Вы тут

Прэзідэнт заслухаў даклад па эканоміцы


Найважнейшыя дакументы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, што вызначаць развіццё краіны ў наступным годзе, абмеркавалі ўчора ў Палацы Незалежнасці. Як адзначыў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове, 2018 год — асаблівы. Краіна павінна будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю праграмы пяцігодкі.


Фота БЕЛТА

Зрухі ёсць, але не расслабляемся

Сёлета мы назіралі некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак вызначаецца ўстойлівасцю, сальда знешняга гандлю станоўчае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб'ёмы экспарту.

— Тым не менш падстаў для самазаспакаення быць не можа, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Эканоміка за 2015—2016 гады згубіла 6%. Сёлета адыгралі толькі 2%, чаго відавочна недастаткова. Узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце валавога ўнутранага прадукту няма росту даходаў насельніцтва? Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў 1000 рублёў шмат пытанняў і праблем.

Па-ранейшаму актуальная тэма занятасці. Аляксандр Лукашэнка зазначыў, што ўрад дакладвае аб 50 тысячах новых працоўных месцаў. Але ў той жа час, па статыстыцы, колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 43 тысячы чалавек.

— Мы павінны пранікнуцца пачуццём таго, што кожны чалавек мусіць мець магчымасць працаваць, — заявіў падчас учарашняга мерапрыемства кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што, сапраўды, ёсць людзі, якія стаяць на ўліку ў міліцыі, — і з імі работа арганізавана па-іншаму. Але тым людзям, якія зацікаўлены ў працы, трэба дапамагчы.

Інфляцыя і інвестыцыі

Нацыянальны банк інфармуе, што ў бягучым годзе мы дасягнём самага нізкага за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі росту цэн.

— 6% па выніках 2017 года — цудоўна, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Аднак у планах на 2018 год прадугледжана павелічэнне да 7%. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым пра інфляцыйныя чаканні, у той жа час самі ж падганяем іх.

Насцярожвае кіраўніка краіны сітуацыя і ў сферы інвестыцый:

— Па маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана ажно 65% ад узроўню 2011 года. Гэтага недастаткова нават для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Яны ёсць. І крэдыты прымальныя таксама. Але, дзіўна, праектаў няма.

Бюджэт — не мыліца

Гаворачы пра сферу фінансаў, у першую чаргу Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да бюджэту на наступны год. Патрабаванне Прэзідэнта, як і да бюджэтаў ранейшых гадоў, — служэнне сацыяльнай палітыцы.

— Чаму бюджэт ператвораны ў мыліцу для прадпрыемстваў, якія кульгаюць? І паток прапаноў ад урада па вырабе гэтых мыліц на ўзроўні Прэзідэнта не спыняецца.

Па-другое, кіраўніка краіны насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары:

— Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзіць урад? Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, якія прымаюцца, пакуль носяць касметычны характар, а патрэбны сістэмныя рашэнні.

Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне рыхтаваць праект бюджэту для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў.

— Работа тут прароблена добрая, усё пралічана нармальна, у асноўным усё правільна сказана. Адзінае, што я кажу: зазямліцеся. Саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць. Вы паглядзіце, што ў нас пенсіянеры маюць. Што ў нас мае сярэдні медыцынскі персанал. Нават урачы. На іх жа краіна трымаецца, — падкрэсліў Прэзідэнт. Адпаведна, упэўнены ён, неабходна на нечым зэканоміць, але павялічыць зарплату гэтым людзям.

У тэму

Як паведаміла падчас нарады кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, у найбліжэйшы час будзе ўнесена на разгляд кіраўніка дзяржавы новая канцэпцыя Дэкрэта №3.

«Мы аналізуем гэту сітуацыю, яна сапраўды сур'ёзная, — сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Тыя даныя, якія нам прадставілі аблвыканкамы, — гэта каля 500 тысяч непрацуючых чалавек».

Створана спецыяльная маніторынгавая група, якая рэгулярна выязджае ў найбольш праблемныя з пункту гледжання беспрацоўя рэгіёны. «Мы бачым, што гэта асноўнае пытанне, якое хвалюе жыхароў нашай краіны. У розных рэгіёнах сітуацыя розная, але яна сапраўды сёння мае месца, і самазаспакойвацца тут нельга», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Арыентацыя на людзей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?