Вы тут

Стужкі пра рэальнасць, каханне і пошукі Беларусі, якія варта ўбачыць


Трыадзінства, пад дэвізам якога прайшоў сёлетні «Лістапад», згубілася ў паўсядзённасці разам з фестывалем: сталіца адпачывае ад свята кіно, але не развітваецца з ім. У кінааматараў яшчэ будзе магчымасць паглядзець тое, што не паспелася, і адчуць тое самае трыадзінства ісціны, любові і прыгажосці, пра якое вялася гаворка і якое бачылі на працягу апошняга тыдня. Хоць, сказаць шчыра, больш за ўсё ў карцінах з конкурсных праграм менавіта ісціны, рэальнасці, якой часам нават зашмат, жыцця, ад якога хацелася б адмежавацца хоць бы ў кіназале. Але рэжысёры, наадварот, прымушаюць гледача паглыбіцца ва ўласнае жыццё і маюць рацыю: менавіта такія стужкі перамаглі сёлета на «Лістападзе».


Кадр з фільма «Лістапад» (рэж. Р. Сарнет)

Прыбалтыйскі холад

У спісе «пераможнага» кіно шмат прыемных нечаканасцей, шмат фільмаў, у якіх журы з першага погляду заўважыла непрыкметную глыбіню, шмат сапраўдных шэдэўраў. Менавіта пра такое кіно варта казаць, што цяпер можна заплюшчыць вочы. Часам гэта стужкі, якія прымушаюць знерухомець у фатэлі, часам такія, якія глядзяцца з напружаннем на працягу трох гадзін, часам з лёгкімі, як паветраны шар, пачуццямі. Словам, розныя, але аднолькавыя па сваім сэнсе: пасля праглядаў у гледачоў або не застанецца пытанняў, або з’явяцца дзясяткі новых. Напрыклад, Гран-пры «Золата Лістапада» за лепшы фільм атрымала стужка з сімвалічнай назвай «Лістапад» эстонскага рэжысёра Райнэра Сарнета. Гэта неверагодна актуальнае кіно, якое яшчэ больш цікавае, бо знятае па матывах рамана сучаснага пісьменніка Андруса Ківіракха «Гуменшчык». А вы памятаеце, калі апошні раз здымалі экранізацыю сучаснага беларускага літаратурнага твора? Магчыма, гэта чакае нас у найбліжэйшы час... У фільме «Лістапад», як і ў кнізе, з вельмі тонкім гумарам паказана паўсядзённасць і міфалогія эстонскіх сялян — атрымалася энцыклапедыя народа, вельмі наіўнага, даверлівага і шчырага ў пачуццях.

Эстонскае кіно адзначылі не толькі на «Лістападзе»: кінастужка сёлета прадставіць Эстонію на «Оскары» — яе аднагалосна выбрала камісія з 7 чалавек, якія былі здзіўленыя мудрагелістым досціпам і творчай рашучасцю рэжысёра, бездакорнай аператарскай працай і музычным афармленнем (дарэчы, за 2 апошнія складнікі кіно атрымала ўзнагароды і на беларускім «Лістападзе»). Тыя, хто ўжо бачыў стужку, адзначаюць, што гэта свайго роду магічны рэалізм, але з большай часткай менавіта другога слова, нягледзячы на фантазійную абалонку. Сам рэжысёр называе «Лістапад» фільмам-фантазіяй, які адсылае нас да зусім не выдуманага пачуцця прагі і жадання чымсьці валодаць. Героі стужкі ўвесь час шукаюць багацця, змагаюцца за жыццё, але больш за ўсё прагнуць кахання, як і галоўная гераіня Лійна. Дзяўчыне даводзіцца пакутаваць з-за трохкутніка кахання, шукаць выйсце з такой складанай сітуацыі і прымаць вельмі мудрыя для маладой дзяўчыны рашэнні. Разам з каханнем паўночнага народа ў чорнабелым «Лістападзе» выдатна зразумелы і характар эстонцаў, якія жывуць у цесным суседстве з прыродай і не пужаюцца таямніц паралельнага свету.

Яшчэ адна карціна з Прыбалтыкі атрымала ўзнагароду «За лепшую рэжысуру»: гэта стужка культавага літоўскага рэжысёра, стваральніка першай літоўскай незалежнай кінастудыі Шарунаса Бартаса «Іней», знятая сумесна з Польшчай, Украінай і Францыяй (бюджэт склаў $ 1,4 млн). Калі ў нас кіно прынялі беспраблемна, то пасля Канскага кінафестывалю кінакрытыкі разграмілі стужку Бартаса, тое ж самае адбылося і на кінафестывалі ў Адэсе. Тэма, якую выбраў рэжысёр, сама па сабе вельмі канфліктная: фільм пра падзеі, якія адбываюцца на ўсходзе Украіны, і з’яўляецца першым міжнародным кінапраектам пра сітуацыю на Данбасе.

