Вы тут

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі


Першыя аперацыі самым малым пацыентам з арытміяй праводзяць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі беларускія ўрачы разам з вядомым расійскім дзіцячым кардыяхірургам Сяргеем Тэрмасесавым — спецыялістам Навукова-даследчага клінічнага інстытута педыятрыі імя акадэміка Ю. Я. Вельцішчава Расійскага нацыянальнага даследчага медыцынскага ўніверсітэта імя М. І. Пірагова Міністэрства аховы здароўя Расіі. Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.


Сучасны метад лячэння стаў магчымы дзякуючы з'яўленню ўнікальнага абсталявання «Сістэма электрафізіялагічная эндакардыяльная для дзяцей» коштам 600 тысяч рублёў. Медыцынская тэхніка закуплена і пастаўлена ў навукова-практычны цэнтр у межах праграмы «Развіццё дзіцячай інтэрвенцыйнай арытмалогіі ў Рэспубліцы Беларусь» Міжнароднага дабрачыннага фонду дапамогі дзецям «Шанс». Фінансавую падтрымку праграмы забяспечваюць «Газпрам трансгаз Беларусь» і «Белгазпрамбанк».

Паводле слоў дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўнага пазаштатнага дзіцячага кардыяхірурга Міністэрства аховы здароўя Беларусі Канстанціна ДРАЗДОЎСКАГА, цяпер можна выконваць аперацыі пацыентам з арытміяй — прыроджанай або набытай — значна раней за падлеткавы ўзрост, што было магчыма і дагэтуль, каб прааперыраванае дзіця магло пайсці ў школу ўжо здаровым і добра адчувала сябе пры розных нагрузках. Пакуль жа кардыяпаталогія пазбаўляе маленькіх хворых шэрагу звычайных радасцяў. Спецыялісты нездарма называюць такіх пацыентаў «дзецьмі на канапе» — з-за іх прывязанасці да дому. Бацькі так хвалююцца за стан малых, што не адпускаюць іх ад сябе ні на крок. Пры гэтым ад нараджэння маленькія пацыенты вымушаны знаходзіцца на медыкаментознай тэрапіі, якая прадухіляе развіццё новых парушэнняў. Усяго ў лісце чакання на сёння каля 400—500 беларускіх дзяцей (лічба пастаянна мяняецца: хтосьці ўжо выйшаў з дзіцячага ўзросту, а нехта тым часам нарадзіўся). З дапамогай новага абсталявання плануецца выконваць па паказаннях каля сотні аперацый у год.

Асноўнай прычынай гібелі дзяцей ранняга ўзросту застаюцца ў першую чаргу прыроджаныя парокі развіцця. Таму адкрыццё ў свой час самога РНПЦ дзіцячай хірургіі сыграла значную ролю ў зніжэнні дзіцячай смяротнасці і інваліднасці, заўважыў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый МАЛАШКА. На яго думку, сацыяльна адказны бізнес робіць магчымым аказанне меддапамогі паводле еўрапейскіх стандартаў, і, трэба спадзявацца, будуць з'яўляцца наступныя сумесныя праекты.

«Газпрам трансгаз Беларусь» і «Белгазпрамбанк» далучыліся да праектаў дабрачыннага фонду «Шанс» некалькі гадоў таму. Разам яны рэалізуюць праграмы «Ранняе выяўленне парушэнняў слыху ў дзяцей», «Удасканаленне аказання дапамогі дзецям з анкалагічнымі захворваннямі» і «Дапамога дзецям з ювенільным рэўматоідным артрытам». У наступным годзе плануецца папоўніць асноўны модуль абсталявання ў цэнтры дзіцячай хірургіі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: У сэрца — новы рытм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».