Вы тут

З нізкім паклонам...


Горад, дзень, час перакусу: у невялічкай крамцы на сталічным праспекце мы замаўляем каву. Пакуль яна варыцца, услых выбіраем печыва: пытаем у «гаспадынь», што ў іх свяжэйшае, што смачнейшае, дзе меней цукру? Тыя адказваюць, падаюць, прадаюць.

— А вы везде разговариваете по-белорусски? — цікавіцца нарэшце адна.

Адказваць на гэта пытанне ўсур'ёз неяк не выпадае. Тады жартам:

— А што, — крадком азіраемся па баках, — у вас нельга?

— Можна, ну чаму ж гэта не?! — «дазваляюць» жанчыны. — Нам так цікава паслухаць!..

Як нам... паразмаўляць?


Перад выбарам

«Калі хочаш быць здароў, не хадзі да дактароў», — часта паўтарае Паўлавіч і сапраўды не ходзіць. А вось суседу «хуткую» выклікаў.

Прыгожыя «дзяўчаты» прыехалі, памералі ціск, «ушпілілі» ўкол, параілі лекі.

— А можа, па сто грамаў лепш прымаць? — з усмешкай спытаў сусед.

— Гэта не выйсце, — сказала дакторка, — бо вып'еце — ціск спачатку панізіцца, але хутка павысіцца зноў.

— А калі не даць яму павысіцца — калі зноў выпіць?

— Ну, тады ўжо на выбар — ці жыць, ці піць.

...А хацелася б — кампрамісу.


Першы тост

Дзе служба, дзе дружба, каханне, размеркаванне, пошукі лепшай долі... Парассыпала людзей па свеце. А ў выніку — дзед Валя тут, у Беларусі, а сёстры яго (амаль такія ж нямоглыя) — за тысячы вёрст. І не дабрацца ўжо — ні ім, ні яму, не абняць, не падтрымаць у горы: цягнікі ідуць з перасадкай, самалётаў няма. Адзінае...

На святы дачка з сям'ёй прыязджала, унук планшэт свой прывёз, арганізаваў радні размову па скайпе.

Адвялі душу: пагутарылі, паглядзелі адзін на аднаго, пабачылі, як хто жыве...

А ўжо потым, пад уражаннем, можна было і кілішкі падняць.

— Ну, за стагоддзе рэвалюцыі? — як заўсёды ў кастрычніцкае свята, прапанаваў быў зяць.

Цесць, былы камуніст, трохі памаўчаў, падумаў:

— Не, — сказаў, — давай за інтэрнэт!


Урок для настаўніка

«Дачушка, уставай, табе ў школу пара... Уставай, а то спознішся... Дачушка, ну які ты прыклад падасі? Ты ж дырэктар...»

А, здаецца ж, зусім нядаўна маладым спецыялістам была, дрэнныя адзнакі ставіць баялася, на неслухаў голас павышаць... «Ой, дзеўка, глядзі, — павучалі яе калегі, — распусціш дзяцей — наплачашся: на галаву пасядуць — не ўкіруеш тады. З імі строга трэба».

«І сапраўды, — у думках згаджалася настаўніца. — Два дні прашу, каб новыя сшыткі прынеслі. Не чуюць...»

Таму ўжо на трэці яна сказала:

— Усё, больш паўтараць не буду: заўтра — кроў з носа — усім прынесці новыя сшыткі. Хто забудзецца, пойдзе дамоў. Усе запомнілі? Усе зразумелі?

— Так, — дружна зашумелі вучні. І не падманулі: сапраўды запомнілі (было б там што?) і зразумелі, але кожны па-свойму. Ва ўсякім разе, адзін з малых прыйшоў дамоў у слязах.

— Што здарылася? Чаго ты плачаш? — устрывожана спытала матуля.

— Я сёння «дамашку» не зраблю, — паскардзіўся сын.

— Гэта чаму ж?