Па сюжэце малады літовец Рокас збіраецца паехаць ва Украіну разам з гуманітарным канвоем — убачыць і зразумець, што такое сапраўдная вайна, якая адбываецца на ўласных вачах. На сваім шляху герой сустрэне шмат нечаканага, жорсткага, але і знойдзе новых знаёмых (напрыклад, у асобе французскай ваеннай журналісткі, ролю якой выканала Ванэса Парадзі). Бартас выкарыстаў у фільме дакументальныя кадры з украінскімі ваеннымі і журналістамі, якія працуюць на гэтых тэрыторыях, акрамя таго, здымкі праходзілі таксама на тэрыторыі Данецкай вобласці. Некаторыя моманты здымаліся побач з фронтам, а здымачная група трапіла пад абстрэл, таму можна казаць нават пра большую дакументальнасць, чым выкарыстанне хронікі. Але кіно Бартаса — гэта яшчэ і барацьба з межамі псіхалагічнымі, пошук блізкага і рух наперад за сваімі жаданнямі. У Францыі адзначылі, што «Іней» — гэта снежнае роўд-муві, якое стала ўнікальным падарожжам па сучаснасці, і ўнеслі кіно ў спіс 20 фільмаў, дзеля якіх варта працягваць хадзіць у кіно.

Кадр з фільма «Заўтра» (рэж. Ю. Шатун)

Як павінна біцца сэрца?

Асноўная праграма сёлета схавала ў сабе шмат фільмаў пра каханне, але адзін з самых гучных і відавочных — «Арытмія» Барыса Хлебнікава, якую ўзнагародзілі «Спецыяльным прызам журы» і яшчэ некалькімі прызамі. Незалежна ад колькасці ўзнагарод ці пазітыўных водгукаў крытыкаў, немагчыма не пагадзіцца, што сёлета гэта самая гучная расійская стужка, якая не пераацэнена, а аб’ектыўна пастаўлена на п’едэстал. Ад гэтага кіно пульс можа падскокнуць вельмі лёгка — арытмія непазбежная. Гэта можа здарыцца ад гарачых абдымкаў, ад халодных поглядаў, ад перажыванняў за герояў ці нават ад гіперрэалістычнай шэрасці карцінкі. Барыс Хлебнікаў не спрабуе аздабляць сваё кіно яркімі колерамі (магчыма, крыху падсалоджвае пілюлю, калі галоўная гераіня Каця ў выкананні неверагоднай Ірыны Гарбачовай змяняе больш-менш яркія швэдары), яно і не трэба: гэта менавіта тое, што мы бачам з акна кожны дзень, гэта менавіта тая шэрасць, якая часам псуе настрой, гэта бязгучная цішыня скрынак-дамоў, якая праследуе нас з году ў год. У такой рэальнасці даводзіцца жыць і героям «Арытміі» — Каці і Алегу (Аляксандр Яцэнка), урачам хуткай дапамогі, якія кожныя дзень і ноч ратуюць чарговае шэрае жыццё.

«Арытмія» — гэта не «ванільная» меладрама з зефірнай мяккасцю сюжэта, а сур’ёзнае, нават жорсткае кіно, якое наўпрост накрывае гледача хваляй халоднай цвярозасці: тоны непаразумення, бясконцых і бессэнсоўных спрэчак, праблем на працы, святкаванняў непатрэбных падзей, але разам з тым рэжысёр пакідае надзею на нешта светлае, быццам вырывае герояў з гэтай вялізнай хвалі, тым самым кажучы нам, што пульс яшчэ ёсць, а хворага можна выратаваць. Крытыкі пішуць, што «Арытмія» — стужка, дзе героі ўвесь час ратуюць іншых, але забываюцца пра сябе. Паглядзеўшы гэта кіно, пра сябе ўспомніш імгненна.

