Вы тут

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню


З кожным годам беларусы ўступаюць у шлюб усё пазней. Вырашаюць спачатку наладзіць жыццё: адукацыя, кар'ера, вандроўкі... Але ўсё разлічыць немагчыма, асабліва што датычыцца спраў сардэчных. Тым больш, як у той прымаўцы, з мілым рай і ў шалашы. Ці ў інтэрнаце. Студэнцкая сям'я БАБАК расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.


Пакой па цане праязнога

Воля і Рома вучацца на філалагічным факультэце БДУ. Яна на трэцім курсе, ён — на чацвёртым. Гэтым летам, у ліпені, пара пажанілася і атрымала сямейны пакой у інтэрнаце №3 на вуліцы Курчатава.

— Нам пашанцавала. Калі заязджалі, усё выглядала так, як і цяпер, — паказваюць яны журналістам сваё светлае і ўтульнае гняздзечка. — Былі паклеены шпалеры, стаяла мэбля: два ложкі, тумбы, стол, шафа і халадзільнік.

Па студэнцкіх мерках жыллё выдатнае, ёсць нават асобны санвузел. За пакой плацяць амаль столькі ж, колькі за праязны білет — 36 рублёў у месяц.

Будучыя філолагі родам са Светлагорска. Пазнаёміліся яшчэ да таго, як паступілі ва ўніверсітэт — разам хадзілі ў Дом культуры энергетыкаў. Воля займалася танцамі, у якасці мадэлі дэманстравала касцюмы з паперы, а Рома спяваў.

— Я ўвесь час «варыўся» ў творчым асяродку: спектаклі, вакал, — успамінае хлопец. — Але бацькі сказалі: «Якая Акадэмія мастацтваў? Будзеш пасля працаваць у Доме культуры. Выберы што-небудзь больш перспектыўнае». Я якраз толькі з'ездзіў у Германію і падумаў, што хачу вучыць мовы і паспрабаваць сябе ў ролі перакладчыка. Таму і пайшоў на філолага.

Рома — адзіны хлопец у групе. Прызнаецца, што дзяўчаты аказвалі яму знакі ўвагі, але ён адразу папярэджваў: сэрца ўжо занятае іншай.

Вольга збіралася ў журналісты. Два гады рыхтавалася, але зразумела, што па балах не пройдзе на бюджэт. І выбрала філфак, бо ёй добра давалася руская мова. Але ў будучыні не выключае, што ўсё ж такі трапіць у выдавецкую сферу.

Заканчваць універсітэт пара будзе ў адзін год. Абаіх чакае размеркаванне. Варыянтаў звычайна няшмат: або будзеш працаваць у школе, або ў перакладчыцкім бюро. Воля і Рома спадзяюцца застацца ў Мінску. Ці паехаць у Гомель. Вяртацца дадому ў Светлагорск не надта хочуць.

— Не, мы любім свой горад. Але, як ва ўсіх маленькіх гарадах, там мала перспектыў. На 70 тысяч жыхароў нават кінатэатра няма!

Ро­ма пры­мя­рае кас­цюм Дзе­да Ма­ро­за — рых­ту­ец­ца да на­ва­год­ніх свят.

Бацькі прасілі не спяшацца

Прапанову рукі і сэрца Рома зрабіў у мінулым кастрычніку, на Волін дзень нараджэння. Смяецца, што забіў двух зайцоў: купіў у падарунак ювелірны набор — завушніцы на дзень нараджэння, а пярсцёнак — на заручыны.

Пра тое, ці не рана яны рашыліся на такі крок, пара чула не раз. Нават Воліны бацькі прапаноўвалі не спяшацца і зладзіць вяселле праз год. Але маладыя былі ўпэўнены ў сабе. Дый ужо хутчэй хацелася жыць разам.

