Вы тут

Святлана Сарока: “Важна любіць тое, што робіш”


Старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання Святлана Сарока 15 год узначальвае Палац культуры Маладзечна. За гэты час установа стала асяродкам культурнага жыцця Мінскай вобласці і адной з асноўных творчых пляцовак краіны.

Ёю створаны высокапрафесійны творчы калектыў. Сусветна вядомыя зоркі эстрады лічаць за гонар выступаць у Маладзечне, на сцэне Палаца культуры і Амфітэатра.

Пад кіраўніцтвам Святланы Сарокі калектывам ДУ “Палац культуры г. Маладзечна” падрыхтаваны шэраг унікальных маштабных культурна-відовішчных праектаў, якія атрымалі прызнанне і высокую ацэнку грамадскасці, а горад Маладзечна ў Год культуры атрымаў высокі статус “Культурная сталіца Беларусі – 2016”.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 517 ад 31 снежня 2016 года калектыву Палаца культуры г. Маладзечна прысуджаная Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за значны ўклад у развіццё аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў у рамках Рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца года”.

– Святлана Рыгораўна, маё знаёмства з Маладзечнам пачалося з афішнай тумбы каля прыпынку маршрутак. Здаецца, што культурнае жыццё ў Маладзечне віруе не менш, чым у сталіцы. Ці адпавядае такое ўражанне рэчаіснасці?

– Уявіце сабе, што да ліпеня наступнага года ў нас усе дні ўжо распісаныя: канцэрты, фестывалі, розныя праекты… Сёння Палацу культуры ёсць што прапанаваць гараджанам: тут працуюць 35 творчых калектываў, 12 маюць званне “заслужаны” і “ўзорны”. Немагчыма нават пералічыць усе нашыя праекты і канцэрты, якія сталі падзеямі культурнага жыцця Маладзечыншчыны, – гэта міжнародныя плэнэры, фестывалі, тэлепраекты і форумы, а таксама гастрольна-канцэртныя праграмы. Усе яны выбітныя, над імі працуюць творчыя, неардынарныя спецыялісты.

Асабіста для мяне самы значны – Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, адзін з галоўных фестываляў Беларусі. Сапраўдны форум песеннага і музычнага мастацтва, беларускага слова і культуры. Гэта галоўная нацыянальная культурная падзея нашага часу, якая акамулюе выступленне лепшых спевакоў, кампазітараў і паэтаў.

Адным з самых цікавых для гараджан і гасцей горада з’яўляецца праект “Майстры мастацтваў – Маладзечну”. У ім прымаюць удзел вядомыя выканаўцы і прафесійныя калектывы блізкага і далёкага замежжа.

Нашыя творчыя праекты заўсёды шырока прадстаўленыя на нацыянальных тэлеканалах, асвятляюцца ў беларускіх і замежных СМІ. Гэта фестываль “Залаты шансон”, “Песня года Беларусі”, “Залатая калекцыя беларускай народнай песні”, “Вясна ў Маладзечне”, “Маладзечна запрашае”, канцэртныя праекты да Дня маці, Дня жанчын: “Нашы любімыя”, “Родные глаза”, “Ты – мая мелодыя”.

– Той Палац культуры, якім мы бачым яго сёння, у пэўным сэнсе ваша выпешчанае дзецішча.

– Сёлета 17 кастрычніка мы адзначым 15-годдзе ўстановы. Наш творчы калектыў – гэта каманда, якая можа рэалізоўваць праекты рознага ўзроўню. Гэта адданыя сваёй прафесіі людзі, па-сапраўднаму творчыя, я б сказала  – асобы ў сферы культуры. Для мяне як кіраўніка важна, каб кожнаму было цікава працаваць і кожны адбыўся ў прафесіі. Калі чалавек робіць тое, што яму падабаецца, – гэта ўжо палова поспеху.

І калі гледачы з нашай залы выходзяць акрыленыя, з новымі сіламі, значыць, мы выканалі адну з галоўных задач культуры: дапамаглі чалавеку падняцца над надзённымі праблемамі і над самім сабой, пабачыць сябе новага, здольнага да лепшага. Упэўнена, што няма нічога больш высакароднага, чым дарыць радасць людзям.