— А нам на заўтра настаўніца загадала, каб сшыткі прынеслі і кроў з носа. А я свой нос разбіваць не хачу.

...Напамін для настаўніцы: «Нам не дано предугадать, как наше слово отзовется...»

І ён жа — урок.


Рэха

Факт (толькі адзін): у ноч на 30 кастрычніка 1937-га ў Мінску ў так званай амерыканцы (у сутарэннях унутранай турмы НКВД) расстралялі 130 дзеячаў культуры, у тым ліку паэтаў Алеся Дудара, Юрку Лявоннага, Валеры Маракова, Сяргея Мурзо, Міхася Чарота, Ізі Харыка...

Жонку яго, Дзіну, арыштавалі таксама — з фармулёўкай «член сям'і здрадніка радзімы».

Сыноў (большаму тры гадкі, меншаму — няпоўныя два) як дзяцей таго самага ворага адправілі ў дзетдом, да ўсяго змяніўшы ім прозвішча... А таму іх маці, цудам выжыўшы ў лагерах і вярнуўшыся дамоў, дзе і як ні шукала, а знайсці хлапчукоў не змагла. Ёй казалі, што яны, малыя, пэўна ж, загінулі.

І яна... верыла (ці рабіла выгляд), бо не ведала, як жыць, калі думаць іначай.


Сумная песня

Дома, за сталом у Таццяны з Іванам можна спяваць пра ўсё. Ну ці амаль... Бо ёсць адна забарона. Прычым песня, здавалася б, зусім бяскрыўдная. Называецца «Трава ля дома». Помніце: «Зямляне» спявалі, што сніцца яна...

Івану таксама — то сніцца, то ўспамінаецца — як падчас «развітога сацыялізму» катастрафічна не хапала гэтай травы, бо ў іх вёсцы на 350 двароў кароў было не меней. Ды яшчэ і калгасныя есці хацелі. Таму кожнай сям'і даводзіўся план: дзве тоны сена дзе хочаш бяры, але на ферму здай (пра сваю карміліцу падумаеш потым).

А хацелася ж раней: каб лепшай травы, ну хоць копку...

Ноччу хадзілі касіць, сушыць, вазіць...

А назаўтра, здаралася, прыходзіў брыгадзір ці нехта з камісіі па нарыхтоўцы кармоў, адчыняў гумно, строга пытаўся: «Што гэта? Мігам вязі на ферму!»

І нічога тады не заставалася: вёз чалавек. Горш за тое — пад суд ішоў, калі правяральшчык ідэйны ці непітушчы быў...

З іншымі — трохі прасцей, бо яны смела ішлі ў хату, садзіліся за стол і ўжо тады, «заліўшы» вочы, не хадзілі ў гумно. А значыць, сям'я карысталася момантам: ездзіла нарыхтоўваць сена і крадком вазіла дамоў.

...Падросшы, Іван з сястрой чакалі яго на тарпе.

Дагэтуль у памяці — як слухалі цішыню, каб злавіць у ёй скрып калёс, як узіраліся ўдалеч, каб убачыць воз, як упохапкі прымалі сена, як стараліся найхутчэй утаптаць...

А галоўнае, як жа ім, піянерам з атрада Паўліка Марозава, было страшна і сорамна. Бо атрымлівалася, што дапамагаюць хапугам-бацькам у той час, як Паўлік...

Цяпер у Іванавай вёсцы кароў з 20, можа, ёсць, а можа, і няма. А вось травы — ля дома, за домам, на поплаве, на лузе — непачаты край: хоць гаць гаці, хоць рэкі прудзі, хоць вазамі вазі... Няма каму.

...Дома, за сталом у Таццяны з Іванам, можна спяваць пра ўсё. Апроч «Травы...»


Злачынства і пакаранне

Гэта праўда: разумны — запісвае, дурань — запамінае.

І, здавалася ж, вельмі старанна: ва ўсякім разе спачатку ў памяці былі і месца дзеяння, і абставіны, і дэталі, і безліч думак з нагоды...

