Вы тут

Ад паэзіі да казкі, ад космасу да міфалогіі


Раіса Баравікова ўсё жыццё пісала вершы. Яе кніга паэзіі «Люстэрка для самотнай» (1992), у якую ўвайшла гістарычная драма «Барбара Радзівіл», у свой час была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы. Калі ж у 1989 годзе ладзіўся закрыты конкурс выдавецтва «Юнацтва», журы звярнула ўвагу на фантастычную аповесць Раісы Баравіковай «Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў». Твор пра тое, як жыхары Планеты Цікаўных Хлопчыкаў адкрываюць новую планету Блакітную Зорку, дзе жыве дзяўчынка Галенка, якая распавядае казкі пра самыя цудоўныя чалавечыя якасці...


— У тыя гады было мала дзіцячых кніг з аўтарскімі казкамі, — узгадвае Раіса Андрэеўна. — Пераважалі фальклорныя казкі і паданні. А ў мяне падрастала дачка, і даводзілася прыдумляць казачныя сюжэты, што называецца, ёй на сон. Тады і з’явілася мая першая дзіцячая кніга тыражом 80 000 экзэмпляраў. Цяпер такое падаецца неверагодным, бо нашым часам тыраж кніжак для дзяцей, на вялікі жаль, не перавышае 1500 экзэмпляраў, і той разыходзіцца з цяжкасцю. А колькі новых таленавітых аўтараў у нас з’явілася і якія цудоўныя ў іх кніжкі!

Казкі з дарослымі думкамі

Пісьменніца сцвярджае: касмічную тэму абрала для таго, каб даць волю фантазіі. У кіно, прыкладам, космас найчасцей паўстае варожым. Але для Раісы Баравіковай космас — вялікая таямніца, таму ў творах пісьменніцы касмічная прастора вельмі прыцягальная і загадкавая. Гэта больш поўна раскрываецца ў яе яшчэ адной «касмічнай» кнізе — «Казкі астранаўта» (касмічныя падарожжы беларусаў). Кніга адразу была ўключана ў пазакласнае чытанне школьнай праграмы для шостых класаў. Ёю захапляюцца падлеткі, дораць пісьменніцы свае малюнкі па яе казках. Сёлета было ўжо чацвёртае перавыданне. А агульны тыраж кнігі з 2006 года па сёння складае болей за 20 тысяч экзэмпляраў.

Акрамя «Галенчыных “Я”» і «Казак астранаўта», на касмічную тэму напісаная кніга «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў». Дзве аповесці з’явіліся ў 1996 годзе, трэцяя — у 2009 годзе. Нельга не ўзгадаць і «Казкі з гербарыя» Раісы Баравіковай, дзе герой — разумны, шпаркі і неверагодна мілы залаты сабачка таксама з космасу — з планеты Карнашыя, якая знаходзіцца ў сузор’і Гончых Псоў.

Існуе думка, што кнігу для дзяцей напісаць цяжэй, чым дарослую, бо патрэбна асаблівая фантазія, веданне дзіцячай псіхалогіі. «Казкі астранаўта» Раіса Баравікова пісала з дарослымі думкамі:

— Кепская сітуацыя з беларускай мовай асабліва заўважная, калі прыходзіш на творчую сустрэчу ў дзявяты ці адзінаццаты клас. Не ўсе адчуваюць сябе беларусамі, што называецца, з пялюшак. Лічу, што выклікаць цікавасць да роднай мовы можна і трэба праз добрую дзіцячую кніжку. Важна, каб як мага больш кніг на беларускай мове дзеткі чыталі ў садку, у першых класах…

Унукі пісьменніцы заўсёды ў атачэнні кніг. Напрыклад, малому Мікіту падабаецца невялікая паэтычная кніга «Ты не слухай Мішку, коцік», дзе прадстаўлены шаснаццаць кароткіх вершаў. На гэтыя вершы зроблены буктрэйлеры, вельмі папулярныя ў байнэце.

— Мікіта на памяць ведае некалькі маіх вершаў, — распавядае Раіса Андрэеўна. — Адзін з іх ён чытаў на памяць у садку і казаў, што гэта верш яго бабулі. Выхавальніца зацікавілася, і я перадала кнігу ў дзіцячы садок, каб з ёю пазнаёміліся яго сябры і сяброўкі. Свае кнігі я маленькім унукам не чытаю, а пераказваю. Здараецца, прыдумляю гісторыі, у якіх дзейнічаюць героі іншых пісьменнікаў, якіх яны любяць. Напрыклад, Віні Пух альбо Карлсан. Такім чынам, унукі добра ведаюць многія творы дзіцячай літаратуры.

Ілюстратар таксама аўтар

Раіса Баравікова лічыць, што ў дзіцячай кнігі заўсёды два аўтары: пісьменнік, які напісаў, і мастак, які аздобіў. У дарослай літаратуры, як правіла, афармляецца толькі вокладка. А дзіця ўспрымае кнігу як мульцік, яму абавязкова трэба шмат малюнкаў. Таму дзіцячая кніга ў прыгожым афармленні каштуе не танна. Затое можа служыць не аднаму пакаленню. У якасці прыкладу Раіса Андрэеўна згадала наступны выпадак:

— З задавальненнем удзельнічаю ў міжнародных кніжных выстаўках. Да мяне неаднойчы падыходзілі маладыя мамы з маёй самай першай дзіцячай кніжкай. «Галенчыны “Я”» некалі купілі і чыталі ім іхнія мамы. Кніжка захавалася ў сям’і, а цяпер яны самі сталі мамамі і хацелі б атрымаць аўтограф для сваіх дзетак. А яшчэ праз дваццаць — трыццаць гадоў гэтую кніжку могуць чытаць і ўнукі, праўнукі. Тады, відаць, яна стане амаль рарытэтам?..