– Вы былі членам Савета Рэспублікі. Што галоўнае вы б адзначылі ў гэтым сваім вопыце работы?

– Я працавала над многімі значымымі для краіны законапраектамі: Кодэкс аб культуры, папраўкі ў закон аб народнай творчасці і народных рамёствах.

Як чалавеку, які ведае гэтую працу знутры, мне было даручана праводзіць маніторынгі, субяседаванні, круглыя сталы з вопытнымі прафесіяналамі, каб улічыць іх кваліфікаванае меркаванне пры стварэнні новых законаў. Мне гэта было цікава і гэта мела непасрэднае дачыненне да маёй асноўнай прафесійнай дзейнасці. Валожынскі, Стаўбцоўскі, Маладзечанскі раёны – гэта рэгіёны, з якімі я, як сенатар, шчыльна працавала. Трымаць руку на пульсе рэгіянальных праблем дапамагалі ўдзелы ў пасяджэннях раённых выканкомаў і органаў прадстаўнічай улады, узаемадзеянне з мясцовым актывам і працоўнымі калектывамі. Значную частку маёй працы займала міжнародная дзейнасць.

Хачу адзначыць, што сёння вельмі важныя культурныя абмены, бо менавіта мова культуры блізкая і зразумелая ўсім, і яна ў першую чаргу стварае тое паразуменне, на якім будуюцца і развіваюцца трывалыя адносіны партнёрства і супрацоўніцтва.

Напярэдадні кожнай паездкі я рыхтавалася: імкнулася пачытаць пабольш пра краіну, куды накіроўвалася, пра яе славутасці, традыцыі, падзеі найноўшай гісторыі. Веды ў сукупнасцю з добразычлівасцю, павагай да іншых давалі мне сілу і ўпэўненасць, і да мяне прыслухоўваліся, я была “лідэрам думкі” ў даволі складаных сітуацыях. Мае меркаванні выклікалі зацікаўленую дыскусію і былі прынятыя да ўвагі.

Лічу, што асноўная місія парламентарыяў – наладжваць сувязі паміж дзяржавамі, садзейнічаць мірнаму дыялогу паміж краінамі і рабіць усё магчымае для падтрымкі міру і спакою ў свеце. Для беларусаў гэта тэма была асабліва актуальная, за апошнія гады Беларусь стала месцам шматлікіх мірных перамоў і асацыіруецца найперш як краіна з міралюбівай палітыкай.

А сапраўдным набыткам таго перыяду свайго жыцця лічу тое, што мела магчымасць пазнаёміцца і пагаварыць з вялікай колькасцю цікавых, творчых людзей, зносіны з якімі вельмі ўзбагацілі мой духоўны свет.

– Слухаю вас і шчыра здзіўляюся: як вы так многа паспявалі?

– Было нялёгка: разрывалася паміж Мінскам і Маладзечнам, дзе старалася застацца дзейсным і ініцыятыўным кіраўніком галоўнай установы культуры. У першую чаргу, чалавек я творчы, практык, ганаруся сваім калектывам, цаню спецыялістаў, з якімі разам ажыццяўляем мае цікавыя задумы. Наогул, гэта важна: любіць тое, што робіш.

– Вы валодаеце надзвычайнымі лідарскімі якасцямі. Што спрыяла іх фарміраванню?

– Я расла вельмі сціплай дзяўчынкай. Мне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і, у якой бацькі паважалі адзін аднаго, старэйшых і нас, дзяцей. Мае бацькі і ўвесь наш род – усе былі і ёсць вельмі працавітыя гаспадары і прыстойныя людзі, якія заўжды трымалі сябе годна ў адносінах да чужых, да родных і саміх сябе. У мяне тры старэйшыя браты і малодшая сястра. Мы атрымалі такое выхаванне, у аснове якога дабрыня, узаемаразуменне, падтрымка, павага адзін да аднаго.

Таксама вельмі ўдзячная маім школьным настаўнікам.

