Вы тут

Памылкі і наступствы


Занадта ранняе ўкрыццё раслін на зіму

Многія дачнікі, пакідаючы ўчасткі практычна адразу пасля збору ўраджаю, імкнуцца «ўсё паспець» і, забываючы пра разумны сэнс, укрываюць расліны раней, чым ім гэта сапраўды трэба. У выніку гэтыя, здавалася б, добрыя намеры прыводзяць да развіцця захворванняў. Вільготнасць павышаецца, і ўтвараецца кандэнсат, што пры перападах тэмпературы можа быць згубным для расліны. Акрамя таго, культуры, укрытай занадта рана, горача пад сховішчам і яна не паспее «падрыхтавацца» да халадоў.

Як трэба?

Большасць раслін трэба ўкрываць на зіму не раней, чым наступяць устойлівыя замаразкі (-5—7 °С), калі верхні пласт глебы злёгку падмерзне. Некаторыя садоўнікі забываюць пра тое, што на зіму неабходна ўцяпляць не толькі надземную частку, але і карані некаторых раслін. Для гэтага прыкаранёвую зону мульчыруюць 8—10-сантыметровым пластом пілавіння, сухой зямлёй ці торфам. Не варта ў гэтых мэтах выкарыстоўваць салому, бо ў ёй могуць уладкавацца на зімоўку грызуны. Карані касачоў і флёксаў таксама можна ўкрыць.

Апрацоўка агарода гербіцыдамі

На першы погляд усё цалкам лагічна: ураджай сабраны, а значыць, можна апрацаваць участак гербіцыдам, каб прадухіліць рост пустазелля ў наступным сезоне. Але не ўсё так проста: большасць папулярных прэпаратаў, накіраваных на знішчэнне пустазельных траў, «не працуюць» у халоднае надвор'е, а значыць, вы дарма выдаткуеце час і сродкі.

Як трэба?

У канцы сезона пустазелле — тое, што засталося на ўчастку — зрэжце пласкарэзам або матыкай. Глебу накрыйце нятканым матэрыялам (напрыклад, спанбондам), таксама на ўчастку можна пасеяць сідэраты. Ад пустазелля (асабліва ад макрыцы) дапамагае вапнаванне глебы. Дарэчы, восеньскі перыяд як мага лепш падыходзіць для гэтай працэдуры.

Поўная замена грунту ў цяпліцы

Неспрактыкаваны дачнік можа вырашыць замяніць грунт у цяпліцы, выкапаўшы ўсю глебу, якая «стамілася» за сезон, і насыпаўшы на яе месцы свежую. Калі і вы ў ліку такіх энтузіястаў, адумайцеся! Перамясціць кудысьці не менш за
5 куб. м зямлі, знайсці такую ж колькасць добрага грунту і засыпаць назад — ці не занадта радыкальная ідэя?

Як трэба?

Восеньская апрацоўка цяпліцы ўключае ў сябе наступныя маніпуляцыі:

  • прыборка раслінных рэшткаў (яны могуць быць заражаныя, таму смецце з цяпліцы трэба спаліць);
  • апырскванне градак 5%-м растворам меднага купарвасу (можна замяніць абкурваннем сернай шашкай, але толькі не ў цяпліцах з каркасам з неафарбаванага металапрофілю);
  • дэзынфекцыя сцен цяпліцы растворам меднага купарвасу (80—150 г на 10 л воды);
  • зняцце верхняга пласта глебы таўшчынёй 5—7 см: яго прыбіраюць у кампостную кучу, а ў цяпліцу ўносяць перагной з разліку 5—6 кг на 1 кв. м.

Перакопваючы грунт у цяпліцы восенню, не разбівайце камякі: у такім выглядзе глеба лепш прамерзне, а значыць, лічынкі шкоднікаў і іншая «зараза» загіне за зіму.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.