Што засталося?

Крыміналісты даследавалі цела аднаго з самазабойцаў і нечакана высветлілі, што некалі менавіта ён згвалтаваў і задушыў сямігадовае дзіця.

...І потым вось з гэтым жыў: хадзіў па волі, па зямлі, бачыўся са сваімі роднымі, еў, спаў, недзе працаваў.

А ўрэшце...

Сам сабе вынес пакаранне. Сам выканаў прысуд. Ён.


Нямая сцэна

На постсавецкай прасторы з гэтай вялікай яўрэйскай сям'і не засталося амаль нікога, параз'язджаліся ўсе ў розныя часы і ў розныя краіны: у Ізраіль, Канаду, Амерыку. Адзін апынуўся ў Румыніі, але ж таксама не адарваўся ад сваёй радні, хутчэй наадварот — з усімі падтрымліваў сувязь, а ўрэшце — сабраў. Хоць на тыдзень. Разам.

У першы ж дзень у сінагогу павёў — яшчэ і з экскурсіяй.

— Ці ёсць у групе не яўрэі? — перад уваходам спытаў экскурсавод.

Усе павярнулі галовы ў бок адзінай беларускі.

— Ёсць... Я, — ледзь чутна прамовіла тая, забаяўшыся, што яе ў храм не пусцяць.

Аказалася, якраз наадварот: гід яе галантна прапускаў наперад:

— Калі ласка, праходзьце. Для вас — бясплатна.

— ?!


Мяняюцца часы...

Перад выхаднымі (тымі, тры дні — з пераносамі) да Сашы электрык заходзіў — разетку мяняць.

— Нешта вы пазнавата? — здзівіўся гаспадар, адчыняючы дзверы. — Ужо амаль шэсць вечара... Пад лозунгам працуеце: «Стагоддзю рэвалюцыі — ударная праца!»?

— Якому стагоддзю? — не зразумеў
хлапец.

— Ды звычайнаму: з кастрычніка 1917-га.

— А што тады было?

...Калегі-журналісты, каб нагадаць гісторыю ды імёны яе стваральнікаў, у Лёзне адшукалі Уладзіміра Ульянава, у Мінску — Надзею Крупскую.

Тыя і расказалі, што ўвагі на іх прозвішчы ўжо амаль ніхто не звяртае.

Іншыя часы, трэба разумець, іншыя героі.


З нізкім паклонам...

...Нельга сказаць, што стол на рабоце завалены паперамі, але ж для чайніка месца няма — на падлозе стаіць, на адмысловай падставачцы. Прынёс яе...

Ні імені, ні прозвішча, ні твару таго чалавека ўжо не помню. А вось лёс...

Дзетдомавец, ён скончыў сямігодку, потым — так званую фабзайню (вучылішча будаўнікоў) і вячэрні інстытут, працаваў прарабам, разам з жонкай выхаваў і вывеў у людзі дваіх дзяцей.

Сын — шкада — там не затрымаўся: з-за гарэлкі страціў сям'ю, потым работу, а ўрэшце і само жыццё, прычым не толькі сваё, бо пахаваўшы яго — маладога, прыгожага, — маці кранулася розумам, і бацьку — літаральна — давялося «пасвіць» яе, глядзець, як малое дзіця, бо тая рвала адзенне, лезла ў вокны (пяты паверх), сунула рукі ў агонь, ела вазоны...

Іншымі словамі, жыў чалавек, калі жонка спала ці яе ж нейкую гадзіну-другую глядзела дачка. І тады ўжо ён «адрываўся», адводзіў душу — нешта майстраваў. Найбольш любіў вось гэтыя падставачкі...

Нагінаюся штораз, каб паставіць чайнік і тым самым нізка пакланіцца чалавеку, імя якога, на жаль, не помню.


Спроба верша

Жоўтае лісце бяроз —

На зямлі,

На маленькай ялінцы...

Каляды

не за гарамі.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».