— Спачатку думалі толькі распісацца і пасядзець сям'ёй у кавярні. Але бацькі пераканалі, сказалі, што трэба, каб было як у людзей, — усміхаецца Рома. — Гасцей у нас было няшмат, 26 чалавек. І сукенку вясельную купілі: я ў салоне адразу адну прыкмеціў, папрасіў Волю памераць — ідэальна падышла.

— Вы ўдваіх выбіралі сукенку?

— Так, — ківае Рома. — Часам хаджу з Воляй на шопінг. Так атрымалася, што ў маёй сям'і мама — адзіная жанчына, і ёй прыходзілася знаходзіць «ахвяру», якая будзе ёй раіць, што купіць. Таму я прывык.

У якасці вясельнага падарожжа маладыя паехалі ў Егіпет: бацькі падарылі ім пуцёўку на 12 дзён.

Але хопіць рамантыкі, пяройдзем да быту. З чаго складаецца бюджэт студэнцкай сям'і? Пара не хавае: жывуць на стыпендыі і дапамогу бацькоў. Плюс Рома крыху накапіў, пакуль працаваў тры месяцы аніматарам. Кажуць, грошай ім хапае. «Калі вы ўжо сям'я, хочацца быць менш залежнымі ад бацькоў, — дзеліцца хлопец. — Гэта стымулюе нас шукаць падпрацоўкі. Я скончыў курсы вядучага мерапрыемстваў, на Новы год паспрабую сябе ў ролі Дзеда Мароза. А Воля ў перспектыве хоча навучыцца манікюру, ёй гэта падабаецца».

— Я так разумею, што галоўны ў сям'і — Рома, — раблю выснову, мяркуючы па тым, хто часцей адказвае на пытанні.

— Не, я проста больш балбатлівы, — смяецца той і запэўнівае: яны адно без аднаго важныя рашэнні не прымаюць.

Га­та­ван­не ў гэ­тай сям'і ля­жыць на му­жы.

Баршчы і сушы ад мужа

Дамашнія абавязкі пара дзеліць пароўну: Воля прыбірае, а Рома гатуе. «І вельмі добра, — хваліць мужа дзяўчына. — Ад яго сушы ўсе ў захапленні». А яшчэ Рома варыць баршчы, робіць плоў і мяса па-французску. У яго сям'і ўвогуле прынята есці шмат мяса. А ў Волі дома на стале часцей бываюць супы і выпечка.

На агульнай кухні, па словах студэнтаў, заўсёды свабодна. Жартуюць, што ў іх адчуванне, быццам бы гатуюць яны адны, а астатнія харчуюцца пельменямі і макаронай. Суседзі па інтэрнаце часта просяць пачаставаць. Так, аднойчы сям'я з Ірана зацікавілася Ромавымі рулецікамі з мяса і морквы. «Дзіўна, яны ж ведалі, што гэта свініна», — усміхаецца хлопец.

Па магчымасці сям'я выбіраецца ў кіно ці на канцэрты. Раней хадзілі на балет: па ўзаемнай згодзе. «Мы не марнатраўцы, — на ўсякі выпадак заўважае пара. — Трацім толькі на неабходнае».

— Калі пасварыцеся, хто першым пойдзе мірыцца?

— Ну, давай шчыра, — паглядае Рома на жонку. — Воля больш ганарлівая, таму ісці мірыцца першым прыходзіцца заўсёды мне.

— Я магу і два дні крыўдзіцца, хадзіць моўчкі па пакоі і не глядзець у Ромаў бок. А яму сумна без жонкі становіцца, вось і ідзе мірыцца, — апраўдваецца дзяўчына.

Але пасля Воля дадае: трэба часам пераступаць праз сваю гордасць, у сям'і па-іншаму ніяк.

— Калі вы ўжо вырашылі быць разам, неабходна шукаць кампрамісы, нават калі ты ўпэўнены, што маеш рацыю, — згаджаецца Рома. — І важна не прымаць рашэнняў на гарачую галаву. Якраз самым блізкім людзям мы часцей за ўсё робім балюча.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: «Галоўнае — шукаць кампрамісы»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.