 Цяпер паглядзім на свет з адваротнага боку: сакавітыя дэталі на экране і цёплыя колеры. Нягледзячы на адсутнасць шэрасці, азербайджанскі «Гранатавы сад» (які атрымаў прыз «За лепшы сцэнарый») Ільгара Наджафа разам з прыцягальнасцю карцінкі распавядае пра глыбокую драму, прыватную і грамадскую. Зразумела, што нават у самой назве ёсць адсылка да чэхаўскага «Вішнёвага саду», тым больш цікава, як атрымалася падаць гэтую гісторыю сёння?

Безумоўна, асноўнай тэмай азербайджанскага кіно стала сям’я, яе вывучэнне, адносіны бацькоў і дзяцей, якія, напэўна, будуць вечным пытаннем. Стужка атрымалася ў большай ступені сацыяльная, чым паэтычная: стваральнікі адзначаюць, што ка-прадзюсары хацелі паказаць жорсткія рэаліі ў больш прыхаваным святле, але рэжысёр-рэаліст на гэта не пагадзіўся. У выніку атрымалася кіно, якое цалкам адлюстроўвае спецыфіку азербайджанскага народа: якую ролю тут іграюць сямейныя каштоўнасці; ці трэба ісці па шляху традыцый; як змагацца з дыктатам капіталу? Вельмі часта ў сваіх творах да супрацьстаяння фінансавага і чалавечага звяртаўся і Чэхаў. У «Гранатавым садзе» ўсе праблемы бачацца праз прызму сакавітага плода, пялёсткі якога набываюць напрыканцы чорны колер: што ў гэтым бачыцца? Магчыма, тое, што прыгожае таксама не бывае ідэальным…

Здараецца, што паняцце прыгажосці, а часам і добрага кіно ў прафесійнага журы і кінааматараў не супадае. Гэта зразумела, бо гледачам падабаецца блізкае, цёплае і зразумелае кіно, не забруджанае складанымі метафарамі, але вартае і па сюжэце, і па дэталёвым аздабленні. Сёлета, напрыклад, кінааматары выбралі лепшым фільмам «Кандэларыю» — гісторыю кахання з Кубы. Гэтае кіно называюць скарбам эмоцый і гуманізму, а на Венецыянскім фестывалі яно выклікала ў аўдыторыі не толькі суперажыванне, але і слёзы. Стужка стала лепшай не таму, што прабівае, як кажуць, на слязу, а менавіта з-за самой гісторыі: пажылая пара кубінцаў наноў вывучае сваё каханне і нават спрабуе дадаць да яго ноткі жарсці з дапамогай відэакамеры.

Кадр з фільма «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» (рэж. Б. Нікалайчык).

 Гісторыя скарае непасрэднай блізкасцю да нашай паўсядзённасці: на Кубе (дзеянне адбываецца ў 1994 годзе) ім таксама даводзіцца працаваць, прычым за капейкі, каб была ежа для цела, а ежа для душы прыйдзе якраз з нечаканым падарункам лёсу — камерай, якую хтосьці пакінуў на рабоце ў Кандэларыі. Што ж рабіць з такім падарункам? Кандэларыя і яе муж Віктор Гюго вырашаюць здымаць! Здымаць любоў, захоўваць моманты, фліртаваць з аб’ектывам. Тут шмат момантаў, якія можна назваць звышшчырымі, але не правакацыйнымі. Рамантычнасць герояў пераплятаецца з іх неверагоднай дабрынёй і пяшчотай (напрыклад, у дачыненні да птушанят, з якіх выхоўваюць нібыта дзяцей), з фантанам энергіі (які можна ўбачыць у бары, дзе спявае Кандэларыя), з адкрытасцю (у прамым сэнсе слова, бо героі нават у 70 гадоў не саромеюцца аголенасці). Словам, гэта подых свежага ветру ў гарачай, як пачуцці герояў стужкі, пустыні.

Абяцанне на заўтра

Маладое кіно заўжды было асаблівым кірункам фестывальнага руху «Лістапада». Па-першае, гэтыя фільмы знялі рэжысёры, на карціны якіх праз некалькі год будуць выцягвацца чэргі (калі не цяпер). Па-другое, гэта кіно, знятае маладымі, але вельмі асэнсаванае і дарослае па сваіх поглядах — прыслухацца да такіх аўтараў проста неабходна, тым больш што многія з іх ужо паспелі дасягнуць незвычайных вышынь у кінематаграфічным сусвеце, а некаторыя нібыта з’явіліся з паветра, але ўжо ствараюць якаснае і актуальнае кіно. «Маладосць на маршы» сёлета была занадта разнапланавая: пра жорсткасць жыцця, лёсу і дзяржавы распавядае албанская карціна «Дзень пачынаецца»; пра становішча сучаснай жанчыны ў Тунісе і яе барацьбу за свае правы чулліва расказвае «Прыгажуня і свора»; кіно, якое сёлета прадставіць на «Оскары» Грузію — «Страшная маці», — сумесь візуальнага свету «Твін Пікса», грузінскіх рэалій і праблем жанчыны-творцы; італьянская «Чамбра» звяртаецца да пытання нежаданага сталення ў цыганскай абшчыне (стужку падтрымаў фонд Марціна Скарсэзэ), а «Чарльстан» — чарговая карціна-прадстаўніца румынскай новай хвалі — кіно, да якога хочацца дакрануцца, — настолькі яно працятае дабрынёй і пяшчотай.

