Вы тут

Гульня ў фанцікі


Зялёна-шакаладная плітка вершаў Алены Ігнацюк


У 2016 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет кніга паэзіі «Будзе ўсё наадварот» пінскай паэтэсы Алены Ігнацюк. Гэта ўжо трэці яе зборнік. Ранейшыя выйшлі з друку ў 2000 і 2006 гадах.

Алена Ігнацюк — даследчыца літаратуры, выкладае тэорыю і гісторыю сусветнай культуры ў Палескім універсітэце. І гэта адбіваецца на яе вершах: яны перанасычаны згадкамі імёнаў старажытных багінь і багоў, міфічных герояў, філосафаў, дзяржаўных дзеячаў, пісьменнікаў, святых далёкай мінуўшчыны. Хаця і нашай беларускай рэальнасці аўтарка не цураецца: сустракаюцца і назвы вёсак, і гарадоў, і апісанні айчынных краявідаў. Але ці атрымалася ў яе перанесці антычныя рэаліі на беларускую глебу? Давайце пройдзем услед за паэтычнай думкай Алены Ігнацюк. Вось верш з інтрыгоўнай назвай «Са мною Ляхі»:

Рака ніткай Арыядны

 з лабірынта цягне час.

Бераг выцягнуты, ладны…

Дзень — што міфа пераказ.

Бы птушыныя галовы

ў жыхароў маіх мясцін:

сойм барочны ладзяць совы

— горнуць цела ў крэалін…

Рака ніткай Арыядны

з небам злучана здаля…

У мяне квіток мандатны:

выбіраюць караля —

людзі-совы… Можа, нагі?

Хто з іх дэман? Кожны — Бог?!

Я ж крычу: «Са мною Ляхі

правяць баль пад скокі блох!»

Цікавая метафара пра Арыядну ў самым пачатку верша знікае пад напластаваннем нейкіх хаатычных з’яў і паняццяў, што адсылаюць да іншых культур. Так, нагі — змеепадобныя стварэнні ў будызме і іудаізме; крэалін — хімічнае рэчыва, масляністая вадкасць цёмна-бурага колеру з рэзкім спецыфічным пахам, што выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі для аховы жывёл ад шкодных членістаногіх; ляхі — слова з летапісу Нестара, якім першапачаткова называлі заходнеславянскія плямёны палян, люцічаў, мазаўшан і памаран. Такім чынам, аўтарка пакідае чытача ў поўным неўразуменні. У лепшым выпадку ён звернецца да слоўнікаў, а ў горшым палічыць свой інтэлектуальны ўзровень занадта нізкім, каб разумець падобныя шэдэўры, і больш зборнік не разгорне. Такі ж фінал магчымы і пасля прачытання слоўніка. Пытанняў не стане менш: якія могуць быць «скокі блох», калі іх атруцілі крэалінам? Хаця першае чатырохрадкоўе і два радкі пра Арыядну ў сярэдзіне верша былі шматабяцальныя, на іх аснове мог бы атрымацца цікавы твор, хай і менш мудрагелісты. І гэта тыповы прыклад з кнігі: тут можна згадаць вершы «На матыў Інгмара Бергмана», «Маім сном зацалаваны», «У тое чэрвеньскае лета» і іншыя. Аўтарка не намагаецца развіць адзін вобраз, які «трымаў» бы верш ды ўвагу чытача, а нібыта абтрасае ў розныя бакі пырскі са свайго паэтычнага пэндзля: на палатне атрымліваюцца рознакаляровыя плямы, некаторыя з іх прыцягваюць вока незвычайным адценнем, а іншыя толькі псуюць уражанне.

Сустракаюцца ў вершах і русізмы («ярасны» твар замест лютага, «падаркі» замест падарункаў, «блудлівы» пагляд замест юрлівага, «свечы» замест свечак, рукі ў «кольцах» — замест «у пярсцёнках»), і граматычныя памылкі («гуляла па саду» — трэба «па садзе», «з грошамі» — трэба «з грашыма», «да Пакровы» — правільна «да Пакравоў»). Часта ўжываецца «ў» пасля зычных для захавання патрэбнага рытму. Неахайнае стаўленне да слова? Альбо жаданне стварыць рыфму? Часта ў адказ на такія заўвагі можна пачуць, што, маўляў, гэта ў беларускай мове дапушчальна, бо сам Максім Багдановіч так рабіў. Але ж у часы Багдановіча наша літаратурная мова толькі стваралася, не была яшчэ ўнармаванай. Ды і варта дадаць, што Максім да канца сваіх дзён у 1917-м удасканальваў адзіны прыжыццёвы зборнік «Вянок», што пабачыў свет у 1913-м і быў ацэнены тагачаснымі крытыкамі на найвышэйшую адзнаку. Спадарыня Алена — не пачатковец, а паэт са стажам, кандыдат філалагічных навук.

