Вы тут

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?


Сельская гаспадарка для Беларусі — адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту. Пад брэндам «зроблена ў Беларусі» вырабляюцца разнастайныя малочныя і мясныя вырабы, якія асацыююцца ў спажыўцоў з высокай якасцю. Таксама ў СНД пастаўляецца самая свежая агародніна і садавіна. У краіне практычна цалкам замяшчаецца імпарт, а таксама штогод павялічваюцца экспартныя паказчыкі. Толькі сёлета, паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, экспарт галіны ў перыяд са студзеня па жнівень дасягнуў узроўню 1,64 млрд долараў — 112,1% да адпаведнага ўзроўню 2016 года. Сёння стаіць задача нарасціць экспарт прадукцыі не менш, чым на 11,5%. Праца над пастаўкамі, нарошчванне аб'ёмаў вырабленай прадукцыі патрабуюць асаблівай увагі да мадэрнізацыі і інавацый.


Фота БЕЛТА

Павышаем ураджайнасць

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц адзначае, што ў гэтай пяцігодцы развіццё аграпрамысловага комплексу забяспечваецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады. У рамках дзяржпраграмы ажыццяўляецца рэалізацыя 11 падпраграм, якія прадугледжваюць развіццё вытворчасці і рэалізацыі раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі, а таксама селекцыі і насенняводства, племянной справы ў жывёлагадоўлі. Таксама запланавана падтрымка малых формаў гаспадарання, тэхнічная і тэхналагічная мадэрнізацыя, развіццё меліярацыі сельскагаспадарчых зямель.

У раслінаводстве прадугледжваецца пільна сачыць за павышэннем глебавай урадлівасці. Таксама ідзе работа па дасягненні максімальнай акупнасці ўраджаю. Для галіны стратэгічна важна забяспечыць і пагалоўе буйной рагатай жывёлы высокаэнергетычнымі, збалансаванымі кармамі.

У выніку да канца 2020 года плануецца павысіць ураджайнасць збожжавых культур на 9% да ўзроўню 2015 года, бульбы — на 25%, агародніны — на 9%, пладоў і ягад — у 2,5 раза, рапсу — на 31%, цукровых буракоў — на 51%. Акрамя таго, павялічыць вытворчасць прадукцыі раслінаводства ў гаспадарках усіх катэгорый на 9,3% да ўзроўню 2015 года.

Зараз у краіне таксама працуюць над пытаннем укаранення прынцыпаў арганічнага земляробства. Дарэчы, адпаведны закон плануецца ўнесці ў парламент да канца года. Згодна з ім дзяржава будзе аказваць падтрымку тым суб'ектам гаспадарання, якія накіраваны на развіццё такога віду земляробства. Леанід Заяц лічыць, што земляробства ў Беларусі павінна быць экалагічна інтэнсіўнае, гарантаваць харчовую бяспеку, і ахову навакольнага асяроддзя. Для гэтага і патрэбны адпаведны дакумент, у якім будзе вызначана паняцце арганічнай вытворчасці, а таксама агульныя патрабаванні да вытворчасці і абарачэння арганічнай прадукцыі.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Робаты і каровы

Для жывёлагадоўлі на перыяд дзеяння праграмы па аграрным бізнесе таксама вызначаны прыярытэтныя напрамкі. Плануецца шырокае ўкараненне рэсурсазберагальных тэхналогій, якія пазітыўна паўплываюць на вытворчасць прадукцыі за кошт скарачэння матэрыяльных і працоўных выдаткаў, і, як вынік — на зніжэнне сабекошту. Плануецца павышэнне ўзроўню аховы краіны — а менавіта ў плане біялагічнай бяспекі сельскагаспадарчых жывёл, экалогіі навакольнага асяроддзя, бяспекі прадуктаў харчавання насельніцтва. Планы напалеонаўскія. У выніку да 2020 года вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў гаспадарках усіх катэгорый будзе павялічана на 18,3% да ўзроўню 2015 года. Запланаваныя аб'ёмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі дадуць магчымасць да 2020 года цалкам забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ў асноўных відах плодаагародніннай, мяса-малочнай прадукцыі, хлебабулачных, мукамольна-крупяных вырабаў.

Станоўчыя тэндэнцыі можна адчуць ужо і ў гэтым годзе. «Па выніках працы за дзесяць месяцаў у аграпрамысловым комплексе назіраецца станоўчая дынаміка развіцця. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ва ўсіх катэгорыях склаў 102,9%, у сельгасарганізацыях — 103,8%. Па выніках года мы забяспечым рост вытворчасці сельгаспрадукцыі на ўзроўні 3%», — сказаў Леанід Заяц. Міністр звярнуў увагу на тое, што ў краіне ёсць значныя рэзервы для павышэння эканамічнай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. «У прыярытэце завяршыць будаўніцтва свінатаварных комплексаў у Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай абласцях. Акрамя таго, у ступені гатоўнасці 50% і вышэй знаходзяцца 128 малочнатаварных фермаў», — падкрэсліў ён.

Генетыка малочнай жывёлагадоўлі краіны сёння на высокім узроўні. Важная задача — раскрыць увесь яе патэнцыял. «Гэтым сёння і займаюцца нашы навукоўцы. Мы паляпшаем пародны патэнцыял. У нас ёсць элітнае ядро кароў, якія размешчаны ў найлепшых гаспадарках. Створана піраміда племянной справы. Там мы хутка сканцэнтруем найлепшы сусветны генетычны патэнцыял. Кожны год племянное ядро будзе толькі пашырацца», — растлумачыў міністр.

Таксама, па яго словах, будзе пашырацца і тэхнічны патэнцыял для жывёлагадоўлі. У Беларусі ёсць сучасныя даільныя залы і тэхналогіі. Больш за 50 фермаў ужо рабатызаваныя.

Акрамя таго, выпрабавальная база новых магчымасцяў беларускіх тэхналогій створана на Сахаліне. «Там пабудаваны малочнатаварны комплекс па беларускай тэхналогіі на тысячу галоў. У наступным годзе мы туды паставім сваю жывёлу і забяспечым суправаджэнне тэхналогіі», — растлумачыў Леанід Заяц.

Мадэрнізацыя ў пашане

Міністэрства працуе над паляпшэннем вытворчасці і павышэннем якасці прадукцыі. Асноўныя напрамкі — павышэнне ўзроўню перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, вытворчасць прадукцыі высокай якасці, запатрабаванай на ўнутраным і знешнім рынках. З гэтай мэтай пастаянна праводзіцца работа па тэхніка-тэхналагічным забеспячэнні цэхаў, мадэрнізацыі халадзільнай гаспадаркі, стварэнні сучасных упаковачных ліній, сертыфікацыі, укараненні сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў і іншае, — адзначыў міністр. Таксама, на яго думку, важным напрамкам з'яўляецца тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыя арганізацый малочнай прамысловасці сыраробных цэхаў, сушыльных установак і мясной прамысловасці. Ідзе работа над паляпшэннем існуючых магчымасцяў мясакамбінатаў, кампрэсарных цэхаў і халадзільнікаў. Узводзяцца ачышчальныя збудаванні, мадэрнізуюцца кацельні, пераабсталёўваюцца каўбасныя і паўфабрыкатныя цэхі.

Словам, вялікая праца адпавядае вялікім задачам.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Будучыня пачынаецца сёння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.