Трыумфатарам (хоць і не пераможцам) «Маладосці на маршы» стала нашумелая стужка Канцеміра Балагава «Цесната»: сваё кіно малады дэбютант з Кабардзіна-Балкарыі зняў дзякуючы Аляксандру Сакураву, якому спадабалася ідэя рэжысёра. У выніку атрымалася «цеснае», канцэнтраванае кіно, якое прымушае агледзецца: а ці хапае месца ў кіназале? У «Цеснаце» — праблемы кабарзінцаў і балкарцаў, яўрэяў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, барацьба за жыццё і каханне, змаганне за сям’ю — і ўсё гэта адбываецца ў атмасферныя 1990-я! Дарэчы, у некаторым сэнсе на стужку Балагава паўплывала і творчасць Святланы Алексіевіч з яе «Часам сэканд-хэнд», як прызнаецца сам рэжысёр. Нягледзячы на тое, што Кабардзіна-Балкарыя далёка ад нас, цесната яе адчуваецца і ў Беларусі: у пастаноўцы кадра, у маленькіх пакоях, у цесных машынах і ўзаемаадносінах родных людзей.

Але перамагла ў конкурсе дэбютантаў балгарская стужка «Тры чвэрці» Іліяна Мецева, якая сваёй мэтай ставіць разважанне на тэму соцыуму, хоць распавядае пра асобную сям’ю. Гераіня фільма — маладая піяністка, якая збіраецца пакінуць Сафію і паехаць вучыцца музыцы ў Германію. Яна бавіць дні ў чаканні экзамену разам з малодшым братам, якому не хапае ўвагі, у тым ліку і бацькоўскай. Бацька — прафесар-фізік, занадта заняты сваёй навукай і здольнымі вучнямі. Яшчэ адной чвэрці ў гэтай гісторыі не хапае… Пра гэтае кіно кажуць, што яно вельмі напружвае, прымушае разважаць, але ў той жа час лёгкае, нібы пёрка. Іліян Мецеў вырашыў пытанне складанага ўспрымання малюнкамі святла па кадры і пастаяннымі рухамі — героі заўсёды кудысьці ідуць, хоць і прызнаюцца, што ў розным рытме. «Тры чвэрці» — гэта не казка з хэпі-эндам, дзе сям’я становіцца адным цэлым і знаходзіць паразуменне: у Мецева пошукі яднання зацягваюцца, але надзея, зразумела, ёсць: кожны з герояў сумуе адзін па адным, праяўляе пяшчоту і змагаецца за ўласную маленькую дзяржаву з трох чалавек.

Кадр з фільма «Тры чвэрці» (рэж. І. Мецеў).

Прывіды: гарады і людзі

Сёлетні «Лістапад» адметны яшчэ і тым, што Беларусь нарэшце ўступіла ў ФІПРЭССІ (міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае кінакрытыкаў і кіназнаўцаў), таму цяпер яе прадстаўнікі таксама ацэньваюць конкурсныя стужкі. Сёлета кіназнаўцы глядзелі ў Мінску дэбютныя кінакарціны, а ў выніку выбралі лепшую: грузінскі дакументальны фільм Раці Анэлі «Горад сонца» пра амаль закінуты горад у заходняй частцы Грузіі — Чыятуру. Калісьці тамашнімі шахтамі забяспечвалася 50% сусветнай здабычы марганца, а зараз Чыятура пакрысе ператвараецца ў горад-прывід: марганцавую вытворчасць скарацілі, умовы працы сталі небяспечныя, а перспектыў не заўважаецца. Тым не менш Чыятуру ратуе тое, што заўсёды адрознівала Грузію, — неверагодныя людзі, гасцінныя жыхары, якія працягваюць тут не жыццё, а выжыванне.