Лірычная гераіня ў паэзіі Алены Ігнацюк сапраўдная жанчына (праўда, пры гэтым інфантыльная). Яна любіць пакакетнічаць («…я — як тая кіса-мурка — ў галактыцы жыву тваіх гадоў»), пагуляць («Я гуляла з сабою ў хованкі… І падглядвала за сабой… Нават вецер прыгожа-лёгенькі захапляўся такой гульнёй»), пакруціцца перад люстэркам («…З маім тварам? Мая мара? Цела — нібы аблачына… А прычоска — Гамаюнам, песняй з сонечнага раю… Я ў блакітным? Ці ў зялёным? То з’яўляюся… Знікаю…»). Адметна, што Гамаюн — міфалагічная птушка без крылаў і без ног, якая няспынна лётае пры дапамозе хваста, з’яўленне якой прадказвае няшчасце (але ў вершы яна, відаць, толькі для прыгажосці). Улічваючы паэтычны стаж аўтара, думаецца, перыяд самазахаплення ўсё ж мусіў застацца за спінай: тое, што ўнутры, — нашмат цікавей за вонкавае. Пагатоў, у зборніку ёсць вершы, дзе паэтка, адклаўшы ў бок люстэрка і забыўшыся на выявы розных хімер кшталту нагаў і гамаюнаў, зазірае ў сваю душу:

Смерць закахалася ў жыццё.

І перастала быць сабою.

(з верша «Смак жыцця»);

Мора Готланда — ўсё паэціцца.

Пералівамі хваляў свеціцца.

А на беразе людзі месцяцца —

Ловяць сонца-шар… Дзень карэціцца.

У таверне я. Час манеціцца.

(З верша «Мары Хельды»);

А ў апісанні дажджу можна ўбачыць і прыклад высокай паэзіі:

Людзі з дажджу: сілуэты як лініі —

Пад парасонамі доўжацца сінімі.

(з верша «У сюжэце намочанай раніцы»);

альбо:

Дождж абводзіў сілуэты,

Бы графітавым алоўкам.

(З верша «Дождж і мора»).

Вершы Алены Ігнацюк пераконваюць: паэтэса не пазбаўленая таленту, ёй уласцівае паэтычнае светабачанне, светаадчуванне, яна можа ствараць яркія неардынарныя вобразы, тропы. Але ж… каб спраўдзіць сябе як мастака, гэтага мала.

Праца і цярпенне — вось што можа дапамагчы ў станаўленні яўна адоранай і шмат у чым абазнанай паэтэсы, звычка адшліфоўваць свае творы да люстранога бляску, да ідэальнага гучання.

А па натхненне можна звярнуцца і да скарбонкі сусветнай культуры, і фільмы Бергмана паглядзець. Альбо тэарэму Ферма паспрабаваць даказаць разам з мужам (пра што лірычная гераіня распавядае ў творы «Фанцік “Алёнка”»). А ў чытача падчас чытання вершаў, мяркую, абудзілася моцнае жаданне павандраваць па тых краінах, што ствараюць геаграфію зборніка А. Ігнацюк.

P. S. Дарэчы, што тычыцца назвы: зялёны шакалад, як і ружовы, з’явіўся параўнаўльна нядаўна і ёсць плёнам хітрыкаў кандытараў, ужывання розных дадаткаў. Звычайна і какававае, і зрэдку кававае зерне, цэлае і здробненае, ужываецца засмажаным да хрусткасці, а значыць, зялёным быць ніяк не можа. Хоць аўтарка, вядома, можа тут гулліва заўпарціцца: маўляў, я так бачу…

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

 

Каментары

Гэта рэцэнзія -- нейкая дзіўная пісаніна.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.