Вы тут

Дзе шукаць ген вынослівасці?


Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць атрымаць «вялікае малако», але скарачаюць каровін век.

Жывёлаводы адмовіліся ад выпасу кароў. На змену традыцыйнаму выгулу прыходзяць новыя тэхналогіі. Паводле іх, статак знаходзіцца ў межах комплексу і атрымлівае збалансаваныя кармы. Надоі імкліва ідуць уверх. А вось прадукцыйны перыяд зніжаецца — і малочныя рэкардсменкі праз 3—4 гады выходзяць са строю.


Комп­лекс «Цэнт­раль­ны» СВК «Свіс­лач».

У Гродзенскай вобласці з кожным годам павялічваюцца надоі. Вось і сёлета прадукцыйнасць дойнага статка ўзрасла на 31 кг ад каровы. За год плануецца атрымаць ад каровы 5,3 тыс. кг малака, паведамілі ў абласным упраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання. Але і гэта не мяжа. Спецыялісты падлічылі, што генетычны патэнцыял дойнага статка ў вобласці дазваляе атрымаць больш за 7 тыс. кілаграм, а ў некаторых раёнах, у першую чаргу ў Гродзенскім, ажно 9 тыс. кг ад каровы. Рэкорды ў надоях ставіць СВК «Свіслач» — адна з племянных гаспадарак Гродзенскага раёна. Да канца года тут мяркуюць дасягнуць 9,5 тыс. кг малака на карову. Спрыяе гэтаму актыўнае ўкараненне новых сучасных тэхналогій, дзе арганізацыя працы і культура вытворчасці знаходзяцца на ўзроўні высокаразвітых краін.

На комплексе «Цэнтральны» СВК «Свіслач» пастаянна нешта ўдасканальваюць. Не так даўно адрамантавалі і запусцілі даільную залу з імпартным абсталяваннем. Тут традыцыйна аддаюць перавагу так званай паралелі. Але гэта справа дзясятая. Перш-наперш трэба сфарміраваць статак. У гаспадарцы самая малочная парода — гальштына-фрызская. Статак пастаянна паляпшаецца высокапрадукцыйным семем, якое закупляецца за мяжой. Тут нямала рэкардсменак, якія бралі прызавыя месцы на выстаўцы «Белагра». Галоўны заатэхнік Міхаіл Павядайка пералічвае мянушкі пераможцаў апошніх гадоў — Мілка, Дыядэма, Вікторыя... Не ўсе яны сёння ў складзе статка. Дарэчы, Мілкі не стала неўзабаве пасля конкурсу. Кажуць, гэта вынік стрэсавай сітуацыі. А вось другая рэкардсменка Дыядэма нядаўна нарадзіла двойню, у хуткім часе павінен з'явіцца прыплод і ў Вікторыі, якая ў гэтым годзе заняла першае месца ў сваёй катэгорыі на конкурсе. Па каровіных мерках яна яшчэ маладая — усяго каля пяці гадоў, ці трэцяя лактацыя (перыяд, калі карова дае малако). У гаспадарцы працуюць над тым, каб гэты перыяд павялічыць, кажа Міхаіл Павядайка. Па словах спецыяліста, карова разам з малаком аддае шмат пажыўных рэчываў, яна высільваецца, а значыць, трэба правільна папаўняць гэты запас. Таму тут адкрылі камбікормавы цэх і ўдасканальваюць рэцэптуру кармлення. Пад кожны перыяд лактацыі — сваё меню.

Па-другое, удзяляюць увагу актыўнаму мацыёну дойнага статка. Як расказаў галоўны заатэхнік, за фермай нават праклалі трасу ў 1,5 км, па якой гуляюць «дэкрэтныя» жывёлы, умацоўваючы мышцы і звязкі. І гэта дае свой плён. Калі раней у сярэднім па гаспадарцы было 3,7 лактацыі, то зараз — 5,7.

І ўсё ж высокая прадукцыйнасць адбіваецца на здароўі кароў. Штогод больш чым трэцяя частка статка аднаўляецца. Не ўсе жывёлы, асабліва гэта цяжка для маладых, вытрымліваюць такі тэмп, таму і сыходзяць з дыстанцыі.