Горад сонца выглядае нібыта Прыпяць: напаўразбураныя дамы з выбітым шклом, пустыя вуліцы, паўсюдны постапакаліпсіс, які яшчэ больш падкрэсліваюць здымкі з паветра: тут мы заўважым неверагодны росквіт грузінскай прыроды па суседстве з закінутымі будынінамі і шахтамі (выдатная дэкарацыя для фільма!). У гэтых дэкарацыях жывуць героі: настаўнік музыкі, які шукае арматуру, каб здабыць грошы на жыццё; шахцёр-акцёр (як бы камічна гэта ні гучала), захоплены пастаноўкамі аматарскага тэатра, дзе іграе амаль усё насельніцтва Чыятуры; дзяўчаты-спартсменкі, якія бягуць паміж шэрых, разбураных вуліц, каб падрыхтавацца да Алімпійскіх гульняў. І, што адметна, ніхто з іх не скардзіцца: узгадваюць Савецкі Саюз, калі ўсё ў Чыятуры было інакш. У Кампанэлы «Горад сонца» быў ідэальны з той прычыны, што жыхары яго нічога не мелі, але нічога не хацелі: героі стужкі Анэлі, нягледзячы на знешнюю безвыходнасць іх сітуацыі, пакутуюць моўчкі, а ўвечары могуць спяваць вясёлыя песні, бо грузіны — адметны, народ, некаторыя рысы характару якога не паддаюцца нашаму разуменню. Яны вераць у выратаванне, магчыма, у гэтым іх сіла.

Наогул, дакументальная праграма гэтага года ўражвае: фільмы паказалі максімальна розныя, але ўдалыя: тут і пра эстонскае фотаатэлье, якое вяртае нас у Талін з далёкага мінулага; пра прыняцце новай рэлігіі і сябе; пра каханне, калі вы 35 гадоў разам; пра лепшыя моманты, якія можна правесці пад вадой, і пра людзей, якія ствараюць гісторыю побач з намі. Але нават такая палітра не змагла зрабіць рашэнне журы складаным (тым больш, іх рашэнне супадае з выбарам гледачоў): узнагароду атрымалі літоўскія «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет». Можна шчыра сказаць, што людзі і іх гісторыя, пра што распавёў у сваім фільме Арунас Матэліс, хвалююць і нават узрушаюць: у камандах велагоншчыкаў заўсёды ёсць тыя, хто прыходзіць апошнім, і гэта не таму, што яны лузеры, а зусім з іншай прычыны…

Спартсмены, якія звычайна плятуцца ў хвасце калоны, гэта не звычайныя няўдачнікі — іх называюць па-рознаму: вадавозамі, дамесцікамі, але ніхто не кажа, што гэта героі, якія ахвяруюць уласнай кар’ерай і медалямі дзеля перамогі таварышаў па камандзе. За сваімі героямі рэжысёр сачыў цягам 7 год падчас прэстыжнай велагонкі ў Італіі і распавёў іх гісторыю з пункту гледжання медыцынскай брыгады. Падчас прагляду прыходзіць разуменне таго, што гэтыя «дзіўныя няўдачнікі» на гонцы пачуваюцца як на вайне: яны заўжды на лініі фронту, і сысці з дыстанцыі тут проста немагчыма, нават пасля падзення трэба ўставаць і змагацца далей. Італьянская газета «La Repubblica» адзначае, што літоўскі рэжысёр выбраў вельмі рызыкоўную тэму: зняць кіно не пра пераможцаў, а пра тых Санча Панса, якія заўсёды будуць заставацца ў цені. Тым не менш Матэліс з гэтым не згодны — тэма самаахвярнасці, па яго меркаванні, заўжды будзе прынятая, а героі стануць пераможцамі ў вачах гледачоў.

Беларуская новая хваля

 Галоўнай інтрыгай «Лістапада» для айчыннага гледача заставалася беларуская стужка-пераможца, якая насамрэч інтрыгай і не была: фільм Юліі Шатун «Заўтра» нездарма трапіў і ў міжнародную праграму «Маладосць на маршы». Якасна зробленая, шчырая, рэалістычная стужка сапраўды ўпісала Беларусь у міжнародны кінакантэкст (магчыма, ёсць спадзеў на ўласную новую хвалю кіно?).

