Вы тут

Асноўны інстынкт


Напачатку хачу падкрэсліць, што ў мяне класічная мужчынская арыентацыя. Яшчэ я супраць гвалту, асабліва ў дачыненні да жанчын. І, самае галоўнае, у прафесію я трапіў не праз ложак. Ну, вось неяк так склалася з апошнім, давялося самастойна пракладаць сабе дарогу. («Двое ляжаць у ложку. Яна яму з крыўдай кідае: «Што ж ты, казёл, да гэтага не сказаў, што ты — рэжысёр мультфільмаў?!») Здагадаліся ўжо, да чаго хілю? Я пра тую хвалю сексуальных абвінавачванняў, якая пракацілася па свеце. Нават анекдот новы з'явіўся. «Дзякуючы Харві Вайнштэйну многія актрысы вы... (трапілі) у людзі». Пачалося ж усё з таго, што многія галівудскія «зоркі»-жанчыны абвінавацілі вядомага прадзюсара ў дамаганнях, якія здарыліся шмат гадоў таму... Неяк «у тэму» і колішняя славутая спартсменка расказала пра згвалтаванне яе не менш знакамітым алімпійскім чэмпіёнам, што зноў жа адбылося даўно... Міністра абароны Вялікабрытаніі звольнілі за тое, што той 15 гадоў таму паклаў на калена журналісткі руку...


Паўтараю, я супраць гвалту. Але давайце паспрабуем разгледзець сітуацыю нейтральна. Тое, што адбываецца, нагадвае, прабачце, нейкі псіхоз, істэрыю. («Баба — яна як гопнік. Захоча дакапацца — дакапаецца. Тут ад мужыка нічога не залежыць».) Была праблема — яе трэба было вырашаць адразу, што, дарэчы, многія з цяперашніх «зорак» Галівуда і зрабілі. («— У цябе ўвогуле з дзяўчатамі сур'ёзнае штосьці было?» — «Ды так, адзін раз нават да суда дайшло».) Можна і зараз было падаць іск. Любое злачынства заслугоўвае пакарання. Але ці сапраўды менавіта яго дабіваюцца знакамітасці? («Лепш смяяцца на прыёме ў псіхатэрапеўта, чым плакаць у псіхіятра».) Ёсць жа сацыяльныя сеткі! Прызнанні — гэта ж такі піяр! Можа, у ім і ёсць самая галоўная прычына скандалаў?

Расійскую актрысу Любоў Талкаліну літаральна задзяўблі пасля яе каментарыя адносна галівудскага скандалу, яна нават мусіла апраўдвацца. А што такога было сказана? У прыватнасці: «Наогул, як можна вінаваціць мужчыну ў сексуальных дамаганнях, хіба ён не для гэтага існуе на свеце?» Скажыце, калі ўсё па згодзе, што тут не так? («Вось дзяўчаты накачваюць сабе грудзі, у іх дэкальтэ, міні-спадніцы і шпількі, а потым яны абураюцца, што мужыкам толькі адно і трэба... А гэта ж усё роўна, што стаяць за прылаўкам з апельсінамі і скардзіцца, што ніхто пра кнігі не пытае».) Мужчына і павінен адчуваць сябе заваёўнікам, гэта ж асноўны інстынкт. («Калі жанчына супраціўляецца, гэта раздражняе. Калі не супраціўляецца — насцярожвае».) А вось ці падзе крэпасць — іншая справа. Усе ж цудоўна памятаюць пра сабаку, яго жаданні і магчымасці...

Але што гэта мы толькі пра мужчын? Давайце глядзець, як той казаў, праўдзе ў вочы. Жанчыны таксама могуць быць агрэсіўнымі і схільнымі да гвалту.

(«Міліцэйскі нарад выехаў на бытавы скандал: жонка збіла мужа патэльняй. Па рацыі з райаддзела паступае запыт, маўляў, з-за чаго паміж сужэнцамі здарыўся канфлікт? Праваахоўнікі з кватэры адказваюць, што яна памыла падлогу, а ён прайшоўся па ёй. «Вы затрымалі падазраваную?» — «Не. Чакаем, пакуль падлога высахне».) Вось вам свежыя прыклады. Чарговы экс-целаахоўнік абвінаваціў чарговую вядомую амерыканскую спявачку ў тым, што яна яго абражала, прыніжала і нават фізічна дамагалася. («У малодшых класах хлопчыкі б'юць прыгожых дзяўчатак партфелямі па галаве, а потым здзіўляюцца, чаму прыгожыя дзяўчаты — дурніцы».) У Мінску нядаўна пасажырка таксі нападпітку спрабавала з-за адсутнасці грошай расплаціцца з кіроўцам натурай. Гэта не гвалт? («На тое, што ў п'янай жанчыны ў галаве, не ў кожнага мужчыны сіл хопіць».)

Спецыялісты Ланкастэрскага ўніверсітэта і праваахоўнай арганізацыі правялі сумеснае даследаванне на тэму сексуальнага гвалту з боку жанчын у адносінах да мужчын. («Заказаў жонку на гадзіну. Прыехала жанчына і сказала, што я сапсаваў найлепшую гадзіну ў яе жыцці».) Вынікі сацапытання, у якім бралі ўдзел больш за 150 прадстаўнікоў дужага полу, насцярожылі экспертаў. 22 працэнты рэспандэнтаў прызналіся, што жанчыны прымушалі іх да палавога кантакту шляхам пагроз разарваць адносіны ці распаўсюдзіць чуткі, ілжывыя паведамленні.

(«— Мы павінны разысціся». — «Я пакончу з сабой!» — «Гэта прыемны бонус, дзякуй».) Каля 14 працэнтаў удзельнікаў даследавання расказалі, што жанчыны выкарыстоўвалі супраць іх сілу, у тым ліку пагражалі зброяй. («Я баба нервовая, таму і мабільнік у мяне танны, і посуд аднаразовы».) У гэтай сувязі эксперты заклікалі (!) грамадскасць звярнуць асаблівую ўвагу (!) на праблему выкарыстання жанчынамі (!) сексуальнага гвалту ў адносінах да мужчын. А вы кажаце...

Так што, як відаць, памкненні ў нас аднолькавыя. І няхай кожны іграе сваю ролю. («— Калі не кінеш прытварацца касірам у супермаркеце, я збяру свае рэчы і сыду!» — «Пакет патрэбны?») Трэба толькі без гвалту, людцы. Дамаўляцца неяк трэба. Каб па згодзе і па любві. («— Вам, мужыкам, толькі адзін секс патрэбны. А нам, жанчынам, што трэба? Правільна — увага! Ну што, зразумеў?» — «Ага, зразумеў». — «Што ты зразумеў?» — «Увага, зараз будзе секс!»)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.