Вы тут

На спатканне з Косаўскім волатам


Палац Пуслоўскіх расчыніў свае дзверы

Ладны, упрыгожаны, ён на імгненне сцішыўся і ўспамінае: вось па яго калідорах беглі заклапочаныя прыгажуні, вось сурова пазірае з зімняга саду славуты міфічны загадкавы леў-вартаўнік, а вось гаспадар абураецца на свайго сына ў роспачы… Рамантычны сузіральнік сёння падміргвае адмысловымі, непераўзыдзенымі, узорыстымі вокнамі, адной са сваіх адметнасцяў. Маркотны раней, сёння ён зазіхацеў. І ўжо быццам прадчувае хуткія балі, імпрэзы, урачыстасці. Палац Пуслоўскіх расчыніў нарэшце дзверы для наведвальнікаў пасля працяглай рэстаўрацыі і ўпрыгожвае тэрыторыю Косаўскага палацава-паркавага ансамбля разам з мемарыяльным музеем-сядзібай Тадэвуша Касцюшкі.


Натхнёны аднаўленнем, Палац Пуслоўскіх сустракае гасцей.

Палац Пуслоўскіх, ці Косаўскі замак, — унікальны помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя ў неагатычным стылі, аналагаў якому ў беларускай архітэктуры няма. Аб’ект надзелены статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Рэстаўрацыйныя работы вядуцца тут з 2008 года (генеральны падрадчык — ААТ «Брэстрэстаўрацыя»). Фінансаванне — з двух бюджэтаў: рэспубліканскага і абласнога на парытэтных умовах. 10 лістапада ўрачыста для наведвання адкрылі 5 залаў, але рэстаўрацыя працягваецца.

Палац Пуслоўскіх яшчэ чакае вялікі фронт работ. Каб будынак не пуставаў, каб даць магчымасць увайсці ўнутр палаца, прэзентавілі часовую экспазіцыю. У першай зале распавядаецца пра мясцовыя землі і гістарычныя асобы. Другая — белая — прадстаўляе гісторыю палаца, гаспадароў — дынастыю Пуслоўскіх. Трэцяя зала — хроніка выпрабаванняў палаца войнамі і падзеямі мінулага веку. У чацвёртай зале можна даведацца пра план далейшай рэстаўрацыі палаца. Пятая зала выставачная.

— За той час, які займаліся рэстаўрацыяй, я амаль пражыў з палацам другое жыццё. Сёння гэта як у сям’і нараджэнне дзіцяці, новага жыцця. Бо з гэтага моманту буданак пачне функцыянаваць, убіраць у сябе душу, — выказаўся аўтар праекта аднаўлення Косаўскага палацава-паркавага ансамбля Уладзімір Казакоў. — Любы будынак без чалавека плача. Ён плакаў тут шмат гадоў. Але сёння пусціць сваю прыгожую ўдзячную слязу. Прадстаўленая экспазіцыя — частка таго, што пабачым праз, мяркую, 3 — 5 гадоў, калі будуць спрыяльныя ўмовы. Цягам доўгага часу гэты будынак выклікаў смутак, боль, але сёння ўжо можна пераступіць парог і сказаць: «Прывітанне!».

Палац сіметрычны (што з’яўляецца прыкметай класіцызму): ад цэнтральнага двухпавярховага корпуса разыходзяцца два крылы. Даўжыня ўсяго аб’екта — 120 метраў. І гэтая правільнасць, ідэальнасць формы — адлюстраванне класічных задум. У адным з крылаў знаходзілася мастацкая галерэя і бібліятэка, якая налічвала больш як 150 тысяч рэдкіх кніг. У другім крыле былі жылыя пакоі. Іх у палацы налічвалася 132, і кожны — свайго колеру (белы, блакітны, ружовы, залацісты, серабрысты, чорны) і прызначэння: ружовы, напрыклад, — для музіцыравання…

Пяройдзем у белую залу і перанясёмся ў мінулае. Калісьці тут правілі балі. Вось і сёння ўсмешлівыя паненкі ў пышных убраннях і строгія кавалеры адкрылі сезон першым паланэзам у адноўленай белай зале, павітаўшы наведвальнікаў.

На шчасце, палац не быў разбураны цалкам, хоць перажыў шмат… Асноўныя канструкцыі вытрымалі іспыт агнём, непагаддзю і часам. Унутранае ўбранне палаца ўражвала прыгажосцю. З экспазіцыі можна даведацца, як будуць выглядаць два паверхі палаца і падвальнае памяшканне (інтэр’еры гасцінай (2 паверх) і белай залы). На стэндах можам бачыць будучыя інтэр’еры палаца, якія адпавядаюць той эпосе. Побач — наглядны мініяцюрны макет, як будзе выглядаць палац цалкам. Дарэчы, у часы Вандаліна Пуслоўскага парадны ўваход знаходзіўся з сённяшняга тыльнага боку.

