Вы тут

Прэзентаваны Гістарычны слоўнік беларускай мовы


Беларускія мовазнаўцы завяршылі працу над грандыёзным праектам

Падрыхтоўка «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37 выпусках распачалася ў 1960 годзе пад кіраўніцтвам загадчыка сектара гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР Аркадзя Жураўскага. Першы том пабачыў свет 35 гадоў таму. Сёння ж з выданнем гістарычнага слоўніка айчынныя лінгвісты апярэдзілі многіх замежных калег: нават у Расіі і Украіне праца над аналагічнымі выданнямі пакуль працягваецца.


На прэзентацыю «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі завіталі прадстаўнікі некалькіх пакаленняў мовазнаўцаў, а таксама шматлікія паважаныя госці, сярод якіх старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў, акадэміксакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» змешчана больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у летапісах, статутах, хроніках, рыцарскіх раманах, мемуарных, публіцыстычных творах ХІV — ХVІІІ стагоддзяў. Прадстаўлена лексіка Францыска Скарыны і Сымона Буднага, Фёдара Еўлашоўскага і Мацея Стрыйкоўскага, Іпація Пацея і Пятра Скаргі. Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў, «матэрыялам для напісання слоўніка стала вялікая колькасць старажытных рукапісных і друкаваных крыніц, многіх з якіх няма ў Беларусі. Такім чынам, у выданні прыведзены ў сістэму моўныя скарбы беларусаў, разрозненыя часам і месцам. Выданне слоўніка мае вялікае грамадскае значэнне, бо сведчыць, што беларусы — высокаразвіты еўрапейскі народ, які мае сваю гісторыю, культуру, старажытную, прыгожую, адметную мову».

Гістарычны слоўнік — збор размешчаных у алфавітным парадку слоў, дзе раскрываецца значэнне, уласцівае ім у пэўны храналагічны перыяд. Слоўнік максімальна поўна адлюстроўвае склад, стан, якасць лексікі ХІV — ХVІІІ стагоддзяў. «Праз гэту лексіку мы адкрываем асаблівасці менталітэту і веравызнання нашых продкаў, іх этычныя арыенціры і прыярытэты», — заўважыла Наталля Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

— «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» не толькі вельмі каштоўная інфармацыя па гісторыі і мове, але і інфармацыя пра культуру нашага народа. Традыцыі і звычаі, воблікі беларускіх вёсак і мястэчак, культура адзення і харчавання — уся інфармацыя змешчана тут, — падкрэсліў член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Каваленя.

Першы этап працы над слоўнікам працягваўся 12 гадоў. Вынікам стала вызначэнне крыніц, храналагічных межаў, выпрацоўка прынцыпаў напісання слоўніка і стварэння картатэкі, над якой працавала 19 чалавек. Наколькі цікава выпісваць словы на карткі для будучага слоўніка? Доктар філалагічных навук, прафесар Алена Яновіч не лічыць гэты час згубленым:

— Аркадзь Жураўскі мудра арганізаваў нашы планы. Палову часу мы прысвячалі рабоце з карткамі, палову — пісалі навуковыя працы. Дзякуючы рабоце з карткамі мы шмат даведваліся пра мову, канкрэтныя помнікі, гэта было важна і цікава.

Картатэка слоўніка налічвае 1 мільён 60 тысяч картак. Як падкрэслівае Наталля Паляшчук, актуальная задача сёння — ствараць электронную версію картатэкі, што значна пашырыць магчымасці яе выкарыстання.

Другі этап — напісанне слоўнікавых артыкулаў — заняў каля 35 гадоў. Кожны слоўнікавы артыкул змяшчае загаловачнае слова, яго граматычную характарыстыку, азначэнне, прыклады з помнікаў пісьменнасці. Прыклады выбраны з такім разлікам, каб паказаць ужывальнасць лексемы ў тэкстах рознай жанравай прыналежнасці, рознага храналагічнага перыяду (сярод крыніц пераважаюць помнікі ХVІ — ХVІІ стагоддзяў). Прадстаўлены ў слоўніку мнагазначныя словы, словыамонімы, устойлівыя выразы.

