Вы тут

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва


Хоць да навагодніх свят яшчэ шмат часу, але ўжо цяпер неба па вечарах прыгожа расквечваецца ад салютаў. Разам з тым піратэхніка можа вельмі сур'ёзна нашкодзіць, калі з ёй абыходзіцца абы-як. Напрыклад, паміж 25 снежня 2016-га і 7 студзеня 2017-га былі траўмаваны 32 чалавекі. З іх — 10 дзяцей. Чорным днём стала першае студзеня. Тады ў бальніцы звярнуліся 25 чалавек, у тым ліку 6 — дзеці.

Пра тое, як жа не трапіць на бальнічную койку, карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з афіцыйным прадстаўніком Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталем НАВІЦКІМ.


Петарда ляціць у твар

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва. І таму з ім можна працаваць толькі дарослым. Вядома, дзецям таксама хочацца паглядзець на прыгожы феерверк. Але для гэтага трэба іх адвесці на бяспечную адлегласць сама меней у 20—25 метраў. І ні ў якім разе не даваць ім у рукі небяспечную забаўку. Чым гэта можа скончыцца? Гартаю зводку здарэнняў...

Увечары 2 студзеня ў прыёмны пакой Брэсцкай абласной бальніцы звярнуліся бацькі двухгадовага хлопчыка. Урач дыягнаставаў у малога апёк правай шчакі. Дзіця тут жа шпіталізавалі. Пасля высветлілася, што апёк быў атрыманы з-за элемента феерверку суткамі раней.

А ўвечары 1 студзеня ў прыёмны пакой ужо Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы прыйшла шасцігадовая дзяўчынка. Як яна растлумачыла, ёй у твар прыляцела петарда. З дыягназам «тэрмічны апёк ілба трэцяй ступені» яе шпіталізавалі.

У навагоднюю ноч на пульт дыспетчара Магілёўскай гарадской бальніцы паступіла паведамленне, што ў двары прыватнага дома ўзарвалася хлапушка і пацярпела трохгадовае дзіця. Маці пасля расказала, што хлопчык трымаў хлапушку ў руках, дзе яна і выбухнула.

Салют у кватэры

Паняцце вытворчага браку прымяняльнае не толькі да бытавой тэхнікі, але і да піратэхнічных вырабаў. Здаецца, усё зроблена па інструкцыі — і ўсталявалі правільна, і падпалілі, і адбеглі... але ў паветра нічога не паляцела. «Асечка» — думае чалавек і ідзе разбірацца, што ж там здарылася. І тут па законе подласці петарда спрацоўвае. Што далей? Тугавухасць, траўмы вока, пераломы пальцаў...

Трынаццацігадовы падлетак — жыхар пасёлка Пуцяводная Зорка Гомельскага раёна — незадоўга да леташніх навагодніх свят знайшоў на вуліцы неразарваную петарду. Паспрабаваў яе падпаліць. А яна ўзяла ды і выбухнула ў руках. Школьніка прывезлі ў рэанімацыю Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы са скалечанай левай рукой. Два пальцы на ёй выбуховая хваля пераламала, а трэці і ўвогуле адарвала.

— Часцей за ўсё, калі петарда не спрацавала, трэба не кідаць яе на волю лёсу, а пачакаць 20—25 хвілін і пасля засыпаць пяском або снегам, — раіць Віталь Навіцкі. — Але ўніверсальнага алгарытму дзеянняў у такіх выпадках не існуе. Справа ў тым, што рэцэптура піратэхнічных вырабаў вельмі разнастайная. Нейкія рэчывы могуць уступаць у хімічную рэакцыю з вадой, нейкія — не. Усе гэтыя нюансы павінны быць абавязкова распісаны ў інструкцыі.

Петарды, ракеты, салюты могуць не запусціцца і з-за таго, што яны няправільна захоўваліся. Класці каробку з выбухоўкай на балкон нельга — там вільготна і холадна. Але і ад крыніц ацяплення таксама трэба трымаць далей, каб не адбылася дэтанацыя. Зрэшты, дэфіцыту прапановы піратэхнікі ў краіне не назіраецца, і таму закупляцца ёй загадзя сэнс невялікі...

