Вы тут

Невыведнае


За магчымасць займацца любімай справай Ядвіга Сянько дзякуе Богу: праз іконы, якія стварае.

Зараз яна жыве ў Маладзечне, але работы можна ўбачыць у храмах і касцёлах па ўсёй Беларусі. Экспазіцыя ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» стала нагодай пагутарыць пра творчы шлях і наогул развіццё іканапісу ў краіне.


— Як вы прыйшлі да іканапісу: гэта была мара, мэтанакіраванае рашэнне ці да такога выбару падвяла нейкая сітуацыя?

— Я нарадзілася ў сям’і вернікаў, таму было прасцей зразумець і прыйсці да гэтага кірунку. Маё станаўленне ў якасці іканапісца пачалося ў 1997 годзе. Да гэтага я працавала мастаком-афарміцелем, як і многія мастакі ў савецкі час. У адной газеце выпадкова ўбачыла аб’яву, што Дом праваслаўнай кнігі запрашае да супрацоўніцтва іканапісцаў-мастакоў. Раней у мяне былі напрацоўкі, мой тата працаваў сталяром-чырванадрэўшчыкам. Ён дапамагаў касцёлам рабіць алтары, іканастасы. З часам пачалі і мне падкідваць заказы. Вельмі падабалася працаваць з іконамі, і я доўга шукала месца, дзе магу займацца гэтым відам творчасці. Таму аб’ява ў газеце стала падарункам лёсу. Я вырашыла паехаць у Мінск. Мае работы спадабаліся, 9 гадоў я супрацоўнічала з Домам праваслаўнай кнігі. Паколькі па веравызнанні я каталічка, то пачала вывучаць асаблівасці праваслаўя. Крок за крокам, наведваючы царкву, разглядаючы абразы, маючы зносіны са святарамі, я стала прыходзіць да высновы, што Бог у нас адзін.

Не было нейкай цікавай гісторыі пра тое, як я прыйшла да іканапісу. Але мне заўсёды хацелася дакранацца да светлага. У самым пачатку творчага шляху, разглядаючы творы іканапісцаў, вельмі хацела паспрабаваць сама пісаць іконы, але гэта здавалася недасяжным. Першую сваю ікону напісала ў падарунак касцёлу Ушэсце Дзевы Марыі ў пасёлку Чырвонае побач з Маладзечнам. Там яна захоўваецца і сёння.

— Ці існуюць нейкія асаблівыя тэхнікі іканапісу?

— Безумоўна. Усе іконы я пішу алейнымі фарбамі на палатне. Некаторыя аўтары працуюць акрылавымі фарбамі, некаторыя працуюць у старадаўніх тэхніках. Але кожны аўтар бачыць і разумее працэс абсалютна па-рознаму. Мне падабаецца спалучэнне палатна і алею. Калі я абнаўляла некаторыя іконы, то заўважыла, што і сто гадоў таму мастакі аддавалі перавагу менавіта алейным фарбам, хоць ікона можа быць напісаная акрылавымі фарбамі або створана з ужываннем мінеральных пігментаў. Спачатку я пісала іконы на аснове стандартных падыходаў, а потым прыдумала трохслойны спосаб. Ні ў якіх кнігах гэта не падглядала, проста зразумела аднойчы, што творы атрымліваюцца больш гладкія. Спачатку алоўкам робіш малюнак, далей фарбамі дамагаешся патрэбнага каларыту. Калі першы пласт прасыхае, раблю абліччы, драпіроўкі, дадаю надпісы. Калі гэта праваслаўная ікона, то і ўпрыгажэнні на німб. Калі другі пласт прасыхае, работа пакрываецца лакам і ўстаўляецца ў раму. Але калі напісаў ікону і аддаў заказчыку, а потым бачыш яе праз некаторы час, здаецца, што нешта можна і дапрацаваць…

— У іканапісе важная даўгавечнасць. Як мастакі-іканапісцы дасягаюць такога эфекту?

— Як кажуць многія мастакі, напісаўшы карціну алеем, на яе даецца сто гадоў гарантыі. Вельмі шмат у гэтым пытанні залежыць ад якасці фарбаў, таму не эканомлю на іх, бо нясу адказнасць за работу. Тут выяўляецца мая любоў да алею: акварэль можа выгараць, таксама і акрыл, аднак алейны жывапіс не выгарае. Такую ікону можна працерці мокрай анучай, і яна не сапсуецца.

