Вы тут

Лукашэнка сустрэўся са спікерам парламента Грузіі


Асноўная тэма сустрэчы — супрацоўніцтва дзвюх краін, а таксама візіт Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі ў першай палове наступнага года ў Тбілісі. Іраклій Кабахідзэ, старшыня парламента Грузіі, адзначыў, што ў аснове двухбаковых адносін — нават не столькі палітычныя і дыпламатычныя адносіны, колькі сяброўства беларускага і грузінскага народаў.


Фота БЕЛТА

Тыдзень таму гэтыя тэмы ўжо абмяркоўваліся ў Палацы Незалежнасці — падчас сустрэчы беларускага лідара і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Грузіі ў Беларусі Давіда Катарыі.

— Ваш візіт якраз упісваецца ў мае нядаўнія сустрэчы з прадстаўнікамі Грузіі, — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. — Усе гэтыя сустрэчы, безумоўна, мы накіроўваем на афіцыйны візіт беларускага Прэзідэнта да вас у Грузію ў першай палове наступнага года. Мы пра гэта дамовіліся. Мы вельмі актыўна працуем разам з вамі па напаўненні гэтага візіту, каб застаўся след перш за ўсё ў эканоміцы, у гандлі паміж нашымі дзяржавамі.

Так, на думку нашага Прэзідэнта, тая эта, якую мы для сябе вызначылі — а гэта дасягненне ўзроўню таваразвароту ў 200 мільёнаў долараў паміж дзвюма краінамі, — цалкам рэальная.

— Палову прыкладна мы будзем мець сёлета, — падлічыў Аляксандр Лукашэнка. — Але, безумоўна, трэба сур'ёзна працаваць. Зусім нядаўна наша ўрадавая дэлегацыя была ў вас. Адбылося пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі, дзе мы вызначаліся наконт далейшых крокаў у адносінах паміж Грузіяй і Беларуссю.

Што да палітычных адносін, то Прэзідэнт адзначыў: ён удзячны Грузіі, што, нягледзячы на розніцу ў арыенцірах краіны «цалкам па-брацку» паводзяць сябе ў адносінах адна да адной.

— Я ў палітыцы не першы год і ведаю, чаго гэта каштуе Грузіі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але вы заўсёды шчыра і адкрыта яшчэ з часоў Міхаіла Саакашвілі падтрымлівалі Беларусь. Мяне спачатку здзіўляла пазіцыя Міхаіла, таму што, зразумела, у яго арыентацыя жорсткая была на Захад, на Амерыку. І калі ўсе былі супраць Беларусі настроены, ён заўсёды адкрыта казаў пра Беларусь толькі цёплыя, добрыя словы ў адносінах да нашага народа і нават беларускага Прэзідэнта, хоць гэта было непапулярна.

Цяперашняе ж кіраўніцтва Грузіі, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, ужо комплексна, мэтанакіравана, ні ад каго не хаваючыся выбудоўвае адносіны з Беларуссю:

— Сёння часы памяняліся, але гэта перамена і паляпшэнне нашых адносін з Захадам, з Амерыкай у многім заслуга Грузіі. Мы вам за гэта вельмі ўдзячныя, і вось з тых часоў у нас няма нейкіх адрозненняў у разуменні палітычных працэсаў. Парадак дня і ацэнка гэтага міжнароднага парадку дня ў нас цалкам супадае.

Больш за тое, і Беларусь, і Грузія заўсёды гатовы дапамагчы адна адной.

— Я, на жаль, нават не ведаў: вы нам перадалі лекі для лячэння хворых на велізарную суму, — прывёў прыклад беларускі лідар. — Мы вам дапамагалі ў цяжкія часы, калі загарэўся рэліктавы лес. Гэта для нас, асабліва для мяне, таксама балюча. Як толькі паступіў першы званок, да вечара ў вас быў верталёт. Я праінструктаваў асабіста пілотаў, каб яны проста шчыра выканалі свой абавязак. І яны, як мне пасля ўжо сказалі, працавалі дзень і ноч, але зрабілі годны ўнёсак у пераадоленне гэтай катастрофы.

Па словах нашага Прэзідэнта, ва ўзаемаадносінах дзвюх краін ёсць шмат такіх эпізодаў. Яны сведчаць пра давяральную атмасферу, якая выбудоўваецца. У гэтым плане вельмі важны візіт парламенцкай дэлегацыі:

— Мы вельмі важнае значэнне надаём парламенцкаму вымярэнню. І я ўдзячны вам, што вы наведваеце Беларусь. Вельмі хацеў бы, каб вы пазнаёміліся з нашай краінай — хоць бы па асобных прадпрыемствах, але па сектарах.

Такім чынам, акцэнт — на прадметнае супрацоўніцтва. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дэлегацыі паглядзець як сельгаспрадпрыемствы «сярэдняй рукі», так і ўзорныя, на якія арыентуемся. А нашы прамысловыя прадпрыемствы ўжо пачалі вырабляць спецыяльную адаптаваную да грузінскіх умоў тэхніку:

— Мы нават на заводах сельгастэхнікі спецыяльна для Грузіі робім глебаапрацоўчую тэхніку. Трактарны завод пачаў вырабляць малыя і сярэднія трактары, спецыяльна адаптаваныя пад Грузію. Паглядзіце, калі будзе час, наш аўтамабільны сектар. Мы нядаўна пабудавалі завод разам з нашымі кітайскімі партнёрамі па вытворчасці легкавых аўтамабіляў — гэта першы легкавы аўтамабіль — вельмі добры, дастойны атрымаўся, на самым высокім узроўні.

Акрамя гэтага, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў грузінскай дэлегацыі азнаёміцца з прадпрыемствамі дрэваапрацоўкі, калійнымі камбінатамі...

— Мы нічога ад вас не хаваем. Хочаце прадпрыемствы ВПК, калі ласка, мы вам пакажам ваенную тэхніку, якую ырабляем, — паабяцаў беларускі лідар.

Іраклій Кабахідзэ падзякаваў за цёплы прыём і за асабісты ўнёсак беларускага лідара ў развіццё беларуска-грузінскіх адносін. «У нас цудоўныя адносіны і дынаміка вельмі інтэнсіўная. Мы павінны зрабіць як палітыкі ўсё, каб і надалей умацаваць сяброўства паміж нашымі народамі», — адзначыў грузінскі спікер.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Эканоміка арыентуецца на сувязі і давер

Выбар рэдакцыі

Культура

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Акцёр Віктар Манаеў: Жыццё само па сабе з'яўляецца камедыяй

Размова пра сучаснае стаўленне да культуры, гастролі Купалаўскага тэатра ў савецкія часы і здымкі ў фільме «Ідзі і глядзі».

Грамадства

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Зваршчык з Мсціслава стварае ўнікальныя жалезныя скульптуры

Аляксандра Папова ў Мсціславе ведаюць усе.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра куфэрак и вяртанне блуднага мужа.