Вы тут

Князь-ваўкалак у дэкарацыях старажытнага замка


Калі ў мастацкай літаратуры цяпер пераважна мае значэнне не тое, пра што пісаць, а тое, як пісаць, то ў літаратурнай крытыцы, мабыць, таксама мусяць змяняцца ракурсы: ацэньваць не тое, як напісана, а тое, як увасоблена аўтарская задума і як яна трансфармуецца на дарозе (паўдарозе) да чытача. «Князь-ваўкалак» Максіма Кутузава (Мінск, «Галіяфы», 2017) анансаваны як прыгодніцка-гістарычны раман, і калі мы будзем ацэньваць яго паводле стылю і зместу, то мусім найперш адзначыць, што гэты твор не выпадае назваць ані раманам, ані гістарычным.


Умоўна-схематычнае еўрапейскае сярэднявечнае княства (нехта будзе спрабаваць суадносіць з Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, што заканамерна ў беларускім кантэксце); намінальныя героі — князь, яго каханкі, ваявода, кашталян, блазан і кіраўнікі суседніх дзяржаў — кароль, імператар. Намінальныя, бо аніяк не раскрываюцца ў дзеянні, а толькі ў размовах і ўнутраных маналогах. Тут сапраўды можна весці гаворку пра тое, што выяўленне ўчынкаў замяняецца іх пераказваннем.

Аповед у творы вядзецца ад першай асобы, князь-ваўкалак водзіць чытача патаемнымі хадамі старажытных замкаў, успамінаў дзяцінства і сваіх жаданняў. Аднак як што вялікі князь размаўляе голасам сучаснага маладога чалавека, карыстаецца лексікай і сінтаксічнымі канструкцыямі канца ХХ стагоддзя, то ў яго вялікакняскую аўтэнтычнасць паверыць немагчыма. У творы няма гістарычнасці ні на ўзроўні выяўлення побыту, ні на ўзроўні стылізацыі маўлення. Але займальны прыгодніцкі сюжэт, безумоўна, ёсць.

І вось цяпер вяртаемся да меркавання, выказанага ў пачатку артыкула. Часы росквіту беларускай гістарычнай прозы засталіся ў тым літаратурным перыядзе (1960 — 1990), які меў адпаведную грамадска-культурную абумоўленасць. Мы маем багата выдатных твораў з паслядоўнай і дакладанай рэканструкцыяй гістарычнага кантэксту, дзе героі апранаюцца толькі ў тое, вячэраюць толькі тым і размаўляюць толькі так, як гэта было магчыма ці то ў ХІІ, ці то ў ХVІ стагоддзях (У. Арлоў, В. Іпатава, В. Чаропка, Л. Дайнека, А. Ждан, А. Наварыч, Л. Рублеўская…). Вядома, усё пачалося з Уладзіміра Караткевіча. Для многіх беларускіх пісьменнікаў (у тым ліку і для Максіма Кутузава) беларуская гісторыя і сёння пачынаецца з «Каласоў пад сярпом тваім» і «Сівой легенды».

Сёння, магчыма, і няма патрэбы апісваць княскія кунтушы, дзе будуць правільна ўказаны спалучэнне колераў і даўжыня рукавоў. Шлях да сэрца новага пакалення чытачоў, узгадаванага на шматлікіх працягах тэлесерыяла «Гульні стальцоў», — найперш займальнасць, з ім трэба гуляцца, як з малым дзіцем: любая высокая, у тым ліку і патрыятычная, ідэя можа быць успрынятая, калі не перабольшыць з дыдактызмам, калі найперш гэта будзе цікава само па сабе, а не праз сваю выхаваўчую актуальнасць. І з гэтага гледзішча «Князь-ваўкалак» трапляе, як той казаў, у дзясятку. Змест твора не перагружаны ані залішнімі дэталямі, ані найменшым выхаваўчым пафасам.

Падтэкстава-іранічнае асэнсаванне класічнай легенды пра ваўкалака — аргумент на карысць вызначэння «рамандэкарацыя». Прынамсі, менавіта так можа ўспрымацца сцэна, у якой князьваўкалак на просьбу сяброў дзяцінства, схаваўшыся «ў бліжэйшых кустах», прымае аблічча ваўка. Таемнае дзейства пераўтвараецца ў наіўную дзіцячую забаўку, і калі ўсё-ткі іронія тут аўтарам не прадугледжвалася, то гэта адзін з самых няўдалых эпізодаў твора.

Героі ў творы дзейнічаюць як акцёры на сцэне тэатра: прымаючы ўмоўнасць дзеяння, у мінімалістычным схематызме дэкарацый. Калі на тэатральнай сцэне глядач бачыць абрысы старажытнага замка, ён разумее, што гэта дэкарацыя. Калі ўспрымаць стыль твора Максіма Кутузава менавіта так, калі назваць яго раманам-дэкарацыяй (а не гістарычным раманам), то выяўленне аўтарскай ідэі займее надзвычай арыгінальнае ўвасабленне. Розніца паміж гістарычным творам і творам з гістарычнымі дэкарацыямі такая ж, як паміж гістарычным фільмам і касцюмаваным. Аўтар перасоўвае герояў па сюжэце, як шахматыст фігуры па дошцы: іх несамастойнасць адчуваецца, іх дзеянні тлумачацца не ўнутранай логікай развіцця характараў, а жаданнем аўтара павярнуць сюжэт у той ці іншы бок. Калі такой і была задума, то гэта не ёсць хібай.

Жана КАПУСТА

Кніга прадастаўлена кнігарняй «Галіяфы».

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.