Над напісаннем слоўнікавых артыкулаў працавалі Іван Крамко, Аляксандр Булыка, Зофія Турцэвіч, Валянціна Мяснікова, Рэгіна Гамзовіч і многія іншыя мовазнаўцы. Рэдактарамі слоўніка былі дактары філалагічных навук, прафесары, члены-карэспандэнты НАН Беларусі Аркадзь Жураўскі (выпускі 1 — 14) і Аляксандр Булыка (выпуск 1 — 37). Аляксандр Булыка адзначыў, што гістарычны слоўнік карысны не толькі культуролагам, гісторыкам, літаратуразнаўцам, але і пісьменнікам, якія звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі. Так, дзякуючы слоўніку, падрыхтаванаму супрацоўнікамі НАН Беларусі, словы старабеларускай мовы шырока выкарыстоўваў у сваіх творах Уладзімір Караткевіч.

Складана пераацаніць практычную значнасць слоўніка. Як падкрэсліла Наталля Паляшчук, «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» пацвярджае ці абвяргае аргументы на карысць ужывання ці неўжывання тых ці іншых слоў. Напрыклад, многія носьбіты мовы прапануюць выкарыстоўваць для намінацыі пятага месяца года лексему «травень». Але гістарычны слоўнік сведчыць, што слова «май» выкарыстоўвалася надзвычай шырока ў помніках рознага часу і рознай жанравай прыналежнасці, тым часам, як слова «травень» зафіксавана толькі ў выданні Памвы Бярынды 1653 года. Гістарычны слоўнік мае быць і крыніцай папаўнення слоўнікавага фонду сучаснай беларускай мовы, бо змяшчае шмат шыкоўных слоў, якія можна выкарыстоўваць сёння

Мовазнаўцы, якія завіталі на сустрэчу, узгадалі нямала запамінальных эпізодаў. Кандыдат філалагічных навук Іван Крамко распавёў, як навукоўцы з іншых рэспублік СССР імкнуліся скарыстацца плёнам працы беларускіх даследчыкаў, і згадаў гісторыю са старажытнымі шрыфтамі, якія так і не патрапілі ў слоўнік:

— Перш чым выдаваць гістарычны слоўнік, ветэраны Акадэміі навук Аркадзь Жураўскі, Пётр Вярхоў, Уладзімір Анічэнка ў 1962 годзе выдалі двухтомную «Хрэстаматыю па гісторыі беларускай мовы». Для першага тома, прысвечанага старабеларускай пісьменнасці, малады інжынер раздабыў у манастырскай друкарні горада Львова старыя шрыфты. Па гэтых шрыфтах у Мінску адлілі старажытныя літары і надрукавалі першы, шыкоўны том хрэстаматыі. Калі ж прыступілі да выдання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», выявілася, што кіраўніцтва расплавіла старажытны шрыфт, і яго ўжо ніяк не вернеш. Складальнікі слоўніка збіраліся перадаваць некаторыя арыгінальныя цытаты старым шрыфтам, але зрабіць гэта не ўдалося...

Здараліся падчас працы і тэхналагічныя адкрыцці. Напрыклад, каб не перапісваць некалькі разоў адну і тую ж картку, як таго патрабавала практыка, супрацоўнікі з прапановы Алены Яновіч пэўны час карысталіся тагачаснымі памнажальнымі апаратамі. Пісалі картку на пергаменце чорнымі чарніламі альбо тушшу, здавалі яе ў памнажальны апарат і атрымлівалі скруткі «сініх» чарцёжных лістоў, якія трэба было выпрастаць, раскруціць, разрэзаць на карткі...

Не ўсе аўтары «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» дачакаліся завяршэння гэтага глабальнага навуковага праекта. Таму ў Інстытуце мовазнаўства ідзе праца над даведнікам, дзе будуць змешчаны біяграфічныя звесткі пра ўсіх, хто працаваў над выданнем.

Як падкрэсліў доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, «“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” — гэта інтэлектуальны адказ усім тым, для каго Беларусь — выдуманая рэч. Гістарычны факт, лінгвістычны факт — гэта фрагмент рэальнасці, і беларускія мовазнаўцы рупна сабралі гэтыя фрагменты рэальнасці ў адну сістэму. Гістарычны слоўнік — гэта магчымасць усталяваць сувязь паміж мінулым і сучаснасцю, гэта красамоўны адказ на пытанне, ці можа беларуская мова выконваць усе кампетэнцыі як развітая мова. Роля “Гістарычнага слоўніка…” у развіцці беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасці з цягам часу будзе толькі ўзрастаць».

Алеся ЛАПІЦКАЯ

Загаловак у газеце: Між сучаснасцю і мінулым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».