Вы тут

Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна расказала пра сваё падарожжа


Убачыць балкончык Джульеты ў Вероне, разгледзець роспіс сабора Святога Пятра ў Ватыкане, падтрымаць нахіленую вежу ў Пізе — гэта і многае іншае стала часткай прыза для пераможцы конкурсу на званне «Лепшы дворнік Цэнтральнага раёна г. Мінска» Ганны ДЗЕСЮКЕВІЧ. Пра свае ўражанні ад паездкі ў Італію супрацоўніца ЖЭУ распавяла калегам і журналістам за кубачкам капучына.


Дарэчы, фармат сустрэчы за кубачкам духмянага кававага напою апошнім часам стаў фірмавым ноу-хау Цэнтральнага раёна сталіцы. Мерапрыемства таксама атрымалася прымеркаваць да Дзён італьянскай кухні, якія праходзяць зараз у Мінску.

Конкурс на званне лепшага супрацоўніка раёна ў сферы клінінгу, як модна цяпер казаць, сімвалічна стартаваў у Дзень працы. На ўдзел было пададзена больш за 40 заявак, пасля чаго афіцыйная група раёна ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» распачала адкрытае галасаванне, у якім на працягу месяца бралі ўдзел мясцовыя жыхары. У выніку было адабрана 20 удзельнікаў, якія набралі найбольшую колькасць «лайкаў». Аднак у канкурэнтнай барацьбе ўсіх абышла дасведчаная Ганна Дзесюкевіч, якая займаецца абслугоўваннем дома №97 па праспекце Пераможцаў. Там жа напярэдадні 950-годдзя Мінска падчас свята двара адбылося яе ўрачыстае ўзнагароджанне.

Прыз адміністрацыя раёна разам з партнёрам падрыхтавала нестандартны, але ён дакладна натхніць на новыя працоўныя поспехі, — дзевяцідзённую паездку ў Італію з заездам у Прагу. Па прызнанні кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігара БУЗОЎСКАГА, мэта была не толькі ў тым, каб пазнаёміцца з уражальнай архітэктурай Апенінскага паўвострава, але і ў тым, каб поглядам прафесіянала ацаніць працу камунальных службаў.

І Ганна яе сапраўды ацаніла, заўважыўшы, што маленькія гарады досыць акуратныя, а вось мегаполісам да чысціні мінскіх вуліц вельмі далёка. Як падчас сустрэчы ў Рыме расказала віцэ-консул Рэспублікі Беларусь у Італіі, абслугоўваннем жылога фонду краіны займаюцца прыватнікі. Узяць на сябе гэты абавязак за плату можа як чалавек з боку, так і адзін з жыхароў дома. Пры гэтым зарплата клінера можа даходзіць да дзвюх тысяч еўра ў месяц. Смеццеправодаў у дамах няма, за парушэнне правілаў сарціроўкі — вялізны штраф, таму ўсе іх строга выконваюць. У нас пакуль сітуацыя з гэтым пытаннем не настолькі аптымістычная, але, паводле слоў Ганны Дзесюкевіч, яна паляпшаецца з месяца ў месяц.

Што да сакрэтаў паспяховай працы, рабочая па комплексным прыбіранні і ўтрыманні домаўладанняў прызнаецца, што іх у яе няма: трэба проста любіць тое, чым займаешся, і рабіць гэта з душой. Жанчына з радасцю гатовая ўзяць удзел у конкурсе яшчэ раз. А на пытанне пра тое, куды хацела бы адправіцца ў наступнае падарожжа, з усмешкай адказвае: вядома, у Парыж!

На сустрэчы за кубкам капучына прысутнічаў прадстаўнік італьянскага пасольства ў Беларусі Сільвіа Арсіні, які выказаў шчырае захапленне парадкам у беларускай сталіцы. Ён адзначыў, што, нягледзячы на няпростую сітуацыю ў свеце, жыхары Мінска маюць усё для таго, каб адчуваць сябе дастаткова шчаслівымі і абароненымі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Чысціня па-італьянску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Асваенне адчужэння. Што паглядзець падчас экскурсіі ў радыяцыйнай зоне?

Ці небяспечныя такія «вылазкі» і колькі яны каштуюць?

Грамадства

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Мітрапаліт Павел: Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху

Уладыка расказаў, чаму з асцярогай упершыню ехаў у Мінск у якасці мітрапаліта.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Добрая жонка і дома рай, а благая — хоць цягу дай

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.