Вы тут

Як выбраць вясельную прычоску?


Як вядома, восень — час вяселляў. Але ж толькі ў ружовых мроях і галівудскіх фільмах падрыхтоўка да замужжа — вясёлы і бесклапотны перыяд. Насамрэч той яшчэ стрэс! Без валер'янкі не справіцца! Паспрабуйце хаця б знайсці "ідэальную" вясельную сукенку, а да яе падабраць яшчэ і вэлюм, туфлі, упрыгажэнні, букет... Асобнымі пунктамі значацца макіяж, манікюр і прычоска.


Наш эксперт — цырульнік Алег НАВІНСКІ. Майстар гатовы дапамагчы парадамі прыгажуням, якія вось-вось пойдуць пад вянец, і падказаць, на якой вясельнай прычосцы засяродзіць увагу гэтай восенню і зімой.

Пучок

Нягледзячы на з'яўленне розных вясельных тэндэнцый у прычосках, класічны і элегантны вобраз — бяспройгрышны варыянт, які заўсёды будзе ў модзе, надаючы нявесце асаблівую вытанчанасць і жаноцкасць. Знаёмы ўсім пучок — на піку папулярнасці. Такая прычоска падыдзе дзяўчатам з доўгімі валасамі, якія хочуць выглядаць бездакорна ў свой асаблівы дзень. Пучок можа быць нізкім (такі варыянт будзе добры ў спалучэнні са струменістай сукенкай) ці высокім (файна выглядае з пышнай сукенкай).  Можа быць злёгку нядбайным — калі хочацца ўнесці ў вобраз рамантычную нотку. Выбар за вамі!

Косы і пляценні

Фота: mbdj.ru

Пачынаючы з мінулага года, на прыгажунях-нявестах усё часцей можна заўважыць косы розных пляценняў. Галоўнае, каб каса не была простай. Вітаюцца варыянты ўкладкі са спалучэннем аслабленых пасмаў, спіральных завіткоў, кучараў.

Прыгожа і смела выглядае каса-карона. Складаецца няхітрая прычоска з дзвюх косак, якія трэба завярнуць у розныя бакі і замацаваць заколкамі.

Падабаюцца эксперыменты і смелыя ідэі? Можаце паспрабаваць распусціць накручаныя валасы і заплесці пару косак (ці змацаваць іх на макушцы). Гэта прычоскі ў этнастылі — боха-шык.

Хвосцік

Дзяўчаты даўно звыкліся з хвосцікамі. Прычоска лічыцца зручнай і паўсядзённай. Але сёння такі варыянт можа стаць ідэальным рашэннем для вясельнага вобраза,  не саступаючы пазіцый складаным і мудрагелістым пляценням. Хвосцік акампануе класічным вясельным сукенкам. Вытанчаны варыянт: кучаравыя, злёгку зачэсаныя назад пасмы.

Сабраць іх разам і замацаваць лепш збоку. Больш гламурна і строга будзе выглядаць гладкі лаканічны хвост, які можна зрабіць і нізка, і высока. Фантазію можна смела праявіць і каля  асновы прычоскі: хвост можна абгарнуць пасмамі валасоў; зрабіць валасы наверсе як гладкімі, так і хвалістымі або нядбайна растрапанымі; можна камбінаваць хвост з косамі, жгутамі і іншымі відамі пляцення. Адным словам,  прычоска на самай справе не такая простая і паўсядзённая, як многім падаецца.

Хвалі

Фота: аvrorra.com

Мяккія хвалі прыдадуць вашаму вобразу нотку галівудскага шыку. Гэта класіка, якая ніколі не выйдзе з моды. Свабодныя хвалістыя пасмы — самая папулярная прычоска ў кіназорак, што выходзяць на чырвоныя дарожкі. Вы ж таксама хочаце скарыць сваім зорным выглядам шматлікіх гасцей вашага вяселля? Нават калі ўсе грошы "вылецелі" на сукенку, туфлі ды іншыя жаночыя штучкі — не хвалюйцеся. Зрабіць прычоску з хвалямі нескладана і дома. Існуе шмат спосабаў з выкарыстаннем бігудзі, заколак, плойкі. Трэба толькі запасціся цярпеннем.


Важна

У большасці выпадкаў дзяўчаты ідуць да прафесійнага цырульніка-стыліста. Але забываюцца пра "генеральны прагон". За 2-3 месяцы да вашай галоўнай падзеі абавязкова наведайцеся да майстра. Ён ацэніць стан вашых валасоў, параіць, як прывесці іх у належны выгляд. Акрамя таго, трэба абмеркаваць варыянты ўкладкі. Бо можа здарыцца, што прыгожую прычоску з вокладкі моднага часопіса зрабіць з вашых валасоў немагчыма, альбо яна зусім не пасуе да вашага твару. Згадзіцеся, даведацца пра гэта ў самы апошні момант было б вельмі непрыемнай неспадзяванкай. Цырульнік зробіць пробны варыянт святочнай прычоскі, параіць, якімі аксэсуарамі яе лепш упрыгожыць. А таксама скажа, колькі насамрэч часу спатрэбіцца на ўсю гэтую прыгажосць. Вы ж помніце, што ў мітуслівы дзень вясельнага перапалоху дарагая кожная хвілінка!

Хрысціна ХІЛЬКО

Працяг матэрыяла чытайце ў лістападаўскім нумары "Алесі"

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры у творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.