Вы тут

У Беларусі пачалі вырабляць офісную паперу з макулатуры


Барысаўскае прадпрыемства «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака пачало вырабляць офісную паперу з макулатуры. Раней у Беларусі гэтым ніхто не займаўся. Эксперты сцвярджаюць, што такая ініцыятыва дапаможа скараціць расход вады і электраэнергіі, захаваць лясныя рэсурсы і наладзіць сістэму збору другаснай сыравіны.


Фота: makrab.ru

Тэхніка для вырабу высакаякаснай офіснай паперы ў прадпрыемства з’явілася дзякуючы праекту «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ў межах Праграмы развіцця ААН у партнёрстве з Мінпрыроды Беларусі.

– Еўрасаюз выдзеліў 12 мільёнаў еўра для пераходу да мадэлі «зялёнай» эканомікі ў Беларусі. Мы рэалізавалі 23 пілотныя ініцыятывы, выраб офіснай паперы з макулатуры – самая буйная з іх, – распавяла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын. – Гэты праект паказвае, наколькі эфектыўна працуюць «зялёныя» тэхналогіі з экалагічнага і эканамічнага пункту гледжання і як яны мяняюць спажывецкія звычкі людзей.

На рэалізацыю пілотнай ініцыятывы «Папяровай фабрыкі» Дзяржзнака ЕС выдзеліў 860 тыс. еўра. На гэтыя грошы прадпрыемства купіла італьянскае абсталяванне, пабудавала вытворчы ўчастак для сартавання макулатуры, а таксама ўкамплектавала існуючую лінію перапрацоўкі новымі вузламі і механізмамі. Новая тэхніка дазваляе вырабляць якасную офісную паперу з макулатуры ніжэйшай якасці.

Па словах спецыялістаў, усе гэтыя новаўвядзенні дапамогуць знізіць расход вады, паменшыць колькасць узважаных часціц у сцёкавай вадзе і зэканоміць да 50 тыс. кубаметраў паліва ў год.

– Тона перапрацаванай паперы можа выратаваць ад высечкі 17 дрэў. А адно дрэва здольна забяспечыць кіслародам да трох чалавек. Гэтая ініцыятыва дасць магчымасць не толькі захаваць лясныя рэсурсы, але і скараціць паліўна-энергетычныя выдаткі на 17,64 тыс. еўра ў год. Акрамя таго, на прадпрыемстве створаны чатыры працоўныя месцы. Таму давайце перапрацоўваць паперу і зарабляць на гэтым грошы. Што нам перашкаджае? – падкрэсліў намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар.

Новае абсталяванне дазволіць павялічыць аб’ём перапрацоўкі макулатуры да 2,5 тыс. тон у год. Але парадокс – на барысаўскае прадпрыемства сёння паступае менш за 20% беларускай сыравіны, астатняя – закупляецца ў Расіі. Ці можна ў такім разе лічыць дадзеную ініцыятыву «зялёнай», калі ўлічыць усе выдаткі на транспарціроўку макулатуры, неабходнай для загрузкі магутнасцяў новага абсталявання? Генеральнага дырэктара «Папяровай фабрыкі» Дзяржзнака Аляксандра Мельнікава гэта праблема хвалюе. Ён лічыць, што ў нашай краіне трэба тэрмінова наладзіць сістэму раздзельнага збору смецця. А першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна, у сваю чаргу, дадала, што работа ў гэтай галіне вядзецца і названая ініцыятыва – прамы гэтаму доказ.

– Яшчэ два гады таму мала хто ўяўляў, што такое «зялёная» эканоміка і як яна працуе. Сёння мы ўжо бачым канкрэтныя прыклады ўжывання «зялёных» тэхналогій. Гэты маштабны праект паказаў беларусам, як можна зарабляць на экалагічна чыстай вытворчасці. Канкрэтна гэтую ініцыятыву я лічу жамчужынай «зялёнай» эканомікі, – пракаментавала Ія Малкіна.

Таксама яна адзначыла, што парад «зялёных» ініцыятыў у Беларусі не спыняецца. Ужо рэалізуецца новы праект «Зялёныя» гарады, праводзіцца праца з агульнаадукацыйнымі ўстановамі і летнімі лагерамі. І ў планах яшчэ адзін буйнабюджэтны экалагічны праект.

Кацярына КІРЭЕВА

kаtуаkіrееvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.