Набываць такі патэнцыйна небяспечны для здароўя тавар трэба выключна ў легальных пунктах продажу. Гэта стане гарантыяй, што піратэхніка прайшла праз усе неабходныя выпрабаванні і ў яе ёсць усе сертыфікаты. Да таго ж яна камплектуецца інструкцыяй на беларускай або рускай мовах, дзе прыведзены адказы на ўсе магчымыя пытанні, якія могуць узнікнуць пры яе выкарыстанні: як запускаць, як захоўваць, як утылізаваць і што рабіць, калі яна не спрацавала. Цікава, што «шэрая» піратэхніка каштуе абсалютна столькі ж, колькі і ў добрасумленных крамах. Але пры гэтым такія прадаўцы трапляюцца падчас спецыяльных сумесных рэйдаў кожны год. Калі ёсць продаж — значыць, ёсць попыт. Але ў чым тады яго сэнс?

Што да адлегласці, то пры запуску ракет і петардаў да будынкаў і аўтамабіляў павінна быць не менш за 20 метраў. А вецер мусіць быць не мацнейшы за 3—4 метры за секунду, інакш траекторыя палёту стане непрадказальнай. Летась у Мінску быў выпадак, калі ў адну ноч петарды падпалілі аўтамабіль і балкон кватэры. Таму лепш за ўсё адправіцца з піратэхнікай не ў двор, а на бязлюдную пустку. І вядома ж, побач не павінна быць дрэў і ліній электраперадачы. Цікава, што петарда можа здэтанаваць нават ад трасення падчас пераноскі ў кішэні.

Адметна, што ў гэтым годзе з-за выкарыстання піратэхнікі здарыўся ўсяго адзін пажар. Было гэта 27 студзеня ў вёсцы Пекалін Смалявіцкага раёна. Ішоў дым з акна жылой кватэры двухкватэрнага дома. Ратаўнікі прыйшлі на дапамогу чатыром чалавекам, сярод якіх былі двое дзяцей. Ніхто не пацярпеў. Але агонь пашкодзіў тэхніку і мэблю і закапціў сцены. Прычынай пажару, як пазней высветлілася, стаў самаробны салют, які стаяў каля батарэі ацяплення. Хутчэй за ўсё, ён спрацаваў з-за цеплавога ўздзеяння.

Апёкі могуць быць і хімічныя

— Важна правільна распазнаць тып апёку, — кажа Віталь Навіцкі. — Зрабіць гэта можна толькі візуальна па ўчастку пашкоджанай скуры. Калі скура пачырванела, то апёк яўна тэрмічны. Алгарытм дзеяння просты — ахаладзіць гэтае месца вадой, закрыць яго тканінай і накласці чыстую павязку. А вось калі колер скуры становіцца ненатуральным, то, хутчэй за ўсё, апёк ужо хімічны. Магчымасць яго ўзнікнення ўзрастае пры блізкім кантакце з піратэхнікай. Калі ракета ўзарвалася на старце, то, хутчэй за ўсё, чалавек атрымае апёк камбінаваны — і тэрмічны, і хімічны. Пры любой шкодзе ад піратэхнікі трэба звяртацца па дапамогу да ўрача. Хоць бы для таго, каб проста перастрахавацца.

Нават уздзеянне святла і гуку на органы пачуццяў можа не прайсці бяскрыўдна. Напрыклад, ноччу на 1 студзеня толькі ў Мінску два маладыя мужчыны атрымалі кантузію вока 1-й і 2-й ступеняў.

Між іншым, небяспеку ўяўляе сабой і бенгальскі агонь. На першы погляд падаецца, што прыгожыя іскры, якія так падабаюцца людзям у паўзмроку, цалкам бяспечныя. Але гэта далёка не так. Справа ў тым, што іскры з'яўляюцца дзякуючы таму, што гарыць магній. Калі часцінкі гэтага распаленага металу трапяць на скуру, то гарантаваны адразу два тыпы апёкаў — хімічны і тэрмічны. Таму працаваць з піратэхнікай можна толькі выключна цвярозаму чалавеку. Бо ў такой справе, як і падчас кіравання аўтамабілем, патрабуецца вельмі пільны кантроль.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выбуховая хваля

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.