Маё жыццё складвалася так, што я магла стаць і доктарам, і настаўніцай, аднак працую ў сферы культуры і разумею, што толькі тут змагла адбыцца цалкам. Як кажуць, у жыцці важна: у якой сям’і ты нараджаешся, з якім чалавекам звязваеш лёс і з кім працуеш. Маё жыццёвае крэда – прафесіяналізм, любоў да справы, дабрыня да людзей і чалавечнасць.

На мой погляд, паспяховы лідэр – гэта той, хто ўмее натхняць іншых людзей, весці іх да дасягнення пастаўленых мэт і можа пераканаць членаў сваёй каманды прыняць свае жыццёвыя каштоўнасці. Калі вы здольныя выклікаць прыхільнасць да сябе людзей, значыць, вы здольныя дасягнуць поспехаў!

– Ваш муж таксама шмат душы і творчасці ўклаў у развіццё культуры Маладзечаншчыны.

– Так, Рыгор Сямёнавіч Сарока – вельмі паважаны і вядомы чалавек, дырэктар Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. Агінскага, дырыжор сімфанічнага аркестра – заслужанага калектыву нашай краіны, ініцыятар оперных пастановак на сцэне нашага Палаца культуры, да ўдзелу ў якіх запрашаліся лепшыя рэжысёры і выканаўцы краіны. Дзейнасць яго высока адзначана ў дзяржаве – ён мае званні “Заслужаны дзеяч культуры”, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” і інш. Нам утульна і цікава жыць і працаваць побач, разам займацца творчай працай у Маладзечне.

– Цікава, як такія два моцныя лідэры, дзве актыўныя творчыя асобы ўжываюцца ў сямейным саюзе?

– Наша сям'я – гэта саюз людзей, дзе ўсё падпарадкаванае адной мэце: служыць культуры. Мы з мужам размаўляем на адной мове, разумеем адзін аднаго. І гэта вельмі важна. Наогул, у сямейным жыцці ёсць шмат мудрых правілаў, якіх трэба прытрымлівацца, тады ў сям’і будуць гармонія і шчасце. Дзякуючы нашаму сямейнаму саюзу ўзнік і плённы творчы саюз устаноў – Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага і Палаца культуры, які падараваў маладзечанцам цудоўныя імгненні сустрэч з высокім мастацтвам. Гэта шмат сумесных праектаў, прэм’ер, што сталі сапраўды падзеяй для нашага рэгіёна. Сярод іх, напрыклад, стварэнне нацыянальнай оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”  і многае іншае.

– Дарэчы, вы не так даўно трапілі ў топ самых прыгожых беларускіх дзяржаўных служачых.

– Таму, што трапіла ў гэты спіс, была шчыра здзіўленая. Але асаблівых сакрэтаў прыгажосці ў мяне няма. Сёння ў беларускіх жанчын шмат магчымасцяў, каб выглядаць прывабна. Было б жаданне. Праўда, прыгажосць знешняя без унутранай для мяне вагі і каштоўнасці амаль не мае. У чалавеку ўсё павінна быць у гармоніі, каб былі прыгожымі і душа, і цела.

– Што для вас галоўнае ў жыцці?

– Усё рабіць з любоўю. Імкнуцца ўкласці ва ўсё зробленае часцінку душы. Упэўненая: жыццё – гэта вечны пошук, пазнанне і вучэнне, праца над сабой і самаразвіццё. Імкненне дасягнуць прафесійнага майстэрства, тварыць і ствараць, кіруючыся прынцыпамі адказнасці і прыстойнасці, стала справай майго жыцця. Жыцця, натхнёнага мастацтвам, творчасцю, любоўю да людзей. Жыцця, неад'емнай часткай якога з'яўляецца і сям'я, і любімая праца.

– У канцы мінулага года вас выбралі старшынёй Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

– Для мяне было нечакана, але я ўспрыняла гэта як праяўленне высокага даверу. На мой погляд, сумяшчэнне грамадскай і працоўнай дзейнасці, любімай справы і сямейнага жыцця надае жанчыне вялікую ўнутраную сілу і з’яўляецца той асновай, на якой, як кажуць, трымаецца свет.

Гутарыла Кацярына ВЕРАВА

Працяг інтэрв'ю чытайце ў кастрычніцкім нумары "Алесі". 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».