24 студзеня, серада

Вы тут

Як дызайнер марак збірала аншлагі ў плацкартным вагоне


«Дызайнерам марак я працую дзевяць гадоў. І мне дагэтуль цікава. Лічу, што нямногім так шанцуе ў жыцці — мець любімую работу», — кажа Яўгенія БЯДОНІК. Днём яна распрацоўвае эскізы паштовых мініяцюр, а ўвечары пераключаецца на іншы від творчасці — музыку. Дзяўчына расказала нам, як нараджаюцца ідэі будучых марак, навошта ёй ведаць біяграфіі пісьменнікаў і што рабіць, калі няма настрою.


Па натхненне — у галерэю

Выбар на карысць творчай прафесіі быў зроблены, можна сказаць, з дзяцінства. Яўгенія вучылася ў школе з мастацкім ухілам, пасля — у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кедышкі, які скончыла з чырвоным дыпломам. Вышэйшую адукацыю дзяўчына атрымала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Тры гады яна працавала ў прыватнай майстэрні, дзе займалася роспісам па шкле — аздабляла вазы, падсвечнікі. Па словах Яўгеніі, работа была даволі цяжкая і для яе занадта аднастайная. Таму стала шукаць нешта іншае. Закончыла курсы дызайну. А потым даведалася, што ў выдавецкім цэнтры «Марка» Белпошты якраз ёсць адпаведная вакансія.

У абавязкі спецыяліста ўваходзіць распрацоўка марак і канвертаў, паштовак і картак для пасткросінгу ад самага пачатку да іх выхаду ў тыраж. Ёсць пэўны тэматычны план. Матэрыял дызайнер збірае з розных крыніц: з друкаваных і электронных энцыклапедый, артыкулаў у інтэрнэце. Напрыклад, калі рыхтуецца паштовая мініяцюра да юбілею Максіма Багдановіча, па дапамогу звяртаюцца ў літаратурны музей яго імя, а праекты з творамі выяўленчага мастацтва часцей рыхтуюцца ў супрацоўніцтве з Нацыянальным мастацкім музеем.

— Гледзячы на сабраны стос дакументаў, я вырашаю, які сюжэт адлюстраваць, якога памеру будзе марка. Часта прыходзіцца вывучыць гару літаратуры. А я, як чалавек, схільны да захаплення, калі пачынаю чытаць пра пісьменніка, магу закончыць біяграфіяй яго прадзядулі, — усміхаецца Яўгенія.

На распрацоўку дызайну маркі можа пайсці і тыдзень, і тры — залежыць ад таго, наколькі складаная тэма, ці цяжка знайсці матэрыял. Зразумела, што, калі тэма маштабная і ўключае не адну мініяцюру, а, напрыклад, чатыры, часу спатрэбіцца больш.

— Нецікавых праектаў не бывае, — запэўнівае суразмоўніца. — З нядаўняга — з задавальненнем працавала над блокам марак, прысвечаным 125-годдзю з часу ўводу ў эксплуатацыю Мінскай конкі. Рыхтавала яго каля месяца: разам з фатографам хадзілі ў музей, здымалі ўсё неабходнае. Сюды я ўклала душу.

Наведванне дзяржаўных архіваў, музеяў, бібліятэк, знаёмства з цікавымі асобамі — усё гэта частка работы дызайнера. У скарбонцы работ Яўгеніі — серыя «Гарады Беларусі», «Геадэзічная дуга Струвэ», блок, прысвечаны Машэраву. Летась, дарэчы, яе маркі на тэму дзіцячых цацак занялі трэцяе месца ў конкурсе на найлепшыя беларускія паштовыя мініяцюры.

Свае маркі дзяўчына збірае і складае ў спецыяльны філатэлістычны альбом. А некаторыя адпраўляе на канвертах, калі піша бабулі — той заўсёды прыемна атрымаць ліст ад унучкі.

Каб натхніцца, дызайнер пераглядае замежныя маркі — краін СНД, Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі. Цікава даведацца, якія новыя паслядрукаваныя тэхналогіі выкарыстоўваюць замежныя калегі. А яшчэ крыніцай натхнення становіцца выяўленчае мастацтва: Яўгеніі падабаюцца класічныя жывапіс і графіка.

Музыкай акружана з дзяцінства

Карцін дзяўчына дома не піша. Тлумачыць, што для гэтага трэба вельмі шмат натхнення, а ў яе ўсе сілы ідуць на рабочыя праекты. Замест гэтага Яўгенія ў вольны час спявае. Хоць спецыяльнай адукацыі ў яе няма, яна заўсёды была акружана музыкай. Мама спявае і грае на гітары, а прадзядуля быў мультыінструменталістам — стварыў сямейны хор і збіраў у сябе дома, як цяпер кажуць, «кватэрнікі».

— Памятаю, як я ў тры гады стаўлю пласцінку, прыбіраюся ў любімую святочную сукенку і скачу пад музыку. Ці на вуліцы пад уключаны прыёмнік танцую ламбаду, нічога не саромеючыся. Мама расказвала, што я ў цягніку збірала цэлыя канцэрты: у мяне былі аншлагі ў плацкарце, — смяецца Яўгенія.

Дзе б дзяўчына ні вучылася, усюды ўдзельнічала ў самадзейнасці. І на пошце таксама. Спачатку выступала ў калектыве народнай песні «Жывіца», а цяпер — у складзе кавер-бэнда «Паштовы экспрэс». У гэтым годзе пачала браць урокі вакалу, каб далей развівацца.

— Выконваю песні айчынных і замежных выканаўцаў. Гэта і поп-музыка, і джаз, і рок. Выбар робіцца хутчэй не па жанрах, а па дыяпазоне — у мяне даволі нізкі тэмбр. Мабыць таму з самага нараджэння і атрымала ад бабулі мянушку Поль Робсан (смяецца). Я выконваю песні, якія мне блізкія. Заўсёды даведваюся, калі кампазіцыя была напісана, пры якіх абставінах, цікаўлюся біяграфіяй выканаўцы. Адным словам, паглыбляюся цалкам — толькі тады магу прачуць песню і ўпэўнена яе выканаць.

Дома ўвечары Яўгенія грае на гітары — ціхенька, каб суседзі не скардзіліся. А на рабоце часам напявае сабе пад нос. Ну не ўяўляе яна сябе без музыкі!

— У конкурсах я не ўдзельнічала. Не вельмі іх люблю, — прызнаецца суразмоўніца. — Напэўна, не люблю ацэнак сваёй творчасці — займаюся гэтым выключна для душы. Калі няма настрою, я ведаю, што трэба зрабіць, — пайсці і спець пару песень. Адразу жыццё наладжваецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Без творчасці сябе не ўяўляю»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Грошы: захаваць і прымножыць

Грошы: захаваць і прымножыць

Рана ці позна кожны з нас разумее, што неабходна мець нейкі запас фінансавых сродкаў.

Грамадства

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %.

Грамадства

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Звычайная настаўніца фізікі трапіла на адронны калайдар

Што насамрэч адбываецца на мяжы Швейцарыі і Францыі, дзе на глыбіні каля ста метраў размяшчаецца Вялікі адронны калайдар?