Вы тут

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?


Наколькі рэдкая з'ява для нашай краіны — малады доктар навук? На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? Ці можна сёння выжыць, займаючыся толькі навукай? Наколькі актуальная для нашай краіны праблема «ўцечкі мазгоў»? Прадстаўнікі акадэмічнай і вузаўскай навукі падзяліліся сваімі меркаваннямі на гэты конт.


Адбор эліты

— Пытанні падрыхтоўкі інтэлектуальнай эліты застаюцца актуальнымі для ўсіх краін, — падкрэслівае рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар ГАНЧАРОНАК. — За апошні час колькасць навуковых работнікаў у свеце павялічылася на 20 працэнтаў. Іх цяпер прыкладна 8 мільёнаў — гэта насельніцтва еўрапейскай дзяржавы сярэдніх памераў. Значная частка навуковых работнікаў сканцэнтравана ў краінах, якія перажываюць бурнае эканамічнае развіццё: напрыклад, кожны пяты навуковец — жыхар Паднябеснай, 50 працэнтаў усіх аспірантаў рыхтуюцца не ў Еўропе, а ў ЗША, Кітаі і Аўстраліі... У Старым Свеце адчулі, што трэба штосьці змяняць, і, нягледзячы на функцыянаванне на тэрыторыі Еўропы ўніверсітэтаў са шматвяковай гісторыяй і традыцыямі, у 2008 годзе стварылі новую ўстанову адукацыі ўніверсітэцкага тыпу — Еўрапейскі тэхналагічны інстытут, галоўная задача якога — рыхтаваць вучоных для еўрапейскага рэгіёна, які пазіцыянуецца як рэгіён інавацыйнага кірунку, дзе навука, адукацыя і бізнес складаюць трыяду развіцця. Кітайская Народная Рэспубліка таксама стварыла новыя тыпы ўніверсітэтаў, якія займаюцца падрыхтоўкай навуковых кадраў.

15 гадоў назад і Беларусь (адна з першых на прасторах СНД) адкрыла ў структуры Нацыянальнай акадэміі навук навучальную ўстанову новага тыпу — Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў. Тут ёсць толькі магістарская і аспіранцкая ступені.

Як растлумачыў Ігар Ганчаронак, для навучання ў магістратуры і аспірантуры гэтай установы эліту адбіраюць з усёй краіны — з выпускнікоў першай і другой ступеняў усіх ВНУ. Па назіраннях, для таго, каб выхаваць 50 вучоных (фізікаў ці матэматыкаў), на першы курс на адпаведныя спецыяльнасці трэба набраць 2,5 тысячы чалавек, што абсалютна немагчыма зрабіць у сценах адной ці нават некалькіх ВНУ.

Навучанне ў магістратуры Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў ажыццяўляецца па 136 спецыяльнасцях, на палове з якіх выкладанне і навуковае суправаджэнне могуць весціся на англійскай мове. Таксама тут ужо рыхтуюцца да адкрыцця магістарскіх праграм па адытыўных тэхналогіях (3D-друк) і электроннай сістэме аховы здароўя.

Ад мінімуму — да максімуму

Старшыня Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Андрэй ІВАНЕЦ паведаміў, што ў акадэміі працуе каля 2,2—2,3 тысячы маладых навукоўцаў. Гэта прыкладна чвэрць ад агульнай колькасці навуковых работнікаў НАН. Штогод каля 100 кандыдатаў навук абараняюць свае кандыдацкія дысертацыі, вялікая частка з іх — ва ўзросце да 35 гадоў.

На думку старшыні Савета маладых навукоўцаў, праблема з уцечкай навуковых кадраў за мяжу з Беларусі сёння стаіць не так востра, як гэта было 10—15 гадоў таму.

— Мы жывём у адкрытым свеце, і двухбаковая міграцыя, у тым ліку маладых навукоўцаў, з'яўляецца неад'емнай часткай і залогам паспяховага развіцця навукі. Да гэтага трэба ставіцца пазітыўна. Калі ёсць магчымасць у нашых маладых навукоўцаў папрацаваць за мяжой у суперсучасных навуковых цэнтрах на сучасным абсталяванні, паўдзельнічаць у міжнародных праектах, набрацца вопыту, а пасля вярнуцца на радзіму, то гэта толькі плюс, — адзначыў ён. — Што датычыцца заработнай платы, то мінімальны заробак у малодшага навуковага супрацоўніка без усялякіх надбавак складае каля 250 рублёў. Максімальна можна атрымаць да 2—3 тысяч беларускіх рублёў. Сярод маладых навукоўцаў такія прыклады ёсць. Каб зарабляць больш, маладыя вучоныя павінны больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародных праектах...

