Вы тут

Як правільна перакласці на беларускую мову слова «впечатляющий»?


«Падчас «Лістапада» мы з сяброўкамі хадзілі ў кіно, абмяркоўвалі асобныя стужкі і нечакана для сябе высветлілі, што не ведаем, як правільна перакласці на беларускую мову слова «впечатляющий», — піша Алена С. з Мінска.

У іншым лісце, ад спадара Кахановіча з Маладзечна, чытаем: «Рускае слова сейчас перакладаецца як зараз, цяпер і адразу. Растлумачце, калі ласка, розніцу ў выкарыстанні гэтых слоў, бо, на мой погляд, іх часта блытаюць: гавораць і пішуць няправільна».

Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.


1. Пры перакладзе на беларускую мову рускага прыметніка впечатляющий можна сутыкнуцца з праблемай выбару сярод некалькіх паронімаў (слоў, што маюць падобныя форму і гучанне, але адрозніваюцца сэнсам). У нашым выпадку гэта ўражальны, уражаны, уражлівы і ўразлівы. Уражальны — той, які ўражвае: уражальнае выступленне. Уражаным можа быць той, каго нечым уразілі: уражаны цудоўным выступленнем глядач. Уражлівым называюць вельмі чулага, чуллівага чалавека, які лёгка паддаецца ўражанням: у дзяцінстве ён быў вельмі ўражлівы. Уразлівы — той, каго лёгка закрануць, пакрыўдзіць. Прыметнік уразлівы адрозніваецца ад уражлівага яшчэ тым, што ён можа адносіцца не толькі да чалавека. Напрыклад, можна сказаць «Ён меў уразлівае сэрца».

Такім чынам, пераходзячы непасрэдна да пытання пра кіно, скажам, што фільм можа быць менавіта ўражальным.


2. У многіх, хто гаворыць і піша па-беларуску, і сапраўды ўзнікае праблема з перакладам рускага сейчас: для іх адказ адназначны — зараз. Аднак не ўсё так проста. Чуйна ставіцца да выбару паміж двума словамі — цяпер і зараз заклікаў яшчэ пісьменнік Лукаш Калюга ў першай палове мінулага стагоддзя. Сёння пашыраецца меркаванне, што цяпер трэба ўжываць менавіта для цяперашняга часу, а зараз — для будучага. Цяпер, напрыклад, восень, а зараз — вось-вось, азірнуцца не паспееш — агорне зіма.

У выразе тут і цяпер лепш ужываць менавіта цяпер.

Калі ж рускае сейчас абазначае «з першага погляду», «у той жа момант», то на беларускую мову яно перакладаецца словам адразу. Чытайма: я сейчас же понял, что происходит, — я адразу ж зразумеў, што адбываецца.

У рускамоўнай гаворцы можна часам пачуць фразу накшталт «Я сейчас поговорила с Димой».

У гэтым выпадку сейчас паясняе дзеянне, якое адбылося зусім нядаўна, і перакладацца яно павінна словамі толькі што: «Я толькі што пагаварыла з Дзімам».


...З Вільні мы атрымалі ліст ад нашага чытача, якога бянтэжыць ужыванне ў газеце назоўніка намеснік у дачыненні да жанчын. Не так даўно, у нумары ад 1 верасня, мы закраналі гэтую тэму. Таму сёння адзначым, што супраць формы намесніца мы, вядома ж, нічога не маем. Але ў сувязі з тым, што дырэктара-жанчыну ў газетных тэкстах мы называем менавіта дырэктар (бо гэта ўсталяваная назва пасады), то гэткі ж падыход лагічны і ў дачыненні да яе намеснікаў — яшчэ і з ліку жанчын.


У абарону слоў

У няласку апошнім часам трапіла вельмі патрэбнае слова чайнік: маўляў, няма ў нашай мове слова чай, таму не павінна быць чайніка. Той, хто гэта сцвярджае, вельмі памыляецца: ёсць у нас як вядомая ўсім гарбата, так і чай, а з ім — і чайная, і чайнік, і чайніца. Іх фіксуюць слоўнікі, яны ўжываюцца ў літаратуры.

Прапануецца чайнік называць імбрыкам, імбрычкам. Але гэта не адно і тое ж: у імбрыку, або імбрычку, чай ды гарбату заварваюць, а ў чайніку звычайным проста гатуюць ваду.

Загаловак у газеце: Час піць чай. З чайніка?

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.