Калі ў цэрквах мне даводзілася падпраўляць іконы, я часам глядзела на даты стварэння работ: творы амаль не зведалі змен за стагоддзі. Вядома, дзесьці крыху абсыпалася фарба або засталіся пацёртасці, але гэта не крытычна. Даводзілася бачыць іконы, якія доўгі час знаходзіліся ў нядзейсных цэрквах, у сырых сценах і заставаліся жывыя. Алей і нармальныя тэмпературныя ўмовы дапамагаюць творам захоўвацца доўгі час.

— А ў чым розніца паміж рэстаўрацыяй і абнаўленнем ікон? Як часта вам даводзіцца займацца абнаўленнем работ і хто іх патэнцыяльны заказчык?

— Рэстаўрацыйныя работы — больш глыбокі працэс. Трэба зняць акуратна грунт і пакласці яго зноў дакладна так жа, як гэта было першапачаткова, каб усе пласты ляжалі роўна. Я ніколі не займалася рэстаўрацыяй, таму што гэта прафесія патрабуе спецыяльнай адукацыі. Магу толькі крыху падправіць або абнавіць. Калі, напрыклад, з аблічча адляцеў невялікі кавалачак, магу запоўніць адсутную частку. Бывае і так, што ў палатне з’явілася дзірка, можна ззаду падляпіць палатно, падфарбаваць месца, дзе адсутнічае фарба, каб ікона выглядала годна. Перапісваць ікону нельга ні ў якім выпадку, можна толькі акуратна падправіць, ніяк не змяняючы канцэпцыю аўтара.

 Звычайна заказы на абнаўленне абразоў прадастаўляюць мастакам святары, калі ў цэрквах ёсць старадаўнія іконы, якія зведалі змены падчас гістарычных падзей, у выніку знешніх умоў. Шмат такіх ікон, што намоленыя стагоддзямі, і верніку павінна быць прыемна глядзець на твор.

— Ці шмат нюансаў у працы з іканапісам? Наколькі цяжка працаваць у гэтым кірунку?

— Калі чалавек любіць сваю справу і верыць у тое, што робіць, у яго заўсёды атрымаецца. Вера ў Бога для мастака-іканапісца — вялікі плюс. Асабіста я разумею, што раблю, з якім настроем ствараю. Калі толькі пачынала займацца іканапісам, здавалася, што ведаю шмат, а вось мінула два дзесяцігоддзі, і разумею: тэма невычэрпная. Яна настолькі нязведаная, таямнічая... Калі пішаш новы вобраз, трэба пачытаць пра гэтага святога, каб ведаць, каго пераносіш на палатно. Стараюся знайсці пэўныя рысы вобраза і адлюстраваць на палатне.

Работа іканапісца заўсёды патрабуе адасобленасці і цярпення. Мне часта жадаюць натхнення, а я заўсёды адказваю, што натхненне трэба ствараць самому. Мастак, які працуе з іконай, павінен навучыцца не раздражняцца і не трымаць крыўду, зло, тады і працаваць атрымліваецца лёгка. Кожны раз, ствараючы ікону, я трымаю своеасаблівы іспыт: працую над сабой і ў той жа час імкнуся не падвесці заказчыка.

— Наколькі выгадна ў матэрыяльным плане быць мастаком-іканапісцам? Як часта сёння купляюць іконы?

— Стварэнне абразоў, арганізацыя выставак — усё гэта патрабуе немалых укладанняў. Адна рама каштуе вялікіх грошай — ужо не кажу пра пэндзлі і фарбы. Мае работы прадаюцца на выстаўках, я здаю іх у галерэі, супрацоўнічаю з касцёлам і цэрквамі. Ёсць заказчыкі — людзі, якія знаходзяць мяне мэтанакіравана. Ёсць адна сям’я італьянцаў, якія, толькі прыехаўшы ў Беларусь, адразу ж заказваюць ікону.

Але іконы не купляюць так часта, як прадукты. І я не стаўлю ў аснову грошы, а проста люблю сваю справу. Шмат разоў я дарыла іконы храмам і людзям, і мне падабаецца гэта рабіць, бо дапамагае захоўваць гармонію.

— А ці заказваюць іконы звычайныя людзі?

 — Так, індывідуальныя заказы таксама ёсць. Мне нядаўна адзін чалавек замовіў шэсць ікон і сказаў, што робіць гэта для нашчадкаў. Людзі заказваюць абразы і проста так, і з нагоды святаў. Напрыклад, да нараджэння дзіцяці альбо для вянчання. У нашай краіне ўсё ж такі ёсць тыя, хто неабыякавы да рэлігіі і хоча з дапамогай ікон зберагчы сябе, сям’ю, дом. Ёсць стэрэатып, што іконы могуць заказваць толькі забяспечаныя асобы, але сярод маіх заказчыкаў шмат простых людзей. Некаторыя купляюць іконы ў падарунак. Было шмат выпадкаў, калі бабулі і дзядулі заказвалі іконы для сваіх унукаў, каб ахоўвалі і былі памяццю.