— Праведзеныя работы — першы этап па рэнавацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, вяртання іх да жыцця, — адзначыў Васіль Чэрнік, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Беларусі. — Зразумела, сюды будуць прыязджаць турысты. Гэтая мясцовасць знакавая: тут радзіма Т. Касцюшкі, яго дом-музей, побач Ружанскі замак. Гэта вялікае поле дзейнасці для турыстычных арганізацый. Важна звярнуць увагу на часовую экспазіцыю, напоўніць артэфактамі, якія складаюць музейны фонд Беларусі. Міністэрства культуры звернецца да нашых вядучых музейных устаноў — замкавых комплексаў у Міры і Нясвіжы, каб перадаць сюды прадметы на дэпазіт, на часовае захоўванне, якія б упрыгожылі інтэр’еры.

Сёлета ў палац уклалі шмат сродкаў, гэты год стаў вырашальны за апошнія 10 гадоў у плане рэстаўрацыйных работ, адзначыў Алег Вялічка, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама:

 — Згодна з планам-графікам, цалкам завяршыць работы мы плануем дзесьці да 2023 года. На наступны год будзе накіравана прыкладна 20 мільярдаў недамінаваных рублёў — вялікая сума, калі ўлічыць, што за ўвесь час было ўкладзена сюды 50 мільярдаў рублёў. Спадзяюся, праз год мы ўбачым палац у іншым выглядзе.

З’явяцца галоўныя камунікацыі, электрычнасць, ачышчальныя збудаванні, каналізацыя і ўся неабходная інфраструктура. Акрамя музейнай экспазіцыі, пэўная частка палаца будзе здавацца ў арэнду. Тут будуць кафэ, рэстараны, гатэль і іншыя аб’екты. Плануецца таксама ладзіць выязную рэгістрацыю шлюбу.

Алег Вялічка спадзяецца, што аб’ект будзе цікавы не толькі суайчыннікам, але і замежным турыстам. Рэгіён палепшыць матэрыяльны дабрабыт. Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама заўважыў, што будзе крыху зменена дарога да палаца: распрацуюць яшчэ адзін дадатковы пад’язны шлях:

— У Расіі ёсць Залатое кальцо. Нам, мабыць, трэба падумаць пра беларускае турыстычнае кальцо. Тут недалёка Мір, недалёка Нясвіж, куды прыязджае шмат: Нясвіж наведала летась больш як 400 тыс. турыстаў, музей Касцюшкі — 23 тысячы. Калі мы прыцягнем хаця б трэцюю частку турыстаў, якія сёння прыязджаюць у Нясвіж, тут будзе 150 тыс. Такім чынам, рэальна можна павялічыць наведванне ў разоў 7 — 10 за невялікі час. Грошы ўкладваюцца ў аднаўленне нашай гістарычнай спадчыны, культуры. Мяркую, за 10 гадоў праект зможа акупіцца, калі арганізаваць усё правільна.

Рэстаўрацыйныя работы будуць працягвацца яшчэ каля 3 — 5 гадоў, мяркуе Вячаслаў Гарбузаў, начальнік упраўлення культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, трэба яшчэ дапрацаваць інтэр’еры:

— Дзякуючы захаваным фатаграфіям, якія прадстаўлены на стэндах (фота 1930-х гадоў), мы маем поўнае ўяўленне, як выглядалі інтэр’еры. Не па расповедах, не па апісаннях, а па сапраўдных кадрах. Усё будзе ўзнаўляцца з гістарычнай дакладнасцю і на аснове сведчанняў, якія захаваліся.

Рэстаўрацыя адрозніваецца тым, што выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія прымяняліся першапачаткова ў час будаўніцтва палаца: калі раствор, то не цэментавы, а вапнавы (цэмент не выкарыстоўвалі). Такім чынам, спецыялісты бяруць матэрыялы часоў будаўніцтва палаца.

Наперадзе новыя этапы рэстаўрацыі: будзе рабіцца 3 блок, дзе запланаваны аб’екты харчавання. Потым — іншыя блокі, гасцінічныя нумары павышанай камфортнасці.

Хутка тут зноў закіпіць жыццё, замак чакае турыстаў, ужо прымае наведвальнікаў (уваходны квіток каштуе 3 р., экскурсія — 20 р.) і працягвае аднаўляцца.

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Палац Пуслоўскіх расчыніў свае дзверы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.