Прадстаўнік Нацыянальнай акадэміі навук таксама адзначыў, што жыллёвае пытанне ў акадэміі вырашаецца досыць паспяхова. «Сёння сярод аспірантаў у нас няма тых, хто мае патрэбу ў жыллі — усе яны забяспечаны месцамі ў інтэрнатах. У кандыдатаў навук, якія стварылі ўласныя сем'і, ёсць магчымасць засяліцца ў інтэрнат сямейнага тыпу — гэта практычна свае кватэры. Істотную ролю ў вырашэнні пытання адыграла і будаўніцтва арэнднага жылля, у прыватнасці жылога комплексу «Магістр», — дадаў ён.

Партрэт доктара навук

А вось з чым праблемы пакуль ёсць, дык гэта з падрыхтоўкай дактароў навук, якія потым будуць рыхтаваць кандыдатаў навук. Натуральна, што без дактароў навук не будзе і кандыдатаў...

— Я ў 1997 годзе стаў доктарам навук у 35 гадоў, а Андрэй Іванец — старшыня Савета маладых вучоных — абараніў сваю доктарскую ў 33 гады, таму ёсць сярод дактароў навук і маладыя, — пажартаваў Ігар Ганчаронак і дадаў, што амаладжэнне кадраў — гэта прынцыповае пытанне, бо навуку рухаюць наперад усё ж маладыя, з іх крэатыўным мысленнем і жыццёвымі сіламі.

«Калі ў аспірантуру і так па азначэнні ідуць маладыя людзі, то для прыходу маладых у дактарантуру трэба рабіць пэўныя захады. Мы зараз матывуем і настройваем кіраўнікоў навуковых устаноў на тое, каб яны стваралі для сваіх маладых супрацоўнікаў умовы для навучання ў дактарантуры. І суадносіны маладых і сталых людзей, якія ідуць у дактарантуру, паступова змяняюцца. Цяпер сярод дактарантаў, якія навучаюцца ў нас і рыхтуюць свае доктарскія да абароны, маладых людзей ва ўзросце да 29 гадоў каля двух працэнтаў, а ва ўзросце да 39 гадоў — больш за траціну, — канстатаваў ён.

А якая сітуацыя назіраецца ўвогуле па краіне? Загадчык аддзела планавання і прагназавання падрыхтоўкі навуковых работнікаў найвышэйшай кваліфікацыі БелІСА Анатоль СУТУРЫН прывёў наступную статыстыку: сярод тых, хто навучаецца зараз у дактарантуры, маладыя людзі ва ўзросце да 29 гадоў складаюць 0,7 працэнта, ва ўзросце ад 30 да 34 гадоў — 10 працэнтаў, 35—39 гадоў — 19,4 працэнта, 40—49 гадоў — 45,8 працэнта, 50 гадоў і старэйшыя — 24,8 працэнта. Сярэдні ўзрост дактарантаў складае 44 гады. Самы нізкі сярэдні ўзрост тых, хто навучаецца ў дактарантуры (36,7 года), зафіксаваны ў галіне медыцынскіх навук.

— Абараніць у навуцы доктарскую дысертацыю — не поле перайсці. У мяне, напрыклад, на гэта пайшло 12 гадоў. Вядома, у розных галінах навукі сітуацыя розная. Дзесьці, як у той жа сферы інфармацыйных тэхналогій ці медыцыне, усё развіваецца вельмі імкліва. Але ёсць галіны, дзе ад саіскальніка доктарскай ступені патрабуецца багаты прафесійны і жыццёвы досвед, напрыклад у педагогіцы, гісторыі, археалогіі... Для асэнсавання вынікаў часта патрабуецца час, — разважае прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль САФОНАЎ. — Безумоўна, хацелася б, каб розніца паміж абароненым кандыдатам і доктарам навук была больш істотная, я маю на ўвазе статус доктара навук, прэстыжнасць працы, яго заробак. Маладыя людзі хочуць мець усё, прычым неадкладна...

Як вядома, у ідэале кожны выпускнік аспірантуры павінен выйсці на абарону кандыдацкай або да заканчэння сваёй вучобы, або ў першы год пасля выпуску. Але так адбываецца далёка не заўсёды. І прычын на гэта шмат.

