ўбачым толькі адбіткі суб'ектыўнага ўспрымання сучаснікаў, якія да нечага засталіся абыякавымі, нешта ідэалізавалі, а нешта сказілі. І шмат чаго — ачарнілі. У любым выпадку гэта будзе погляд толькі ў копію Бездані, а не ў яе саму. І наўрад ці гэтая копія будзе валодаць глыбінёй і каштоўнасцю арыгінала.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Паміж безданню, сучаснасцю і будучыняй

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як палепшыць жыццё людзей з асаблівасцямі?

Як палепшыць жыццё людзей з асаблівасцямі?

Удасканаліць законы і перастаць бачыць у інваліднасці толькі медыцынскую праблему...

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра рагаткі і замужнюю студэнтку.

Грамадства

Хто адпрацаваў на забруджаных тэрыторыях, заслугоўвае асаблівай увагі

Хто адпрацаваў на забруджаных тэрыторыях, заслугоўвае асаблівай увагі

Дзяржава аказала моцную дапамогу для адраджэння гэтых тэрыторый.

Грамадства

Дырэктар сямейнага інклюзіў-тэатра: Мяне трэба хваліць

Дырэктар сямейнага інклюзіў-тэатра: Мяне трэба хваліць

Прашу Ірыну назваць тры словы, з якімі яна сябе асацыюе.