Раіса Андрэеўна ўпэўнена, што яе кнігам пашанцавала на добрых мастакоў. «Казкі з гербарыя» выдатна аформілі Мікола Казлоў і яго жонка Наталля Сустава. Яны аздобілі шмат дзіцячых кніг, і менавіта Мікола прапанаваў зрабіць «Казкі з гербарыя» ў вяглядзе альбома. Пісьменніца заўважае, што, магчыма, пасля гэтага і пайшла мода рабіць дзіцячыя кнігі ў такім фармаце.

Раіса Андрэеўна таксама адзначае прыгожае афармленне кнігі «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў», над якой працавала Марыя Міцкевіч, таленавітая мастачка з Брэста. Яна прыгожа аформіла і новую кнігу пісьменніцы цяпер ужо з міфалагічнага люстэрка «Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку».

У кнізе беларускія міфалагічныя істоты жывуць у сучасным свеце, побач з найноўшай побытавай тэхнікай, машынамі і... чалавекам.

З’яўленне ката Варгіна

Вобраз ката чамусьці заўсёды прыцягальны! У класіка Яна Баршчэўскага ёсць міфалагічны чорны кот Варгін, які прыносіць шкоду, даводзіць людзей да вар’яцтва. За абліччам хаваецца д’яблік, таму прыкмета пра тое, што чорны кот перабяжыць дарогу, слушная. А цяпер і ў Раісы Баравіковай ёсць вобраз кашэчага караля, таго самага ката Варгіна. Яго цяжка назваць станоўчым героем, але ён атрымаўся ў пісьменніцы сімпатычны, прыцягальны. Варгін аднойчы з’явіўся ў звычайнай сучаснай сям’і і, сам таго не ведаючы, дапамог прынцэсе мышцы Паднорцы пазбавіцца чараў і вярнуцца дамоў. Але мышка трапляе ў пацучыныя лапы злоснага ведзьмака, і кот Варгін адпраўляецца яе вызваляць. У гэтым яму дапамагаюць розныя міфалагічныя істоты.

— Ёсць у гэтых жывёл нешта містычнае. Мой муж любіць казаць, што каты — маленькія іншапланецяне, прысланыя назіраць за людзьмі, — распавядае аўтарка. — У нас пятнаццаць гадоў жыве пяць катоў. Гэта вельмі разумныя істоты: у кожнага ката — свой характар.

Раіса Андрэеўна спадзяецца, што кот Варгін можа стаць брэндам, вобразам накшталт Карлсана ці Бураціна. Колькі пакаленняў вырасла на гэтых героях! Ці ёсць нешта падобнае ў беларускай дзіцячай літаратуры?

— Лічу, што сёння наша дзіцячая літаратура на ўздыме. Прыйшло шмат новых аўтараў, з выключнай фантазіяй, з сучасным успрыманнем свету. Чаму па іх кнігах не ствараюцца мультфільмы? У дзіцячай літаратуры павінны з’яўляцца брэнды, каб адначасова з выхадам кнігі і мультфільма вырабляліся цацкі, майкі з выявай таго ці іншага літаратурнага героя. Мы з дачкой былі ў 1994 годзе ў сваякоў у Чыкага. Дачцэ тады было гадоў дзесяць-адзінаццаць. У той час на экраны выходзіў цудоўны шырокафарматны мультфільм «Кароль леў». Увесь горад быў у плакатах з выявай гэтага прыгожага льва. У магазінах прадавалі шкарпэткі з яго пысай, майкі, бейсболкі і шмат чаго яшчэ. Так робіцца бізнес — узаемарэклама! Мастацтва працуе на эканоміку, эканоміка — на мастацтва. У нас такога няма.

Пісьменніца кажа, што наўмысна скончыла кнігу «Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку» словамі: «Можа, я да вас яшчэ вярнуся». Яна мае ідэю для працягу кнігі, у новай гісторыі будуць новыя міфалагічныя істоты. А пакуль у планах — літаратурная сустрэча з дзецьмі ў мінскім «Музеі ката» з намерам запрасіць пісьменнікаў, што звяртаюцца да вобразаў катоў. Напрыклад, Андрэя Жвалеўскага і Яўгенію Пастарнак...

Пісьменніца не толькі піша для дзяцей, але і перакладае. Пачынала з казак братоў Грым «Рапунцэль», «Кароль жаба, альбо Жалезны Генрых», «Жывая вада», Ханса Крысціяна Андэрсэна «Дзяўчынка з запалкамі» і «Елка». Пераклала на беларускую мову любімую кнігу падлеткаў «Гімназія № 13» Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак, дзе таксама ёсць шыкоўны кот Васька — міфічны персанаж, які ўдала ўпісваецца ў сюжэт рамана-казкі. (Кніга выйшла нядаўна ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча.) Раіса Андрэеўна з задавальненнем перачытала яе, цяпер у сваім перакладзе і ў прыгожай вокладцы з тым самым катом.

Разгарніце кнігу — і кожнаму чытачу, маленькаму і даросламу, адкрыецца чароўны свет.

 Марыя ШЧЫПАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».