Увогуле, для таго, каб ісці ў аспірантуру і дактарантуру, павінен быць створаны навуковы зачын. Калі ісці туды «пустым», то за тры гады вучобы нічога ў навуцы здзейсніць дакладна не атрымаецца. Павінна быць стратэгія, упэўненасць у тым, што выканаеш навуковае даследаванне, напішаш дысертацыю, абаронішся... Аспірантура прызначана толькі для тых, каму ёсць куды рухацца, і гэта трэба даводзіць да моладзі. Адназначна пры такім падыходзе і ў аспірантуру, і ў дактарантуру прыйдзе менш людзей, але эфектыўнасць на выхадзе павысіцца. Вучоны — гэта «штучны тавар». Як не з кожнага можна выхаваць алімпійскага чэмпіёна, так і не кожнаму суджана стаць вучоным і здзейсніць прарыў...

У БДУ звяртаюць увагу на наступную акалічнасць: раней студэнты пасля трэцяга курса маглі залічвацца стажорамі малодшых навуковых супрацоўнікаў. Але цяпер амаль усе спецыяльнасці перайшлі на чатырохгадовы тэрмін навучання. У Белдзяржуніверсітэце, дзе, дарэчы, рыхтуецца кожны пяты аспірант у краіне, лічаць, што маладым людзям, якія сталі вельмі прагматычнымі, трэба дазволіць быць стажорамі ўжо пасля першага ці нават на першым курсе, каб яны маглі вучыцца і паралельна зарабляць на навуцы грошы.

Агульнавядома, што мала хто з навучэнцаў дзённай формы аспірантуры і дактарантуры сёння жыве за стыпендыю, усе яны або займаюцца выкладаннем, або рэалізуюць сябе ў іншых сферах. І вось тут паўстае ўжо іншая праблема: дзе знайсці час для таго, каб працаваць яшчэ і над сваёй будучай кандыдацкай ці доктарскай работай? Да таго ж зусім няпроста прайсці даволі складаную шматступеньчатую працэдуру па абароне дысертацыі з захаваннем усіх бюракратычных патрабаванняў... А калі першая спроба абароны аказваецца няўдалай, вельмі цяжка бывае адважыцца на паўторны штурм.

Курсы для навабранцаў

Андрэй Іванец паведаміў, што ў маі 2018 года ў Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе другі курс школы маладога вучонага «Вучоны пад ключ». Удзел у першым прынялі каля 70 маладых навукоўцаў, палова з іх — з Акадэміі навук.

Ён адзначыў, што мэта школы маладога вучонага — павышэнне матывацыі: «Мы пастараліся літаральна за тыдзень правесці свайго роду курс маладога байца для чалавека, які толькі прыйшоў у навуку. Расказалі, як уладкаваная навуковая сфера ў Беларусі, як працуе фінансаванне, якія створаны ўмовы для таго, каб паспяхова выбудаваць сваю навуковую кар'еру, праінфармавалі пра магчымасці грантавай падтрымкі праектаў. Акрамя таго, нашы старэйшыя калегі падзяліліся вопытам, як падрыхтаваць публікацыю высокага ўзроўню для высакарэйтынгавых замежных часопісаў, як укараніць сваю распрацоўку, як падрыхтаваць дысертацыйнае даследаванне. У перспектыве праект «Вучоны пад ключ» стане пастаянным».


У 2018 годзе плануецца стварэнне Адзінага рэестра тэм кваліфікацыйных навуковых работ (дысертацый), што выконваюцца ва ўстановах адукацыі і арганізацыях, якія рэалізуюць праграмы паслявузаўскай адукацыі. Стварэнне адзінага рэестра дазволіць не дапускаць паўтарэння тэм дысертацый, а таксама выключыць выпадкі выканання аднатыпных тэм у розных установах паслявузаўскай адукацыі. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца тэматыцы перспектыўных дысертацыйных даследаванняў, накіраваных на развіццё высокатэхналагічных вытворчасцяў, якія адносяцца да V і VІ тэхналагічных укладаў эканомікі, перш за ўсё ў галіне нанатэхналогій, біятэхналогій, касмічных тэхналогій, медыцынскай хіміі і атамнай прамысловасці.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Крэатыў плюс жыццёвыя сілы

Каментары

Мая дачка толькі што скончыла аспірантуру і атрымала размеркаванне і кантракт на 2 гады з акладам 119 руб. Так што не хлусіце пра 250 без надбавак. Дарэчы, стыпендыя аспіранта была у 2, 5 разы большая.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».

Грамадства

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Як гэта было: шчыры аповед аб усынаўленні

Алене хутка будзе 44, яна выкладае ў адным са сталічных універсітэтаў. 

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю.