Захаваць біяразнастайнасць і прыцягнуць турыстаў — асноўныя мэты для супрацоўнікаў заказніка «Налібоцкі». Для гэтага яны разводзяць глушцоў і аленяў, а таксама дабудоўваюць інклюзіўную экасцежку.
Планы на гадавальнік
Налібоцкая пушча — самы вялікі лясны масіў у Еўропе. Многія птушкі і жывёлы, якія насяляюць гэтыя мясціны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Тут жа жыве і 160 глушцоў Маера — знікаючага падвіду. На ўсю краіну іх засталося ўсяго 400 асобін, а для ўстойлівай папуляцыі столькі павінна быць толькі ў заказніку. Пакуль птушка не ахоўваецца законам, гэта значыць, што паляванне на яе дазволена. Аднак дырэктар рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі» Васіль Гуркоў упэўнены: у пушчы ніхто паляваць на глушцоў не будзе — не тая папуляцыя, не тая колькасць.
Аднак птушак становіцца ўсё менш. Гэта прывяло супрацоўнікаў заказніка да думкі разводзіць глушцоў у няволі, а потым выпускаць у дзікую прыроду. Толькі так, на іх думку, можна аднавіць папуляцыю.
— У ідэале на працягу 5—7 гадоў мы хочам выпусціць на волю 400 птушак. І калі ўсё складзецца ўдала, то і дапамагчы нашым бліжнім суседзям. У Польшчы, Літве і Германіі глушэц Маера ў дзікай прыродзе ўжо не сустракаецца, толькі ў гадавальніках, — расказаў Васіль Гуркоў.
Каб павялічыць папуляцыю глушца, і ў нас у мінулым годзе ў заказніку «Налібоцкі» быў адкрыты гадавальнік. Грошы на яго будаўніцтва выдзелілі Еўрасаюз, ГЭФ, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і сам заказнік. На гэтыя сродкі пабудавалі пляцоўку, набылі спецыяльнае абсталяванне і закупілі корм. Але пакуль, на жаль, ні адзін глушэц з гадавальніка ў пушчу не перасяліўся.
— У мінулым годзе мы злавілі двух самцоў і дзвюх самак, аднак патомства не атрымалі, — падзяліўся дырэктар заказніка. — У гэтым годзе мы злавілі яшчэ 22 птушкі, але з іх толькі дзве самкі. На іх мы павесілі радыёметрычныя датчыкі, каб знайсці кладкі яек. У выніку адну птушку забіў ястраб-цецеравятнік, а ад другой знайшлі дзевяць яек. Самцоў жа мы выпусцілі ў дзікую прыроду.
Па словах Васіля Гуркова, з гэтых дзевяці яек удалося атрымаць толькі тры птушаняці і толькі аднаго вырасціць. Астатнія не вытрымалі рэжыму ў брудоры (спецыяльныя камеры, дзе птушаняты абсыхаюць пасля нараджэння).
— Тэхніка новая. Пакуль мы не ведаем усіх нюансаў. Зараз плануем тэсціраваць брудор на яйках фазана, каб не паўтарыць памылку, — падзяліўся дырэктар заказніка.
Зараз у заказніку пяць птушак. Ім нават далі імёны. Самцоў завуць Гоша і Нічыпар, самак — Марына і Ларыса, а вось птушаня пакуль яшчэ без імені.
Васіль Гуркоў глядзіць на справу з аптымізмам. Ён упэўнены, што ў 2018 годзе ў іх атрымаецца цалкам укамплектаваць гадавальнік самкамі, якіх для поспеху трэба яшчэ восем, і атрымаць патомства. Наступны крок — прывучыць птушанят, узгадаваных у няволі, да дзікай прыроды. І тут ужо ёсць падыходы і задумкі. Што датычыцца пакуль адзінага атрыманага птушаняці, яно застанецца жыць у заказніку.
Першыя спробы «падзяліцца» аленямі
З аленямі справы ў заказніку ідуць значна лепш. Па апошніх падліках, іх тут 900. Вялікая колькасць дазваляе «дзяліцца» аленямі і з іншымі лясгасамі. Так, праз 1—3 тыдні 20 асобін павязуць у Чавускі лясгас для стварэння новай папуляцыі. Перад гэтым жывёл трымаюць у каранціне і бяруць аналіз крыві.
— Нашы алені важаць каля 280 кг, даўжыня рагоў дасягае 120 см. Ніводзін прадстаўнік гэтага віду ў краіне не мае такіх паказчыкаў, — падзяліўся дырэктар заказніка. — Сваіх аленяў мы прадаём упершыню. Ужо ёсць заяўкі ад турыстычнага комплексу «Чырвоны бор», а таксама лясгасаў Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.
Інклюзіўная сцежка, навагоднія святы і фотапаляванне
Для турыстаў у заказніку прамаркіравалі тры веламаршруты, зрабілі стаянкі для байдарачнікаў, праклалі экасцежку «Сярэбранае скрыжаванне» ў 960 метраў. А цяпер ідзе будаўніцтва другой сцежкі, якая пазіцыянуецца як інклюзіўная. Яе працягласць будзе складаць 1296 метраў. Спецыяльнае пакрыццё, альтанкі з пандусамі, стэнды з шрыфтам Брайля дазволяць наведаць Налібоцкую пушчу людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Такая сцежка ў Беларусі пабудавана ўпершыню.
Першая ж экасцежка ў асноўным разлічана на дзяцей. Цяпер яна знаходзіцца на рэканструкцыі, але на Новы год чакае дзяцей на свята з Дзедам Марозам, Снягуркай, смачнымі блінамі з варэннем з лясных ягад і іншымі забаўкамі.
Па словах Васіля Гуркова, у Налібоцкую пушчу штогод прыязджае каля сотні турыстаў з Германіі, Польшчы, Ізраіля, Вялікабрытаніі. Многія з іх аматары фотапалявання. Фатаграфаваць жывёл здалёк дазваляюць бясплатна. Бяруць грошы толькі ў тым выпадку, калі «паляўнічы» хоча падысці бліжэй.
Таксама ў заказніку можна грунтоўна паназіраць за жывёламі. Для гэтага супрацоўнікі прапануюць турыстам аўтамабіль і паслугі егера. Разлічана праграма на цэлы дзень. А ў наступным годзе ў заказніку плануюць адкрыць пункт пракату веласіпедаў і байдарак.
Кацярына КІРЭЕВА
Фота БЕЛТА
Набор на бюджэтныя месцы павялічыцца.
Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?
Не выявіць ні секунды абыякавасці.