Гэта датычыцца ўсяго рэгіёна. Дарэчы, па вобласці «малочны» перыяд дойнага статка невялікі — усяго каля трох лактацый. Гэта 4—5 гадоў. Генеральны дырэктар Гродзенскага племпрадпрыемства Пётр Кашталян падкрэсліў, што над гэтым пытаннем працуюць навукоўцы. У прыватнасці, выкарыстоўваецца сусветны вопыт уплыву генэтыкі на даўгалецце. У большай ступені ген вынослівасці (тэрмін цалкам рэальны) мае дачыненне да бычкоў-вытворцаў. У мінулым годзе ў Еўропе закуплена 8 геномна ацэненых быкоў, кошт аднаго дасягае 7 тыс. еўра. Гэта сведчыць аб важнасці пераносу славутага гена.

У практыкаў ёсць і свае меркаванні наконт даўгалецця кароў. На адным з конкурсаў па ўзнаўленні дойнага статка, які штогод праходзіць у Гродзенскім раёне, маладыя спецыялісты па штучным асемяненні выказалі думку наконт негатыўнага ўздзеяння на жывёлу бяспры́вязнага ўтрымання. Маўляў, ад гумовага пакрыцця пакутуюць ногі і капыты. А далёка не ўсюды ўстаноўлены станкі для іх расчысткі. Не спрыяе здароўю і цесната на выгульных пляцоўках. Іншая рэч — свабодны выпас! У гаспадара па такой «тэхналогіі» карова давала малако не 3—4 гады, а 15—20.

Інавацыі спрабуюць наблізіць нашу карміліцу да натуральных умоў. Адна з такіх цуда-фермаў знаходзіцца ў СВК «Прагрэс-Верцялішкі». Тут сем гадоў таму ўведзены рабатызаваны комплекс, на якім карова доіцца тады, калі сама захоча. Пры гэтым робат яе стымулюе кормам. Але падмануць яго нельга. Аўтаматыка выдае, калі адбылася дойка, і зноў карову не прыме. Такіх робатаў тут 16 — яны і вымя памыюць, і масаж зробяць. А каб падоўжыць светлавы дзень, робаты абсталяваны ўльтрафіялетавымі лямпамі — замест сонечных праменяў, расказвае загадчык комплексу Сяргей Карпач.

На падлозе гумовы насціл галандскай вытворчасці. І надоі тут еўрапейскага ўзроўню. У сярэднім на комплексе атрымліваюць больш за 10 тыс. кг малака на карову (іх тут 300). А вось вытрымліваюць жывёлы такі тэмп не доўга — усяго 2—3 лактацыі. Калі на выпасе знаходзіліся, тэрмін быў у чатыры разы даўжэйшы, заўважае загадчык фермы. І сёння гэтага можна дабіцца, калі выпусціць статак на поле. Бо карове патрэбен рух, адзначае Сяргей Карпач, яна павінна праходзіць у дзень каля двух кіламетраў. Да таго ж карова аддае з малаком значную частку сваіх мікраэлементаў. Іх абавязкова трэба папаўняць.

Безумоўна, новыя тэхналогіі робяць стаўку на «вялікае малако». І гэта сябе апраўдала — надоі значна выраслі. Каб трымаць планку па малаку, трэба пастаянна павялічваць статак. І ён у маштабах вобласці расце з году ў год, хоць і звязаны з пэўнымі затратамі. Бо выгадаваць новую карову даражэй, чым утрымліваць тую, што ёсць.

Вяртанне да дзедаўскага спосабу ўтрымання наўрад ці адбудзецца, лічаць спецыялісты Гродзенскага племпрадпрыемства, але яны згодныя з тым, што некаторыя моманты неабходна падкарэктаваць. Напрыклад, летам выпускаць на выпас уразлівыя групы кароў, у тым ліку пасля расцёлу.

Загадчык фермы Сяргей Карпач у сваіх меркаваннях катэгарычны: каб карова не толькі давала малако, але і мела добрую рэпрадуктыўную функцыю, яе трэба выпускаць на луг. Ад расы яе ногі і капыты будуць чыстыя, а значыць, здаровыя. Тады і век карміліцы падоўжыцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».