Юлія Шатун — невядомая дагэтуль постаць на айчыннай рэжысёрскай мапе: «Заўтра» — дэбютная стужка дзяўчыны, а кіно было яе хобі, а не прафесіяй. Але ці можа гэта стаць перашкодай для перамогі? Напэўна, «Заўтра» ў першую чаргу скарае гледача, як і журы, сваёй няштучнасцю: на экране ўбачым сваё наваколле, прычым без яркіх дамаляваных дэталяў, быццам сапраўды паглядзелі ў акно. Па-другое, сюжэт Юлія не прыдумывала, сцэнарый ёй ніхто не пісаў — гэта вельмі інтымная, але блізкая і зразумелая кожнаму гісторыя яе сям’і. Прафесійных акцёраў тут няма, кіно дзяўчына здымала на звычайны фотаапарат і без вялізных выдаткаў. Як бачым на экране, сям’і даводзіцца нялёгка: тут не да галівудскіх бюджэтаў. Па-трэцяе, хоць стужка і ігравая, але ў ёй ледзьве не ўсё дакументальнае: бацькі ніяк не могуць адрэмантаваць кватэру, бо няма грошай, тата — настаўнік англійскай мовы — не можа знайсці працу, пазваніўшы па ўсіх магчымых аб’явах, вопратку для брата даводзіцца купляць у растэрміноўку на рынку, а лепшым падарункам на гадавіну вяселля для бацькоў стануць шпалеры. Безнадзейную сітуацыю хочацца палепшыць латарэяй (дарэчы, адзіны выдуманы момант у карціне): квіток абавязкова будзе выйгрышным! Але ў «Заўтра» такога відавочнага хэпі-энду быць не можа: у нашай рэальнасці тыя, каму так неабходна падтрымка, не заўсёды атрымліваюць яе ў той жа момант.

Героі Юліі Шатун выклікаюць давер нават не таму, што яны такія рэальныя і зусім не іграюць, — справа ў іншым: у кожным з іх мы пазнаём сябе, сваіх бацькоў. Жыццё ў «Заўтра» круціцца па нейкім шэрым коле безвыходнасці і надзеі, але спыняцца не збіраецца ні на тым, ні на другім: няўдача вядзе за сабой поспех, а калі і не, то побач заўжды будуць тыя, хто не пакіне ў складанай сітуацыі. «Заўтра» — гэта яшчэ і маніфест на будучыню, заклік да пакаленняў, крок да іншай, новай гісторыі, каб паўтарэнняў больш не было.

Сталася так, што рэальнасць на экране нам сапраўды вельмі падабаецца — здаецца, больш, чым у жыцці. У нацыянальнай дакументальнай праграме таксама перамагло кіно, як кажуць, без прыўкрас: «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» Барыса Нікалайчыка. Грошы на гэты фільм збіралі ўсім светам: хлопцы — героі фільма запусцілі краўдфандынгавую кампанію, каб стварыць кіно. Праект стаўся паспяховым: працу над кінастужкай дапамаглі скончыць гледачы. Ці задаволеныя яны вынікам?

На экране бачым двух веласіпедыстаў, кітайскія маторы, якія ламаюцца ледзьве не кожную хвіліну, родную Беларусь і яе гасцінных жыхароў, а таксама даведваемся пра тое, якім можа быць жыццё ў правінцыі. Падчас свайго падарожжа Раман і Барыс праехалі 3000 кіламетраў уздоўж беларускай мяжы і правялі ў дарозе 47 дзён — досыць для незабыўнай авантуры. Але самыя цікавыя тут не лічбы, а маршрут: невялікія гарады і вёскі, купанне ў азёрах, схаваных некранутай прыродай, свежыя беларускія ночы ў палатках ды атмасфера школьных паходаў і, вядома, людзі! На сваім шляху веласіпедысты быццам наўмысна сустракаюць толькі каларытных персанажаў, якія абавязкова ім дапамагаюць! Вось яны адпачываюць у музыканта-рэпера ў Чэрыкаве, а вось вядуць «мужчынскую размову» з мясцовымі жыхарамі дзесьці пад Оршай, спяць у лазні ў Мсціслаўлі, паспяваюць сачыць за гістарычнай спадчынай Беларусі і дакранаюцца да муроў разбураных славутасцяў. У выніку бачна, што героі стомленыя, але не пераможаныя: у Беларусі сапраўды ёсць на што і тым больш на каго паглядзець, ёсць што ўсвядоміць, ёсць чаго пашукаць. Праз паўтары гадзіны, якія доўжыцца фільм, глядач абавязкова зразумее: падарожжа скончанае, і цяпер родная краіна напоўнілася зусім іншым, новым сэнсам, які знайшоўся ў дарозе.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Цяпер можна заплюшчыць вочы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».