Вы тут

Кіраўнік дзяржавы прыняў кадравыя рашэнні


Яны датычыліся сілавой структуры. На пасаду начальніка 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных Сіл назначаны Уладзіслаў Будзік. Звяртаючыся да яго, Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў трагедыю, што адбылася ў гэтай вайсковай часці — у Печах.


Ён згадаў ранейшае правіла — хлопца, калі ён быў адзіным дзіцем у сям'і, маглі не прызываць у армію. На думку кіраўніка краіны, гэтую практыку трэба праглядзець і прааналізаваць. З іншага боку, трэба ўлічваць і жаданне самога маладога чалавека, яго сям'і.

— Многія бацькі з задавальненнем адпраўлялі і адпраўляюць дзяцей ва Узброеныя Сілы, таму што гэта добрая школа. У мяне дзеці служылі ў спецпадраздзяленнях, як належыць. Яны прайшлі праз гэта, — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

— Тое, што адбылося ў вашай часці, — гэта катастрофа, — заявіў Прэзідэнт. — Я не перабольшваю. Усякае ў арміі бывае, але ў беларускай арміі — гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына. Яно сапраўды так. Я далёкі ад таго, каб гэтая пляма легла на ўсю армію, як там некаторыя нашы апаненты папісваюць у інтэрнэце. Гэта армія. Зразумела, што гэта асаблівая, суровая служба, і яна заўсёды будзе такой. Але дзедаўшчына непрымальная.

Як прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, ён вельмі балюча рэагуе на падобныя выпадкі. У нашай арміі дзедаўшчыне не месца. Кіраўнік краіны прывёў у прыклад структуру Міністэрства ўнутраных спраў, дзе падобныя выпадкі не адзначаюцца.

— Адносіны павінны быць чалавечымі. Не трэба баяцца лішні раз, каб бацькі прыехалі, асабліва ў гэты перыяд, калі яны (навабранцы. — Аўт.) знаходзяцца ў «вучэбцы». Можа быць, нават часцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз на месяц на дзень-два паедзе дома пабудзе? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў пра сваё даручэнне абавязкова дапусціць маці загінулага ваеннаслужачага Святлану Коржыч да следчых мерапрыемстваў.

— Калі яна хоча камусьці задаць пытанне, хай задасць, — агучыў сваё патрабаванне Прэзідэнт. — Хаваць не трэба, як бы там сітуацыя ні разгортвалася. І я вас перасцерагаю ад заўчасных вывадаў. Усё павінна быць сумленна. І маці ўвогуле малайчына. Абсалютна адэкватны, разумеючы чалавек. Не ведаю, як бы я на гэта рэагаваў. Крый божа камусьці гэта перажыць. Але яна майму прадстаўніку кажа: «Я не хачу, каб нехта быў пакараны несправядліва». Зразумела, калі мы несправядліва кагосьці пакараем, мы пародзім яшчэ адну праблему: пакрыўдзім чалавека, які не здзяйсняў гэтага злачынства. Таму яна павінна быць дапушчана да следчых дзеянняў. Хай гэта ў законе не прадугледжана, не важна. Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэнне.

Маці загінулага цалкам павінна быць у курсе справы — які б ні быў вынік расследавання. Раней кіраўнік дзяржавы даручаў генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыю Вакульчыку сустрэцца са Святланай Коржыч.

Галоўны ж пасыл: такое ў нашай арміі больш не павінна паўтарыцца. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Уладзіслаў Будзік зможа навесці парадак у Печах.

— Я выберу час і пабуду ў вас там. Можа, гэта і мая віна, што я, будучы галоўнакамандуючым, у гэтай галоўнай нашай часці не пабываў. Але я ў вас пабуду абавязкова, —
паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

* * *

На пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама назначаны Сяргей Дарошка.

Сталіца — сфера асаблівай адказнасці.

— Гэта горад, гэта сталіца. Мы не можам згубіць свой твар. Мы заўсёды ганарымся тым, што ў нас Мінск — гэта прыгажун-горад, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Але самае галоўнае, што жанчына ў любы час дзіця пасадзіла ў каляску і пайшла па вуліцы — і да яе ніхто не мае права дакрануцца.

Добрая практыка, упэўнены кіраўнік дзяржавы, калі маладыя вайскоўцы патрулююць вуліцы:

— Гэта дэманстрацыя насельніцтву, што ў нас парадак. І вайскоўцам трэба гэтаму вучыцца, калі яны патрулююць горад, — спакойна, ціха. Яны будуць разумець, што патрэбныя людзям, а людзі, гледзячы на іх, будуць разумець, што ў горадзе спакойна. Гэта трэба вітаць. Гэта ж не мы нешта выдумляем.

Сапраўды, падобная практыка была ў савецкія часы.

Што да рознага кшталту беспарадкаў, спроб дэстабілізаваць абстаноўку, то тут, упэўнены кіраўнік краіны, дзеянні міліцыі павінны быць рашучыя.

— У вас павінна быць самая жорсткая палітыка, да двух лічыць вы не павінны, — звярнуўся кіраўнік нашай дзяржавы да Сяргея Дарошкі. — Вы бачыце, што вакол адбываецца. Калі мы тут аслабім патрабаванні да бяспекі нашых людзей, захлісне нас імгненна, прытым з усіх бакоў. Ідучы на гэтую працу, вы павінны выразна разумець, што вы пад кантролем не толькі ў свайго начальніка. Вы заўсёды павінны адчуваць нават у спіну мой погляд, таму што я звяртаю ўвагу на ўсе пытанні: ад паставога міліцыянера, які забяспечвае праезд картэжу, да дзяжурства вашых хлопцаў у горадзе. Таму і хачу, каб ніхто потым камень у ваш бок не кінуў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Парадак і справядлівасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?