Часам да мяне прыходзяць з іконамі, якія засталіся ад продкаў, і просяць абнавіць. А я бачу, што ікона добрая менавіта ў такім варыянце, і кажу, што нельга абнаўляць, бо калісьці яе ў руках трымала, да прыкладу, бабуля. Нешта ёсць у іх патаемнае, чароўнае. Яны праносяць праз сябе столькі малітваў, што становяцца засцярогамі, заступніцамі сем’яў. Наогул, іконы купляюць часцей, чым карціны. У мяне былі не толькі выстаўкі ікон, але і жывапісныя, і я заўважыла, што іканапісныя выстаўкі карыстаюцца вялікім поспехам.

— Ці апыналіся ў сітуацыях, калі, магчыма, заказчыку работа не падабалася?

— За гады працы я навучылася быць пакорлівай. Я ніколі не спрачаюся і да канца выслухоўваю чалавека. Часцей за ўсё да мяне прыходзяць мае людзі. Не было ні аднаго выпадку, каб нехта замовіў ікону і не забраў, сказаў, што не падабаецца. Калі чалавек прыходзіць па ікону, адразу сачу за яго позіркам, таму што людзі ёсць розныя: ёсць эмацыянальныя, якія адразу ўсё скажуць, а ёсць якія маўчаць, не могуць ці не жадаюць казаць, але вочы маўчаць не ўмеюць. Калі бачыш погляд чалавека і разумееш, што твор яму падабаецца, гэта самае прыемнае. Часцей за ўсё прыходзяць заказчыкі, якія ведаюць мой стыль, давяраюць. Бываюць, вядома, моманты, калі ў заказчыка ёсць пэўнае патрабаванне, напрыклад, каб фон быў цямней, я іду насустрач.

Вельмі люблю складаныя заказы. Зараз пішу абраз Святой Кацярыны Александрыйскай для Будслаўскага касцёла. Пішу па вобразе, але каляровую гаму падбіраю так, як адчуваю. Мне падабаюцца цёплыя колеры, якія гарманіруюць адзін з адным. Кожны мастак-іканапісец, таксама як і мастакі, што працуюць у іншых жанрах, мае свой аўтарскі почырк.

— Я ведаю, што вы неаднойчы пісалі маштабныя іконы вышынёй у два метры. Колькі часу займае стварэнне такой работы і як жанчына прымудраецца спраўляцца з такім аб’ёмам?

— Калі бяруся за твор, то пачынаю жыць ім. Апошнюю такую ікону ад эскіза і да выніковай кропкі я зрабіла за тры месяцы.

Многія з вялікіх работ сёння знаходзяцца ва Успенскай царкве ў Маладзечне. Былі ў мяне вельмі цікавыя работы для Касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў аграгарадку Міхалішкі. Я зрабіла для яго дзве алтарныя іконы, якія раней былі скрадзеныя, і не засталося ўзораў, па якіх іх узнаўляць. Ксёндз знайшоў у маленькім календары ў жыхароў вёскі фатаграфію, дзе адна з ікон застаўлена кветкамі. Складана было зразумець структуру малюнка, я рабіла, па сутнасці, аўтарскую працу. Так зжылася з гэтымі творамі, што, калі іх забіралі, не магла стрымаць слёз. Потым запрасілі на асвячэнне — у мяне было адчуванне, што мае слёзы грукочуць, падаючы на бетон. Адначасова было і хваляванне, і радасць. Невымоўнае адчуванне дабрыні.

— У вас досыць насычаная выставачная дзейнасць. За шмат гадоў вашы работы ўбачыла ўся краіна...

— Мае выстаўкі вандруюць па Беларусі, музеі зацікаўлены ў тым, каб іх выстаўляць і прыцягнуць наведвальніка. Выстаўка іканапісу вабіць, таму што на такую экспазіцыю можна запрасіць вучняў школ, ды і вернікі з задавальненнем прыходзяць. Музеі дамаўляюцца аб перадачы экспазіцыі адзін аднаму. Напрыклад, нядаўна была выстаўка ў Лельчыцах, цяпер яна пераязджае ў Петрыкаў, потым паедзе ў Тураў і гэтак далей.

Іканапісцам зручна працаваць з музеямі: нам робяць рэкламу і штосьці з твораў часам прадаюць. А мы дапамагаем музеям прыцягнуць публіку. Маёй выставачнай дзейнасці будзе пятнаццаць гадоў, за гэты час было арганізавана 193 выстаўкі.

Вікторыя АСКЕРА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.